"ЗАГС сам можа запрасіць з архіваў звесткі, якія датычаць нацыянальнасці бацькоў дзіцяці"

Источник материала:  

Як памятаюць людзі старэйшага пакалення, у колішніх пашпартах грамадзяніна СССР была абавязковая графа "Нацыянальнасць". У цяперашнім галоўным дакуменце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, як мы ведаем, яна адсутнічае. А цяпер уявіце сітуацыю. У сям'і нарадзілася дзіця. Муж і жонка розных нацыянальнасцяў: ён — беларус (або, напрыклад, паляк), яна — руская (украінка). Якую нацыянальную прыналежнасць яны могуць пазначыць у дакументах дзіцяці і, галоўнае, чым свой выбар змогуць пацвердзіць? Як было сказана вышэй, у іх уласных пашпартах няма адзнакі адносна нацыянальнасці. Самі бацькі — грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

— У нацыянальным пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і цяпер можна рабіць адзнаку пра нацыянальнасць яго ўладальніка, — сказаў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей БЯГУН. — Робіцца гэта па заяве самога грамадзяніна, адпаведная адзнака ставіцца ў дакуменце на старонцы "Асаблівыя адзнакі".

Але як быць, калі ў свой час чалавек не зрабіў гэтага? Як патлумачылі рэдакцыі ў Міністэрстве юстыцыі, гэтыя і падобныя выпадкі рэгламентуе пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2005 года №1454 "Аб парадку арганізацыі працы з грамадзянамі ў органах, што рэгіструюць акты грамадзянскага стану, па выдачы даведак або іншых дакументаў, якія ўтрымліваюць пацверджанне фактаў, што маюць юрыдычную сілу".

— У прыватнасці, трэба кіравацца пунктам 21 вышэйназванай пастановы, — гаворыць вядучы спецыяліст упраўлення па натарыяту і загсам міністэрства Алена ШАЎЧОНАК. — Там гаворыцца, што калі пры рэгістрацыі нараджэння заяўнік выказвае жаданне ўказаць нацыянальную прыналежнасць бацькоў, дык у запісе акта аб нараджэнні дзіцяці нацыянальнасць бацькоў — грамадзян Рэспублікі Беларусь — указваецца ў адпаведнасці з нацыянальнасцю, указанай у пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Калі ж, як у нашым выпадку, у пашпартах бацькоў дзіцяці адсутнічаюць звесткі пра іх нацыянальную прыналежнасць, апошняя можа быць вызначана ў адпаведнасці з іх запісамі актаў аб нараджэнні або пасведчаннямі аб нараджэнні. Калі ў запісах актаў (пасведчанняў аб нараджэнні) бацькоў дзіцяці ўказаныя розныя нацыянальнасці, звесткі пра нацыянальнасць бацькоў дзіцяці ўносяцца па вусным указанні асобы, што зрабіла заяву пра нараджэнне. Калі грамадзяне пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці не хочуць указваць нацыянальную прыналежнасць бацькоў дзіцяці, у графе "Нацыянальнасць" запісу акта аб нараджэнні і пасведчання аб нараджэнні робіцца запіс: "Звесткі не прадастаўлены". У далейшым, пры жаданні, іх можна ўдакладніць. Парадак унясення звестак аб нацыянальнай прыналежнасці бацькоў у запіс акта аб нараджэнні дзіцяці і пасведчання аб нараджэнні павінен быць растлумачаны адказнай асобай органа ЗАГС заяўніку або заяўнікам да здзяйснення ўказанага запісу акта.

Такім чынам, нават калі няма адзнакі адносна нацыянальнасцяў бацькоў у іх пашпартах, гэтыя звесткі могуць быць (пры ўмове, што некалі яны былі прадастаўленыя) у акце аб нараджэнні (які складаецца органамі ЗАГС у двух экземплярах, адзін з якіх застаецца ў ЗАГСе, другі — перадаецца ў архіў), на падставе якога ўжо бацькам выпісваецца пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, расказала далей Алена Уладзіміраўна. Таму праз органы ЗАГС патрэбнае можна адшукаць заўсёды, нават калі той канкрэтны ЗАГС, які склаў некалі акт аб нараджэнні, ужо не захаваўся па нейкіх прычынах. У такіх выпадках самі органы ЗАГС могуць рабіць адпаведныя запыты ў архівы, куды б яны не былі перададзеныя.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика