КРЫМІНАЛ

Источник материала:  
У Маскоўскім раёне затрыманы махляр

Супрацоўнікі сталічнай міліцыі затрымалі ў Маскоўскім раёне 32-гадовага мінчаніна па падазрэнні ў махлярстве.

Як расказалі ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама, затрыманы раней ужо меў канфлікт з законам, але належных высноў не зрабіў. Раздабыўшы падробленае пасведчанне інспектара пажарнага нагляду на імя В.Г. Скулаўца, ён зноў узяўся за прывычнае рамяство. Свежаспечаны "інспектар" прыходзіў ва ўстановы Маскоўскага раёна, правяраў наяўнасць вогнетушыцеляў, а пасля таго як пераконваўся ў іх адсутнасці альбо парушэнні тэрміну эксплуатацыі, прапаноўваў свае паслугі па іх набыцці па цане 50 тыс. рублёў за адзінку. Махляр наведваў арганізацыі ў цывільным адзенні, грошы за вогнетушыцелі браў на месцы, а потым яго ніхто больш не бачыў. Падманутыя работнікі арганізацый пачалі званіць у раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе ім паведамілі, што супрацоўнік пад такім прозвішчам там ніколі не значыўся.

Пакуль вызначылі 8 арганізацый, дзе затрыманы атрымліваў грошы за вогнетушыцелі.

Андрэй ПЯТРОЎ, "Мінск—Навіны".

Дзяўчаты дырэктара абакралі

У Віцебску дырэктар прыватнай фірмы паведаміў у міліцыю, што дзве малазнаёмыя яму дзяўчыны ўдзень, калі былі ў яго ў гасцях, скралі тэлевізар, ноўтбук, мадэм. Страту 41-гадовы бізнэсмен ацаніў на суму больш за 4,7 мільёна рублёў.

Міліцыянеры ўстанавілі, што злачынства ўчынілі дзве беспрацоўныя, 22-гадовая і 32- гадовая, раней судзімая за крадзеж. Чаму госці так пакрыўдзілі гаспадара, будзе ўстаноўлена следствам.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

"Опель" на дваіх

Месцам знаёмства двух жыхароў Жлобіна стала камера следчага ізалятара, дзе яны чакалі суда за крадзяжы.

У паслужным спісе кожнага з маладых людзей (22 і 24 гады) — з малалецтва па пяць "ходак". У канцы чэрвеня яны былі чарговы раз асуджаны — без накіравання ў месцы пазбаўлення волі. Але ж высновы яны зрабілі свае — працягвалі выкрадаць ці аўтамабілі, ці хаця б магнітолы з іх. Як расказалі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, адну з машын паспрабавалі перагнаць пад Бабруйск, дзе планавалі прадаць. Праўда, не змаглі даехаць — абламаліся. Некаторыя з выкрадзеных машын хавалі, каб рэалізаваць праз нейкі час. Кола вакол іх пачало сціскацца — і аўтазладзеі не з'яўляліся дадому, начавалі ў выкрадзеных аўто. Калі міліцыянеры іх нарэшце акружылі, маладыя людзі паспрабавалі чарговы раз уцячы з крадзенага "Опеля". Праўда, атрымалася недалёка. Цяпер злачынцы зноў у наручніках і зноў у чаканні суда. Аператыўнікі мяркуюць, што выпадкаў крадзяжоў машын і аўтамагнітол з транспартных сродкаў на іх сумленні куды больш, чым чатыры дакладна вызначаныя. А "Опель" яны так любілі таму, што ў аднаго са злодзеяў былі ключы, якія падыходзілі да гэтай маркі машыны.

Тры скелеты

амаль адначасова знайшлі на Гомельшчыне.

Прычым два — падчас бурэння розных свідравін у вёсцы Бабовічы Гомельскага раёна. Яшчэ адны астанкі чалавечага цела з рэшткамі вопраткі знойдзены ў лясным масіве каля вёскі Балажэнічы Мазырскага раёна. Цяпер па ўсіх гэтых фактах пракуратурай праводзіцца праверка.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Будаўнікі знайшлі арсенал

Будаўнікі Слонімскага таварыства з дадатковай адказнасцю "Тэхбуд" праводзілі рамонт даху на тэхнічным паверсе трэцяга пад'езда дома № 46 на вуліцы Яршова і знайшлі падсумак. У гэтым падсумку аказаўся 141 патрон калібру 7,62 мм, а таксама пакет, у якім знаходзіліся электрадэтанатары ЭДП у колькасці 119 штук, 35 капсулаў-дэтанатараў і 7 метраў вогнеправоднага шнура.

Як стала потым вядома — увесь гэты арсенал зброі належаў жыхару Украіны, які раней жыў у гэтым доме. Але 15 гадоў таму ён выехаў ва Украіну і больш не вярнуўся.

Для экспертызы было ўзята 10 патронаў. Астатнія боепрыпасы знішчаны на палігоне каля вёскі Чапялёва Слонімскага раёна.

Сяргей ЧЫГРЫН.

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика