Лукомскі салоўка. Дзякуючы сціплым працаўнікам на музычнай ніве нашай Бацькаўшчыны захоўваюцца і беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне нацыянальныя традыцыі песеннага і танцавальнага фальклору
На яго малой радзіме Сяргея Семянькова больш ведаюць як загадчыка Палаца культуры энергетыкаў горада Новалукомля. Сярод творчай інтэлігенцыі краіны ён мае аўтарытэт як член Беларускага саюза музычных дзеячаў, член Рэспубліканскай атэстацыйнай камісіі па рабоце з аматарскімі калектывамі Міністэрства культуры. Ён таксама лаўрэат міжнародных музычных конкурсаў. І, нарэшце, аўтар зборніка песень “Спявай, Лукомль”.Зборнік “Спявай, Лукомль” адкрывае песня з аднайменнай назвай на вершы, напісаныя самім кампазітарам: “Паміж лясоў, азёр глыбокіх, Рачулак хуткіх, гаваркіхЖыве старонка майго сэрца,Душы маёй цудоўны міг”.З такім замілаваннем і любоўю можна пісаць толькі пра родны куточак. Так, Сяргей Семянькоў нарадзіўся на лукомскай зямлі. А дакладней, у вёсцы Болюта Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, што на паўночным усходзе Беларусі. Вёскі Багатыр, Стражавічы, Чарэя, Болюта — тут пусцілі карані яго продкі.
— Цікава, чаму ў зборнік песень народнай тэматыкі вы нечакана ўключылі творы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне? Што гэта — даніна памяці загінуўшых або штосьці больш патаемнае, асабістае?
— Вайна забрала двух маіх дзядоў— Дзям’яна і Івана. Дзям’ян загінуў у Берліне ў Дзень Перамогі, 9 мая 1945 года і пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры сталіцы Германіі. А дзед Іван быў смяротна паранены пры прарыве блакады на возеры Палік. Памяць пра маіх дзядоў дарагая мне яшчэ і таму, што менавіта ад іх перадаўся мне талент музыканта. Па расказах іх жонак, маіх бабуль Анастасіі і Ніны дзед Дзям’ян дасканала валодаў ігрой на баяне. А дзед Іван да вайны славіўся на ўсю ваколіцу як лепшы гарманіст, вельмі добра спяваў і танцаваў.
— Большасць песень у вашым зборніку прысвечана святам народнага календара. Адчуваецца, што менавіта яны з’яўляюцца вытокамі вашай творчасці і натхнення.
— У атмасферы народных святаў: калядак, провадаў зімы, дажынак прайшлі ўсё маё дзяцінства і юнацтва. Душа чалавека заўсёды імкнецца да блізкай ёй душы. Дзяды Дзям’ян і Іван пабралі па сабе і жонак. Мае бабулі Анастасія і Ніна ніводную сялянскую працу не выконвалі без песні. Іх родны, непаўторны матыў і зараз гучыць у маім сэрцы. Помню, як баба Ніна з сяброўкамі сярпамі жалі збажыну, спявалі на зажынках. Бацька навучыў мяне іграць на гармоніку, і я ў шасцігадовым узросце выконваў ужо простыя мелодыі.
— Народны артыст Беларусі, намеснік старшыні Беларускага саюза кампазітараў Эдуард Зарыцкі адзначае, што “музычная мова кампазітара Сяргея Семянькова каранямі ў народных песенных інтанацыях, апрацаваных на сучасны манер”. Зараз вы працуеце ўжо над другім зборнікам. Ён будзе ў такім жа кірунку, як і першы?
— Толькі так і не іначай. Я адданы целам і душой народным традыцыям музычнай і песеннай творчасці. Больш таго, лічу, што менавіта яны, а не эстрадная поп-музыка з’яўляюцца вытокамі сапраўднага мастацтва. На жаль, у нас вельмі мала сучасных песень пра працаўнікоў сяла, пра тое, як і чым жыве вёска. Адна з песень майго новага зборніка называецца “Хлеба, хлеба” і прысвечана галоўным героям жнівеньскіх палёў — камбайнерам.
— Чаму назвалі адзін са сваіх зборнікаў “Салоўка”?
— Ну, па-першае, у той мясцовасці, дзе я нарадзіўся, вельмі хораша спяваюць салаўі. А па-другое, край наш песенны, усе мае землякі, як я ўжо адзначаў, людзі музычнага складу, любяць добрую песню і зухаўскі танец.
— Сяргей Віктаравіч, вы кампазітар з глыбінкі. Але, пэўна, не кожнаму таленту з народа выпадае магчымасць выбіцца ў людзі. Звычайна пасля заканчэння вучэбных устаноў культуры ўжо па адпрацаванай дзесяцігоддзямі схеме дыпламаваныя спецыялісты папаўняюць шматлікі атрад загадчыкаў сельскіх клубаў або звычайных настаўнікаў музыкі ў адной з правінцыяльных музычных школ. Зразумела, што пра вялікія творчыя перспектывы тут гаварыць не прыходзіцца.
— Дазвольце з вамі не пагадзіцца. Нават дапускаць такую думку ў адносінах да любога чалавека, які мае талент, — абсурдна. Наогул, сапраўднае мастацтва не можа быць “правінцыяльным”. І ў сваім жыцці мне не давялося сустрэць “звычайнага настаўніка музыкі”. Музыкант — гэта ж не проста прафесія, а адпаведны стан душы. Кожны з іх — сапраўдны самародак. Такі чалавек можа непрыкметна для чужога вока працаваць у музычнай школе, а яго вучні з глыбінкі будуць займаць першыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных аглядах-конкурсах. Я больш скажу. Менавіта дзякуючы вось такім сціплым працаўнікам на музычнай ніве нашай Бацькаўшчыны і захоўваюцца, беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне нацыянальныя традыцыі песеннага і танцавальнага фальклору. Гэта, дарэчы, вельмі цэніцца за мяжой. Да беларускіх музыкантаў з вялікай павагай ставяцца ва ўсім свеце.