"Аднойчы ў Чыкага", а можа быць, у Мінску!

Источник материала:  

У новы сезон Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр ідзе з новым галоўным балетмайстрам. Гэтую пасаду трывала зойме Народны артыст Беларусі Уладзімір Іванаў. "Спачатку я не хацеў быць галоўным балетмайстрам, — гаворыць спадар Іванаў, — таму што я ніколі не ўмеў і не любіў весці адміністрацыйныя справы. Я паставіў сваю ўмову: калі мне дадуць добрага памагатага, то я пагаджуся. Мне дазволілі самому выбраць такога чалавека, я запрасіў Вячаслава Навумавіча Казінца, і ён пагадзіўся. Гэта мой былы аднакласнік, ён адпрацаваў 20 гадоў у гэтым тэатры, быў салістам... Я ведаю, што на яго можна разлічваць, ён выдатны арганізатар, ён зможа вызваліць мяне ад многіх рэчаў, якімі я проста не ўмею займацца".

41-ы тэатральны сезон у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры распачынаецца прэм'ерай музычнага рэвю па матывах брадвейскіх мюзіклаў "Аднойчы ў Чыкага", якая адбудзецца 11, 12, 18 і 29 верасня. Рэвю абяцае стаць прыемным джазава-тэатральным кактэйлем з сюрпрызам: класіка джазу будзе гучаць як у традыцыйных аранжыроўках, так і ў эксперыментальных сучасных электронных апрацоўках. Рэжысёрам-пастаноўшчыкам беларускага мюзікла з'яўляецца, дарэчы, Сусана Цырук. 6 гадоў яна працавала галоўным рэжысёрам Маскоўскага музычнага тэатра, цяпер з'яўляецца рэжысёрам Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург), а сёлета ў беларускім тэатры абяцаюць з'явіцца як мінімум дзве яе пастаноўкі: разам з "брадвейскім рэвю" яшчэ і знакамітая аперэта "Сільва", напісаная ў 1915 годзе венгерскім кампазітарам Імрэ Кальманам.

Другой яскравай падзеяй верасня ў Музычным тэатры стане юбілейны вечар галоўнага дырыжора тэатра Анатоля Лапунова. Вечар адбудзецца 17 верасня і, як запэўнівае Адам Мурзіч, мастацкі кіраўнік тэатра збярэ ўсю музычную грамадскасць рэспублікі.

"Канцэртная праграма, — распавядае юбіляр Анатоль Лапуноў, — будзе ўключаць у сябе аркестравыя сачыненні, некалькі нумароў выканаюць нашы вядучыя салісты. Як даніна жанру прагучыць адзін са штраўсаўскіх вальсаў "Венская кроў". У праграме таксама рапсодыя ў стылі блюз для фартэпіяна з аркестрам Джорджа Гершвіна, "Эпіталам" для струнных беларускага кампазітара Кіма Цесакова... Я спыніўся на гэтых творах, таму што лічу іх найбольш цікавымі. Лічу, што на іх можна прадэманстраваць магчымасці аркестра, які значна вырас і ўдасканаліўся. Акрамя таго, у праграму будуць уключаны балетныя нумары, хор... Яшчэ ў нас запланаваны, напрыклад, чароўны нумар "Цыганскія напевы" з саліруючай скрыпкай".

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ

←Беларусь сыграла с Румынией вничью - 0:0

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика