Рэжым дня для прынцэсы

Источник материала:  

Пад'ём у 7.00. Адбой у 21.30. Паміж гэтым — час, які адведзены на вучобу, працу, асабістыя справы. З раніцы да вечара, дзень за днём, месяц за месяцам. Можна сказаць, і год за годам, бо адным "прынцэсам" толькі адзінаццаць гадоў, другім — ужо пад васемнаццаць. Выхаванцы менавіта такога ўзросту папаўняюць строй у Петрыкаўскім дзяржаўным спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці для дзяўчат.

Рэжым дня для прынцэсыПапаўняюць строй — гэта не ў пераносным сэнсе. Дзень пачынаецца менавіта ў страі, перад якім абвяшчаюць неабходную інфармацыю, кагосьці віншуюць з днём нараджэння, камусьці выносяць заўвагу, звяртаюць увагу на знешні выгляд. Быццам бы як у звычайным піянерлагеры, толькі вось выхавацелі тут з вялікім вопытам вельмі спецыфічнай педагагічнай працы.

— Слёзы выступаюць, калі бачыш, як некаторыя з гэтых дзетак упершыню ўсведамляюць, што пасцельная бялізна мяняецца на чыстую кожны тыдзень, што кожны тут мае свой рушнік, зубную шчотку, што снедаюць свежапрыгатаванай ежай, — кажа намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Святлана Занкевіч. — У абсалютнай большасці выпадкаў за гэтай трагедыяй маленькага чалавека стаяць самі бацькі. Гэта яны не сталі для малых станоўчым прыкладам, не заўважылі, што дзеці бавяць час у сумніўных кампаніях, далучаюцца да усіх парокаў дарослых. Такіх падлеткаў пасля шэрагу здзейсненых імі правапарушэнняў па вырашэнні суда накіроўваюць у наша вучылішча. Зразумела, ім тут жыць лепей, чым у няхай сабе бацькоўскім, але часам небяспечным доме. Толькі вось дзіця ўсё адно чакае сустрэчы з тымі ж бацькамі ці сябрамі, даруючы ім і спадзеючыся.

Такія сустрэчы, па правілах тутэйшага жыцця, трэба заслужыць. Дарэчы, як і многае іншае — турпаходы, паездкі на экскурсіі, наведванні кінатэатра. Заслужыць — гэта выдатна паводзіць сябе і мець за гэта своеасаблівы "банк" балаў, якія заносяцца ў сшытак абранага старасты і вядомы ўсім. Што казаць, некаторым падлеткам спачатку даволі цяжка назбіраць за месяц пяць — шэсць соцень такіх жаданых балаў.

Рэжым дня для прынцэсыАдкуль жа бяруцца гэтыя штодзённыя станоўчыя адзнакі? З самой філасофіі выхавання (дакладней казаць перавыхавання) — рабі толькі добра і добрае. Разам з дырэктарам вучылішча Аляксандрам Алісейкам мы прайшлі па памяшканнях для вучобы, авалодвання прафесіяй, паглядзелі ўтульныя спальні. Дарэчы, парадак тут паўсюдна, але менавіта ў спальнях заўважаеш яго найвышэйшы стан. Зразумела, імкненне да ўладкаванасці ўласнага побыту не пакідае чалавека нават у казённай абстаноўцы.

— Ведаеце, чаго больш за іншае не хапае нашым малым падапечным? — пытае дырэктар. — Таго ж, чаго і многім дарослым. Не хапае ведання хрысціянскай маралі, знаёмства з яе каштоўнасцямі. У вучылішча часта прыходзіць мясцовы праваслаўны святар. Для сустрэч з ім аддалі адзін з вучэбных кабінетаў, аформілі адпаведна, сабралі там літаратуру, фотаздымкі.

З усяго ўбачанага ў вучылішчы найбольш выразна запомнілася наступнае — перад дзяўчатамі выступаў заслужаны артыст Генадзь Забара, выдатнейшы кларнетыст. Зала слухала музыку Моцарта не проста ўважліва — дзеці былі ашаломленыя: на сустрэчы з прыгожым жыццё абдзяліла іх таксама, як і на шмат што іншае.

Рэжым дня для прынцэсыІ яшчэ адно дагэтуль узгадваю: бялявая дзяўчынка задуменна трымала ў руках самаробную ляльку, апранутую ў белыя строі (такія цацкі тут майструюць на выставу прыкладнога мастацтва, старанна ўпрыгожваюць іх, як маладых ці як прынцэс). Не трэба было ні пра што пытацца, было зразумела: сама дзяўчынка марыць пра тую раніцу, калі замест камуфляжнага касцюма, які ўжо стаў звычным, яна апране такую ж прыгожую белую сукенку.

Яўген Пясецкі.

<І>(У гэта вучылішча я завітаў разам з удзельнікамі міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі "Дарога да Святыняў". Знаёмствы і размовы з выхаванцамі былі прыязнымі, шчырымі. На развітанне дзяўчаты папрасілі не прыводзіць у газеце іх прозвішчаў. Наконт імёнаў не пярэчылі, маўляў, называйце ўсіх. Магчыма, не хацелі лішні раз непакоіць сваіх родных) . 

←Похищен владелец холдинга "Инком-авто"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика