Заполле: назад у будучыню

Источник материала:  

Заполле — гэта глыбінка Бялыніцкага краю. Саўгас "Падзевічы" — самая аддаленая гаспадарка ад раённага цэнтра, і на яе тэрыторыі аж тры дзясяткі маленькіх вёсак, раскіданых па тутэйшых лясах і балотах. Гэты край славіцца грыбамі, ягадамі і легендарнымі камянямі, а з нядаўняга часу — і сучаснымі пераўтварэннямі, якія ўжо ўвасабляюцца ў новую Запольскую ферму.

Старажытныя камяні

На Цэнтральнай вуліцы ў вёсцы Заполле пры дарозе стаіць каменны крыж.

— Ён вельмі стары, — расказала Марыя Дзям'янаўна Сідарэвіч, чые хата і агарод месцяцца па суседстве з крыжам. — Нават старажылы не ведаюць, адкуль ён і што на ім за надпісы. Аднойчы крыж збіў аўтамабіль: не ведаем, як аўтамабіль, а камень застаўся цэлым. Павалены крыж аднавіла школа.

Заполле: назад у будучынюНа гэтым месцы раней былі могілкі. Калі для Сідарэвічаў і іх суседзяў капалі траншэю пад тэлефон, то знаходзілі астаткі людзей. Верагодна, што крыж захаваўся з тых часоў, а можа яшчэ з паганскіх.

Яшчэ адна славутасць гэтага краю — камяні на месцы разбуранай царквы ў вёсцы Падзевічы. У бярозавым гаі тут калісьці стаяла царква Пакрова прасвятой Багародзіцы. Набажэнствы ў ёй пачаліся ў 1775 годзе, а ў 1930-м царква сваю дзейнасць спыніла. Камсамольцы скінулі з яе крыжы, а з драўлянага будынка атрымаўся клуб у Заполлі.

— Мой бацька вучыўся тут у царкоўна-прыходскай школе, — расказвае старшыня Запольскага сельскага Савета Яўген Радоўскі. — Казаў, дысцыпліна была жорсткая: калі што, білі па плячах лінейкай, аднак і вынік быў. Бацька скончыў толькі 4 класы, але быў настолькі пісьменным чалавекам, што любую задачу нам, вучням савецкай школы, дапамагаў рашыць.

На месцы былой царквы цяпер стаіць толькі памятны крыж з абразком. Яго паставіў Уладзімір Кароль — ураджэнец гэтых мясцінаў, а цяпер лётчык на пенсіі і жыхар Санкт-Пецярбурга, які піша пра гісторыю роднага краю.

— А на месцы гэтага сасонніку стаяла Падзевіцкая бальніца, — працягвае экскурсію Радоўскі. — Я тут нарадзіўся. Быў добры драўляны будынак, а доктар жыў у хаце непадалёк. Я глядзеў статыстыку 1948 года: тады ў Падзевіцкай бальніцы нарадзілася 250 дзяцей! А потым бальніцу разабралі, а новую, цагляную, узвялі ў Заполлі. Цяпер у Падзевічах жыве толькі 40 чалавек, у асноўным — старыя людзі.

Навокал крыжа раскіданы валуны, жывапісна пакрытыя бірузовым мохам. Яны былі падмуркам царквы, але яшчэ раней маглі быць і асновай капішча — дахрысціянскага свяцілішча. Яўген Іванавіч расказаў, што на беразе рэчкі Малыш непадалёк знаходзяць рэшткі вельмі старажытнага паселішча.

На месца былой царквы прыязджаюць людзі. Тут захаваліся дзве магілы, адна з іх — апошняга падзевіцкага святара Міхаіла Далгаполава, які памёр у 1929 годзе. Многіх цікавіць камень, які стаіць ля магілы. У невялікай дзірцы ў ім збіраецца вільгаць, якая, вераць людзі, дапамагае вывесці бародаўкі.

— Месцы тут старажытныя, і добра, што існуюць паданні, — ківае галавой старшыня Савета. — Вось толькі наконт гаючай сілы каменя я сумняваюся. Кажуць, быў каля той царквы нейкі святы камень, але ці захаваўся ён — ніхто не ведае.

Мінулае і сучаснае

Магілу Міхаіла Далгаполава даглядаюць яго сваякі. Унучка святара жыве ў вёсцы Глыбокі Брод: Ніна Іванаўна Грышкова — настаўніца на пенсіі.

— Дзеда Міхаіла я не ведала, а вось яго жонка, Вера Уладзіславаўна, памерла толькі ў 1972 годзе, і мы з сёстрамі часта да яе хадзілі, — расказвае Грышкова. — У бабулі было шмат абразоў і царкоўныя кнігі, але ўсё гэта захоўвалася далей ад вачэй людзей, у кутку спальні. Праўда, і мая маці, і я таксама нікому ніколі не прызнаваліся, што мы — нашчадкі святара. Гэта было небяспечна, тым больш для настаўніцы, бо савецкая школа прапаведавала атэізм.

З-за асцярожнасці ў сям'і не цікавіліся мінулым Далгаполавых і царквы ў Падзевічах, а цяпер вельмі шкадуюць, што страцілі магчымасць даведацца пра свой радавод. Праўнучка святара Таццяна Ігнатовіч, якая працуе ў Глыбокім Бродзе ў краме, спадзяецца тут на запісы Веры Уладзіславаўны, якія знайшлі і цяпер спрабуюць разабраць сваякі. Жонка святара рабіла іх у старасці і ўсё ж пакінула ўспаміны для сям'і.

Калі зусім шчыра, то Таццяну сёння больш цікавіць сучаснае і будучае, чым мінулае. Яна з'ехала з Глыбокага Броду: у гэтай вёсцы на месцы школы вырас лес, зачынілася пошта і засталася толькі адна сям'я з малым. Жанчына пераехала ў цэнтр сельсавета: і сыну трэба быць бліжэй да школы, і бацькі разлічваюць на блізкасць да цывілізацыі.

Заполле: назад у будучыню— Добра, што новыя катэджы з усімі выгодамі пабудавалі: я там не жыву, але калі ідзеш міма — прыгажосць душу радуе, — прызнаецца Таццяна. — Гэта добра, але самае галоўнае, што сучасная ферма будуецца. Развіццё — гэта калі ў людзей ёсць праца і заробак.

Пераўтварэнні, пра якія гаворыць сялянка, пачаліся ў Запольскім краі сёлета. Іх ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка, які ў час візіту на Магілёўшчыну заўважыў непарадак у глыбінцы. Даручэнне кіраўніка дзяржавы асабіста кантралюе старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік.

— Па-першае, мы навялі парадак на зямлі, — расказаў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Бялыніцкага райвыканкама Аляксей Цапко. — У невялікіх вёсках засталося шмат безгаспадарных дамоў, і ўсё лета іх зносілі і хавалі. Нічыйная маёмасць — гэта небяспечна ў сэнсе пажараў, ды і выглядае нядбайна.

Разам з пустымі хатамі хавалі і старыя фермы, якія былі пабудаваныя пасля вайны. Многія з іх ужо і заваліліся, жывёлу там не трымалі. Таму давялося ліквідаваць паўтара дзясятка будынкаў.

— Лічы, што тысячу гектараў зямлі вызвалілі ад руінаў і бур'яну, правялі рэкультывацыю і засеялі новыя плошчы збожжавымі культурамі і травамі, — працягвае Цапко. — Да нас прыехалі меліяратары, якія наводзяць парадак у сваёй сістэме. На запольскіх землях рабілася калісьці меліярацыя, але даўно не працавала: у нізінах да сярэдзіны лета стаяла вада. Цяпер на гэтых землях гаспадарка робіць перазалужэнне: можна і жывёлу пасвіць, і сена нарыхтоўваць. Але самае галоўнае, што ў Заполлі гэтай восенню павінна запрацаваць новая сучасная ферма на 500 галоў.

Новая ферма, добрыя планы

Будаўніцтва фермы завяршаецца: застаецца навесці парадак і ўсталяваць даільную ўстаноўку. Старшыня сельскагаспадарчага кааператыва "Саўгас "Падзевічы" Анатоль Драздоў з гордасцю паказвае будоўлю: для яго гаспадаркі гэта сапраўды прарыў у цывілізацыю.

Заполле: назад у будучыню— Дзякуй за падтрымку з боку кіраўніцтва вобласці, — гаворыць Драздоў. — Нам бы без яе пра новы комплекс і марыць не варта было б. Мы ўзялі льготны крэдыт, і наша ферма будзе сыравіннай базай магілёўскага прадпрыемства "Бабулін гладыш". Спадзяюся, што будзе толк. Цяпер, каб нармальна жыць, патрэбны аб'ёмы вытворчасці і якасць. А дасягнуць таго і другога вельмі цяжка на фермах, якім болей за паўстагоддзя, і дзе пануе ручная праца.

— Добра, што ўсё так павярнулася, — падтрымлівае Аляксей Цапко. — Ужо па Месяцы пешшу ходзяць, а мы ўсё ў вёдры доім. Жанчыне ў холадзе рукамі даіць карову! Якая нагрузка на чалавека: падаіць, памыць, пасушыць і яшчэ добрае слова гэтай карове сказаць. У даільнай зале ўсё прасцей. Там цёпла, суха, утульна, ёсць усе для людзей і жывёлы.

За савецкім часам "Падзевічы" былі буйной гаспадаркай. Аднак пасля чарнобыльскай аварыі тэрыторыя трапіла пад радыяцыйнае забруджанне, і народ паехаў шукаць чыстых месцаў і дабрабыту. Нават бальніцу ў Заполлі зачынілі, хоць цяпер у цэнтры гаспадаркі аднавілі амбулаторыю.

У Заполлі жыве тры сотні чалавек. Хоць гэтая вёска не будзе аграгарадком (паводле цяперашніх планаў), але яе жыхары хочуць жыць з належным камфортам. Тут працуюць пошта, аддзяленне банка, клуб, крамы. У школе і садку — больш за 150 дзяцей, якія прыязджаюць з усіх навакольных вёсак. Пабудавалі 6 новых домікаў. Ёсць два лясніцтвы. У сельскай гаспадарцы мае заробак 80 чалавек. "Саўгас "Падзевічы" лічаць у Бялыніцкім раёне за сярэднюю гаспадарку.

— Кіраўнік малады, спецыялістаў не хапае, але яны плацяць падаткі, за энерганосьбіты і заробак людзям, — кажа Аляксей Цапко. — Сёлета сярэдні заробак перавысіў 700 тысяч рублёў і стаў роўны 250 доларам. Летась было толькі 450 тысяч. Так што яны самі на сябе зарабляюць.

Заполле: назад у будучынюАнатоль Уладзіміравіч Драздоў не лічыць сябе маладым дырэктарам: узначальвае гаспадарку ўжо 8 гадоў. Ён — ураджэнец гэтых мясцінаў, з вялікай сялянскай сям'і. Бацька працаваў у той жа гаспадарцы трактарыстам. Усе 5 братоў і сясцёр Драздовых атрымалі вышэйшую адукацыю, а Анатоль яшчэ і вырашыў звязаць свой лёс з бацькоўскай зямлёй.

— Тут добрыя мясціны, гістарычныя, — кажа Драздоў. — Старажытныя курганы і таямнічыя камяні. Мы прызвычаіліся да гэтага. Моладзі цяпер больш цікавыя камп'ютары, а нам даводзіцца дбаць пра гаспадарку. Землі тут бедныя, гаспадарка няпростая, але працуе. А аддаваць крэдыты будзем сваімі грашыма: пагалоўе павялічыцца ўдвая, і калі палепшыцца якасць малака, то за месяц мы зможам зарабляць паўсотні мільёнаў рублёў. Так што трэба жыць і развівацца. Думаем пра другі новы комплекс.

Працаўнікі запольскай зямлі

Яўген Радоўскі нарадзіўся ў тутэйшай вёсцы Сямікаўка, калі яшчэ толькі будавалі тыя фермы, якія цяпер разбурылі за непатрэбнасцю. Яго бацькі былі жывёлаводамі, і з малодшай школы хлопчык дапамагаў маці даіць кароў. У вялікай сям'і ён быў сёмы, і падымаўся разам з бацькамі а 4-й раніцы, каб гатаваць ежу. Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі вярнуўся ў родныя мясціны.

— Пашкадаваў бацькоў, — тлумачыць сёння Яўген Іванавіч. — У мяне перспектывы былі, бо я добра гуляў у футбол. Але калі сабраўся ў горад, то азірнуўся на дарозе і ўбачыў, як бацькі глядзяць мне ўслед. І не вытрымаў, вярнуўся. Цяпер ні пра што не шкадую. Я стаў кіраўніком сельскай гаспадаркі, цяпер узначаліў сельсавет. У мяне цудоўная сям'я, дзеці і ўнукі. Вось толькі ўсе яны адсюль з'ехалі.

Сёння старшыня сельсавета ведае імя і імя па бацьку большасці з 800 жыхароў. Яўген Іванавіч гаворыць, што людзі вельмі рады апошнім пераўтварэнням. Гэта стала, так бы мовіць, неспадзяванай радасцю для жыхароў "мядзведжага кута".

Яго, дарэчы, нездарма так называюць. І не толькі таму, што гэта глухі закутак, які месціцца ўдалечыні ад цэнтральных трасаў. А таму, што тут сапраўды ёсць мядзведзі: напрыклад, Радоўскі аднойчы вывучаў сляды драпежніка на сваім агародзе. Не гаворачы ўжо пра дзікоў, якія атакуюць невялікія вёскі, што прытуліліся да лясоў.

— А на "мядзведжы кут" у нас ніхто не крыўдзіцца, — запэўніў старшыня. — Таму што людзі ў нас самыя лепшыя, яны добрыя.

І ў доказ пазнаёміў з Міхаілам Фёдаравічам Малашкам, які жыве ў вёсцы Рубеж.

— Мае продкі пераехалі сюды на пачатку ХХ стагоддзя з Міншчыны, бо набылі тут зямлю, — расказаў стары вясковец. — Тут калісьці праходзіла мяжа паміж Польшчай і Расіяй, адсюль і назва — Рубеж. Тут старажытная зямля, шмат чаго цікавага.

Гісторыі пра мінулыя часы ветлівага Міхаіла Фёдаравіча можна слухаць бясконца. Пра тое, як хлопчыкам ён хадзіў у Падзевіцкую царкву і бачыў, як скідвалі яе купалы: "На Вялікдзень была ўсяночная, але камсамольцы кідалі ў царкву камяні і такім чынам выгналі ўсіх вернікаў. З тых "актывістаў" цяпер ужо ніхто не жыве".

Пра тое, як сустрэўся з мядзведзем на вялікай дарозе, але драпежнік спужаўся аўтамабіля і збег у лес. Як аднойчы ратаваў аматарку журавін, якая заблудзіла ў мясцовых балотах і начавала ў лесе. Як яго дзед-каваль выканаў заказ млынароў і пераканаў іх, што трэба не столькі сустракаць па адзежы (дзед хадзіў у лапцях), колькі выпраўляць па розуме.

У пенсіянера цяпер толькі 6 суседзяў, але ён не хоча ехаць у горад і жыве ў кампаніі з любімым сабакам Шарыкам і катамі.

— Аднойчы паехаў да дзяцей, якія жывуць у Мінску, — дзеліцца Малашка. — Яны пайшлі раніцай на працу, а я, як дурань, у кватэры адзін сяджу. Які дзень стаў доўгі, немагчыма трываць! Я старэйшаму сыну шчыра сказаў: "Завязі мяне хутчэй дадому, а то я памру!"

Міхаіл Фёдаравіч адпрацаваў 40 гадоў у сельскай гаспадарцы, і цяпер вітае змены ў саўгасе "Падзевічы".

— Нашы мясціны славяцца працаўнікамі, — гаворыць вясковец. — І калі дапамагчы, то вынік будзе ў гаспадарцы, я не сумняваюся.

 Як бы там ні было, тутэйшыя ў Запольскім краі заўсёды здолеюць зарабіць сабе на жыццё. Грыбы і ягады з мясцовых лясоў кармілі людзей ва ўсе часы. Чарніцы, суніцы, брусніцы, журавіны. Гавораць, вопытныя вяскоўцы тут за журавіны ледзь не аўтамабілі набывалі.

І сёння, калі не ленавацца, можна зарабляць на дарах лесу, нават па 100 тысяч на дзень. І хоць сёлета журавін у Заполлі няшмат, але з восеньскімі дажджамі пайшлі грыбы. Кілаграм лісічак (радыяцыя — дапушчальнага ўзроўню) набываюць за 7 тысяч рублёў, а добры грыбнік здольны і некалькі дзясяткаў кілаграмаў сабраць за дзень. Таксама чакаюць сёлета добры ўраджай апенек і баравікоў.

Але пры ўсім гэтым, жыхары Заполля і навакольных вёсак хочуць мець сталую працу, якая дасць добры заробак сям'і. Таму людзі вітаюць перамены і спадзяюцца на лепшае.

— Будучыня ў нашых мясцін ёсць, — упэўнены старшыня Запольскага Савета Яўген Радоўскі. — Калі запрацуе новы комплекс, ды пабудуецца яшчэ адзін, то будзе малако і заробак. У наступным годзе пабудуюць яшчэ пяць новых домікаў. І будзе лепей.

Ілона Іванова.

Фота Ірыны Савосінай.

Бялыніцкі раён.

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика