Куды знікла грэчка з беларускіх крамаў?

Источник материала:  

Крупы з'явяцца, але па новых цэнах

Другі тыдзень, як з паліц нашых магазінаў знікла грэчка. Яшчэ на мінулым тыдні чыноўнікі запэўнівалі, што ў крамах дзе-нідзе яна ёсць. У выхадныя мы імкнуліся пашукаць стратэгічны прадукт на сталічных прылаўках. У маім мікрараёне "Захад-3" тры вялізныя ўніверсамы — "Талін", "Нарач" і "Гродна". "Грэчку не завозілі", — тлумачыць мне прадаўшчыца, якая акуратна выстаўляе на паліцы пакеты з рысам. "Дзе ж яна падзелася?" — "Дома ў некаторых запаслівых пакупнікоў, якія дзясяткамі кілаграмаў скуплялі. З-за іх цяпер астатнія не могуць кілаграм набыць", — гаворыць прадавец.

Пра тое, што грэчка знікла з-за запаслівых бабуль, гавораць нам яшчэ ў адным са сталічных крамаў на праспекце Прытыцкага. Праўда, не надта ў гэта верыцца. У суседняй Расіі цэны на гэтыя крупы выраслі з-за неўраджаю ўдвая — выдатная нагода для чаўночнага бізнэсу. Закупляеш у нас грэчкі на тысячу долараў, прадаеш яе ў Расіі калі не ўдвая, то ў паўтара раза даражэй — атрымліваеш прыбытак у пяцьсот долараў. Вось і ўвесь бізнэс. Дарэчы, у неафіцыйнай размове чыноўнікі Мінсельгасхарчу пацвярджаюць, што прычына знікнення грэцкіх круп — вываз у суседнюю краіну, асабліва гэты чаўночны бізнэс актуальны для памежных раёнаў.

Аднак нам, звычайным пакупнікам, ад гэтага не лягчэй. Хоць дзесьці яна ўсё ж павінна быць! Гіпермаркет "Карона". Паліцы з крупамі: некалькі дзясяткаў найменняў пакетаў з рысам, сярод якіх не адны мы імкнёмся знайсці грэчку. Але дарэмна. Затое на рынках крупы ёсць. Расійскай вытворчасці, па 5200 — 5400 рублёў за кілаграм. Да ажыятажу яна каштавала 4000—4400.

Мы патэлефанавалі ў Мінсельгасхарч і папрасілі растлумачыць сітуацыю першага намесніка дырэктара Дэпартамента па хлебапрадуктах Вадзіма Пабядзінскага. Пачуўшы пра грэчку, Вадзім Пятровіч без усмешкі адрэагаваць не змог:

— На гэтыя пытанні апошнім часам я штодня столькі адказваю... Не хвалюйцеся, будзем з грэчкай. Зараз ідзе ўборка ўраджаю, трэць плошчаў убраная. Ён дапрацоўваецца і нарыхтоўваецца. Грэчку сельгаспрадпрыемствы пастаўляюць у асноўным на Гомельскі камбінат хлебапрадуктаў. Завод (яго магутнасці дазваляюць перапрацаваць 25 тыс. тон грэцкіх круп у год) ужо 2-3 дні працуе на грэчцы новага ўраджаю. Ёсць у нас яшчэ невялікая вытворчасць у Гродзенскай вобласці. Леташнія запасы ў нас засталіся невялікія — каля 800 тон. Іх мы цяпер адпускаем аптовым гандлёвым арганізацыям рэспублікі.

 

— Але ў гандлі беларускай грэчкі няма, на рынках прадаецца расійская...

— Наша патрэба ў грэчцы складае 25 тысяч тон у год. Летась з Расіі і Украіны мы завезлі больш за 20 тысяч тон. Самастойна паставілі на рынак усяго 5,4 тысячы тон.

— У суседніх краінах неўраджай. Што будзем рабіць сёлета?

— Калі летась мы вырошчвалі грэчку на 19 тысячах гектараў, то сёлета падышло да ўборкі 28-29 тысяч гектараў. А сеялася яшчэ больш, частка ўраджаю, на жаль, і ў нас загінула. За 8 месяцаў 2010 года мы паставілі на ўнутраны рынак 8,6 тысячы тон. Для параўнання: за такі ж перыяд летась усяго 3,995 тысячы тон. Таму імпартавалі за 8 месяцаў сёлета ўсяго 4,7 тысячы тон (летась за гэты перыяд больш за 12 тысяч тон)...

— Зразумела, што беларускай грэчкі вырашчана ўдвая больш, але калі яна з'явіцца ў крамах?

— З памежных краін зменшыліся пастаўкі ў сувязі з неўраджаем. Узнік ажыятаж і сярод нашага насельніцтва. Але мы пастаўляем нашы невялікія запасы ў гандлёвыя арганізацыі. Яшчэ 20 тысяч гектараў трэба ўбраць. Больш прадметную гутарку можна будзе весці ў канцы верасня, калі мы будзем валодаць лічбамі па сабраным ураджаі...

Тым часам, адпускная цана на грэцкія крупы павышаная. Зроблена гэта, каб зраўняць кошт з расійскім, каб вывозіць было нявыгадна. Так што, грэчка на паліцах крамаў з'явіцца, праўда, па нязвыклых для нас цэнах.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика