Ратная справа, альбо Як я быў рыцарам
Кажуць, што сёння сапраўдных рыцараў не знайсці. Не, гаворка ідзе не пра джэнтльменскія ўчынкі. А пра ўзброеных ваяроў... Але адна справа прачытаць аб перамогах продкаў у падручніку, а другая — самому ўзяць у рукі меч і заняцца ратнай справай. Ці лёгка быць сапраўдным рыцарам?
Чорныя крыжы
Спачатку трэба падрыхтаваць даспехі.— Апраніце пласцінчаты панцыр, — параіў кіраўнік клуба “Дзікае паляванне” Сяргей Шыбека. — Ліцвіны ваявалі менавіта ў такіх. На скураны жылет нашываліся пласцінкі, усяго каля 250 штук. Даспехі не вельмі цяжкія, але абаранялі ваяра вельмі добра. Вага такога панцыра не больш за дзесяць кілаграмаў. Рухам чалавека ён амаль не перашкаджаў і лічыўся вельмі зручным. Таму і ваявалі продкі менавіта ў такіх даспехах. Вось і на мне з’яўляюцца льняныя штаны і кашуля, чырвоны кажух. На локці прымацоўваю металічныя пласціны. На кажух нацягваю панцыр. Самае складанае — металічны шалом. Спачатку трэба надзець крамны падшлемнік, а ўжо наверх — шлем з літога металу. Біцца я буду прамым мячом. Не вельмі цяжкім — усяго кілаграм вагой...Цікава, што на ўзбраенні ў ВКЛ былі такія ж даспехі, як у тэўтонцаў. Таму ў баях ваяры часта не разумелі, хто да іх набліжаецца, пакуль не станавілася бачнай сімволіка на шчытах. — Галаву рыцара засцерагаў шалом, шыю і плечы затуляла кальчугавая барміца, — тлумачыць Сяргей Шыбека. — Грудзі і спіну — кіраса. Прасцейшым даспехам была кальчуга. Для засцярогі рук выкоўваліся наплечнікі, латныя рукі і латныя пальчаткі, для ног — латныя ногі і галёнкі. Гэта ў сучасных фільмах усе тэўтонцы апрануты ў белыя плашчы з чорным крыжам. Аднак такі плашч мелі толькі высокапастаўленыя саноўнікі. Напрыклад, у Грунвальдскай бітве прымалі ўдзел толькі каля 250 чалавек з чорным крыжам.
Бяздзейнасць азначае баязлівасць
Каб пачаць бой, трэба выклікаць на яго рыцара. Так, як гэта рабілася ў 1410 годзе. Парламенцёры прынеслі два аголеныя мячы Вітаўту і Ягайле. Гэта быў рыцарскі выклік, пасля якога бяздзейнасць азначала баязлівасць. Зброя дорыцца толькі ў ножнах. Атрымальнік падарунка можа выняць меч да паловы, каб палюбавацца клінком. Аголены цалкам меч заўсёды сімвалізаваў смерць, усаджаны ў зямлю перад нагамі саперніка азначаў выклік на смяротны бой. Саюзнікам было таксама перададзена пасланне вялікага магістра Тэўтонскага ордэна Ульрыха фон Юнгінгена: “Не хавайцеся па лясах і балотах, выходзьце на бітву. Калі вам мала месца на полі, то мы можам адысці”.Я таксама працягваю меч свайму праціўніку. Мне прыйдзецца біцца супраць кіраўніка клуба Сяргея Шыбекі. Але спачатку ён паказаў некалькі прыёмаў, якімі валодалі нашыя продкі.— Трэба вывучыць пяць асноўных пазіцый, — тлумачыць мой апанент. — Удала прыкрываць галаву, шыю і ногі. Астатнія прыёмы ўзнікаюць на аснове гэтых. Зразумела, што адразу ўсяму не навучышся. У нас падрыхтоўка да спаборніцтваў доўжыцца амаль два гады. “Крыжак” наносіць мне першы ўдар. Абараняцца не вельмі зручна. Каб звычайны меч стаў добрай зброяй, ад рыцара патрабуецца не проста ўменне, а сапраўднае мастацтва.Некалькі слоў пра меч. Акрамя апрацоўкі ляза немалое значэнне мае балансаванне. Процівага на канцы дзяржальні падбіралася такім чынам, каб цэнтр цяжару знаходзіўся на лязе, на адлегласці шырыні далоні ад гарды. Пры вазе збалансаванага мяча ад 2 да 3,5 кілаграма ўдар атрымліваецца вельмі моцным, але рука воіна ад яго не стамляецца. Пра такі меч кажуць, што ён “гуляе” ў руцэ....Праз маленькія прарэзы ў шлеме мала што відаць. Да таго ж панцыр цісне на плечы, і мае рухі вельмі няўдалыя. — Нічога страшнага, — кажа юнак Макар, які займаецца ў клубе. — У мяне, калі прыйшоў сюды, нічога не атрымлівалася. Трэніраваўся больш за год, каб навучыцца добра трымаць меч у руках. І фізічныя практыкаванні выконваў, і над тэхнікай працаваў. Добра, што на табе лёгкія даспехі.Уяўляю, як цяжка было біцца высокапастаўленым рыцарам — абмундзіраванне іх было шмат цяжэйшым, чым у звычайных ваяроў. Але на самай справе рыцары гінулі нашмат радзей, чым іх збраяносцы і пажы. У рыцара была не толькі сур’ёзная ваенная падрыхтоўка, але і выдатны баявы конь, дарагая зброя і даспехі. Ляжачага або параненага рыцара абаранялі і ратавалі яго збраяносцы. Таму гібель рыцара была падзеяй адносна рэдкай.
Нязручная зброя
Перамагчы свайго саперніка мячом мне, зразумела, не ўдалося. А што калі ўзяць у рукі арбалет? Мяне папярэджваюць:— Не ўсё так проста, як здаецца. Трэба папасці ў ваяра з першага разу. Інакш прыйдзецца адступаць. Сапраўды, для таго каб зарадзіць арбалет, трэба адну нагу ўставіць у стрэмя зброі, адной рукой трымаць прыклад, а другой прыводзіць у дзеянне нацяжную прыладу. Пакуль выканаеш усе гэтыя дзеянні, вораг паспее падысці вельмі блізка і бліжняга бою не пазбегнуць. Так здарылася ў час Грунвальдскай бітвы. Саюзныя войскі не далі магчымасці паказаць нямецкім арбалетчыкам сваё майстэрства.Дарэчы, бітва пад Грунвальдам доўжылася амаль пяць гадзін. За гэты час войска Ульрыха фон Юнгінгена страціла 8 тысяч чалавек. — Вось так і ваявалі нашыя продкі, — усміхаецца Сяргей Шыбека. — Нялёгка прыходзілася ім на ратным полі.Сапраўды, я быў рыцарам менш за гадзіну, а стаміўся так, быццам увесь дзень займаўся цяжкай працай. Можна ўявіць, як складана было абараняць продкам нашы землі ад тэўтонскай навалы...
ЦікаваРыцарскія даспехі важылі амаль у два разы менш, чым поўная амуніцыя чырвонаармейца ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Зброя важыла ўсяго 20—30 кілаграмаў.