Цераз парог — па ручніку

Источник материала:  

П а р о г — гэта своеасаблівая мяжа паміж мінулым і будучыняй, гэта зона радаводнай памяці, мажліва, старажытная зона пахавання продкаў, або месца, куды закопвалі ахвяру дамавіку (часцей за ўсё — пеўня) на пачатку будаўніцтва новай хаты. Пераступіць гэту мяжу азначала толькі адно: перайсці ў новае жыццё, умацаваць новыя сацыяльныя стасункі.

  Маладых сустракалі перад парогам невыпадкова. Праз спецыяльную сістэму абрадавых дзеянняў ім паказвалі, што дашлюбнае жыццё засталося перад парогам, за ім жа пачыналася прынцыпова іншая жыццёвая дарога.

  Каб абсалютна выключыць магчымасць нечаканага, выпадковага дотыку да табуіраванай зоны, жаніх браў маладую на рукі і пераносіў цераз парог. Але перад гэтым яго бабуля цераз той самы парог павінна была палажыць чырвона-белы ручнік такім чынам, каб чырвоныя канцы апынуліся перад і за парогам, а непасрэдна над ім ляжала белая частка ручніка.

  Малады станавіўся на чырвонае поле, браў маладую на рукі, пераносіў яе над недатыкальнай зонай, маркіраванай белым колерам, і станавіўся на процілеглае поле чырвані.

  Лагічным працягам пераходу маладых у новае — пасляшлюбнае — жыццё з'яўляецца даволі позні па паходжанні абрад вянчання маладых у храме, падчас якога і жаніх, і нявеста стаяць зноў-такі на сярэдняй — белай — частцы ручніка.

  Пасля таго, як маладыя ўвайшлі ў хату, яны па сонцы (злева направа) ішлі за вясельны стол у чырвоны кут (зона гаспадароў) хаты і садзіліся пад абразамі. І тут усё невыпадкова. Абраз — сімвал вечнасці — абавязкова пакрыты ручніком, арнамент якога мае тую ж самую трохчастковую кампазіцыю. Зноў глядзім уважліва: сімвал вечнасці пакрыты белым полем, ніжэй звісаюць чырвоныя канцы, на якіх вышыты маладыя пеўні. Тая ж "трыумфальная арка вечнасці" (падкова шчасця) звязвала "маладых пеўняў", якім доўжыць справу бацькоў у гэтай хаце!

Аксана Катовіч, Янка КРУК.

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика