Талент не расце, як грыбы

Источник материала:  

Чаму таленавітых людзей так мала? Што ў нас робіцца для падтрымкі таленавітай моладзі? І чаму талентам трэба дапамагаць? На апошняе пытанне вельмі трапна адказаў адзін філосаф рытарычным пытаннем: "Чаму карысная культура ў агародзе патрабуе догляду, а пустазелле прарастае само сабой?". Так, калі мы хочам расціць таленавітую моладзь, то павінны ўкладваць у моладзь працу і сродкі. "Калі ты такі разумны, то чаму небагаты?" — кажуць амерыканцы. Вось і нашы настаўнікі пачалі лічыць грошы:

 

50—60 тысяч рублёў яны атрымліваюць за падрыхтоўку прызёра школы;

80—120 тысяч — за прызёра абласнога тура рэспубліканскай алімпіяды;

150—200 тысяч — за прызёра заключнага, рэспубліканскага, тура алімпіяды, і гэта ўсё ад школы;

100—200 тысяч — за прызёра вобласці ад горада;

300—600 тысяч — за прызёра рэспубліканскага тура ад вобласці.

І гэта толькі ў самыя спрыяльныя часы! У асобных выпадках адміністрацыі раёнаў і абласцей абмяжоўваюцца поціскам рукі і каштоўным падарункам, які складаецца з вазачкі або гадзінніка—прыёмніка. Такім чынам, настаўнік за падрыхтоўку прызёра рэспубліканскай школьнай алімпіяды па сваёй дысцыпліне атрымлівае ад 680000 да 1180000 рублёў за год!

Арганізаваўшы сёлета ў школе аказанне платных паслуг (урокі матэматыкі), я восем месяцаў атрымліваў па 200—250 тысяч рублёў у месяц. А сярэдні рэпетытар у месяц атрымлівае не менш за 320—500 тысяч рублёў. Размаўляючы з настаўнікамі, усё часцей пераконваешся ў тым, што амаль усе выбіраюць "альтэрнатыву".

Радуе, што нашы настаўнікі разумныя і хочуць быць багатымі. Засмучае другое: а хто будзе працаваць з таленавітымі дзецьмі? Такіх настаўнікаў з кожным годам становіцца ўсё менш. Узровень дзяцей, якія паступілі ў педагагічныя ВНУ, вымушае жадаць лепшага. Гэта трывожны сігнал. Больш за 70 % настаўнікаў школ — гэта настаўнікі са стажам больш за 30 гадоў. Ім 30 гадоў абяцалі павышэнне заробкаў, і іх вельмі цяжка ўгаварыць працаваць з таленавітымі дзецьмі. Маладыя настаўнікі бягуць са школ, як толькі адпрацуюць два гады! Што будзе са школай праз 5—10 гадоў, калі асноўны касцяк педагогаў пойдзе на пенсію? Хочацца прапанаваць некалькі выйсцяў з гэтай сітуацыі.

Па-першае, заработная плата настаўніка залежыць сёння ад стаўкі і колькасці вучэбных гадзін. Так, стаўку нам абяцаюць падняць, але нагрузка на настаўніка ў гадзінах адназначна зменшыцца, што звязана са змяншэннем колькасці навучэнцаў, таму павышэння заработнай платы фактычна ніхто не адчуе. Заработная плата павысіцца толькі ў тых, хто працуе на паўтары стаўкі і больш, а такіх сёння мала. Астатнім давядзецца зводзіць канцы з канцамі. Таму для некаторых катэгорый настаўнікаў неабходна панізіць колькасць гадзін на стаўку з 18 да 16.

Па-другое, настаўнікаў, якія падрыхтавалі прызёраў абласной алімпіяды, трэба прыраўнаваць па статусе да настаўнікаў гімназіі, а настаўнікаў, якія маюць прызёраў рэспубліканскай алімпіяды, прыраўнаваць да статуса выкладчыка ліцэя. Здзек было б сказаць, што школьныя настаўнікі працуюць горш за настаўнікаў гімназіі і ліцэя, бо за меншую колькасць гадзін ім удаецца падрыхтаваць вучняў, якія перасягаюць ведамі многіх гімназістаў і ліцэістаў.

Па-трэцяе, пры правядзенні стымулюючых і падтрымліваючых заняткаў неабходна ліквідаваць умову, згодна з якой занятак праводзіцца і, адпаведна, аплачваецца толькі тады, калі на ім прысутнічае трое і больш вучняў. А калі ў мяне адзін прызёр вобласці, і я яго рыхтую да ўдзелу ў рэспубліканскім туры алімпіяды, то гэты занятак мне не аплачваецца?! Таму настаўнікі проста вымушаныя падманваць, праводзячы занятак з адным вучнем, а ў журнал запісваюць траіх, беручы грэх на сябе.

Па-чацвёртае, кантактуючы з калегамі іншых абласцей, міжволі пачынаеш думаць, што мы жывём у розных дзяржавах, бо ў адной вобласці дзіцяці, якое прывезла дыплом другой ступені, даюць 700000 рублёў і ноўтбук, а ў другой вобласці — нічога, бо ў бюджэце не хапіла грошай?! Таму мясцовыя бюджэты павінны пералічваць грошы на ўшаноўванне пераможцаў прадметных алімпіядаў у рэспубліканскі бюджэт, а там неабходна зацвердзіць цвёрдыя стаўкі пераможцам і не бегаць з працягнутай рукой па інстанцыях.

Па-пятае, пераможцам алімпіядаў, якія падалі дакументы ў ВНУ, трэба даваць інтэрнат абавязкова, а не выдзяляць інтэрнат "у першую чаргу", як запісана ў інструкцыях. Гэтай чаргі многія з іх так і не дачакаюцца. На многія факультэты паступіла столькі прызёраў алімпіядаў, што ліміт месцаў, выдзеленых факультэту (з улікам сацыяльных месцаў), — мізэрны. І будаваць інтэрнатаў трэба больш...

З павагай — Анатоль Сафонаў, настаўнік СШ № 10 г. Жлобіна.

 

 

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика