Навошта нас перапісвалі?

Источник материала:  
09.07.2010 08:41 — Новости Общества
У Нацыянальным статыстычным камітэце ідзе напружаная работа па апрацоўцы звестак перапісу, які прайшоў у кастрычніку 2009 года пры тэхнічнай падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва. На пачатку наступнага года будуць атрыманы першыя звесткі, якія пакажуць, наколькі якаснымі яны з'яўляюцца. Традыцыйна гэта менш за 1 працэнт.

На сёння статкамітэт цалкам забяспечыў увядзенне персанальных звестак у камп'ютарную сістэму. Размова ідзе пра 13 мільёнаў перапісных лістоў. У гэту лічбу ўваходзяць 9,5 мільёна чалавек насельніцтва і 3,7 мільёна жылых памяшканняў — пакоі, кватэры, дамы, — інфармацыя пра якія таксама збіралася ў межах апошняй перапісной кампаніі. З 1 ліпеня пачаўся кантроль усёй інфармацыі, атрыманай ад рэспандэнтаў.

Як паведаміла ЮНФПА намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, начальнік упраўлення перапісу насельніцтва Святлана Навасёлава, няякаснай інфармацыі звычайна бывае крыху больш хіба па пытаннях занятасці — 5—10 працэнтаў. Гэта звязана, напрыклад, з тым, што многім цяжка было адказаць на пытанне пра від эканамічнай дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый, у якіх яны працуюць.

Наогул звыш 600 лагічных кантроляў, якія будуць выкарыстоўвацца спецыялістамі, дазволяць вылавіць любую сумніўную інфармацыю. Дапусцім, у анкеце ёсць такая інфармацыя: поўных гадоў — 7, год нараджэння — 1983, ёсць дзеці. Пасля аналізу ўсяго ліста ў цэлым спецыялісты маюць права адкарэктаваць узрост на 27. Дарэчы, у адзінкавых выпадках дзеля ўдакладненняў да рэспандэнтаў даводзілася звяртацца паўторна.

Звесткі перапісу, безумоўна, адрозніваюцца ад звычайнай дэмаграфічнай статыстыкі. Так, у межах апошняй улічваецца толькі колькасць пар, якія афіцыйна зарэгістравалі адносіны ў ЗАГСе. Перапіс жа пакажа, колькі людзей пражывае разам фактычна, паколькі грамадзянскі шлюб сёння вельмі папулярны. Больш за тое, стане відавочным, у якіх рэгіёнах гэта тэндэнцыя найбольш выражана, якая сярэдняя ўзроставая група такіх людзей. Аналагічна і з разводамі — людзі могуць лічыцца ў шлюбе, а пражываць асобна.

Больш стане звестак і пра беспрацоўе. Міністэрства працы і сацыяльнай абароны валодае толькі звесткамі, заснаванымі на інфармацыі цэнтраў занятасці. А, як вядома, далёка не ўсе беспрацоўныя становяцца на дзяржаўны ўлік. Высветліцца і тое, за кошт каго фарміруюцца працоўныя рэсурсы Беларусі — карэннага ці заезжага насельніцтва.

Для апрацоўкі і прадастаўлення звестак перапісу-2009 будзе прымяняцца тэхналогія Геаграфічнай Інфармацыйнай Сістэмы. ГІС дазваляе наглядна, з дапамогай каляровай гамы ўбачыць на электронных картах кожны населены пункт, раён і нават кварталы гарадоў, колькасць і шчыльнасць насельніцтва там. Такая інфармацыя можа выкарыстоўвацца для складання, напрыклад, маркетынгавых і бізнэс-планаў. Так, для будаўніцтва гіпермаркетаў важна ведаць, колькі людзей пражывае ў раёне запланаванага адкрыцця. Такая інфармацыя карысная і ў рабоце службаў МНС, кампаній, якія прадастаўляюць паслугі сувязі. Размешчаныя на картах дэмаграфічныя паказчыкі могуць выкарыстоўвацца гарадскімі службамі пры планаванні будаўніцтва паліклінік і дзіцячых садкоў, транспартнымі службамі — пры размеркаванні транспартных патокаў, прадпрымальнікамі — падчас прыняцця рашэнняў аб месцы і маштабах размяшчэння новых магазінаў або сэрвісных службаў і г.д.

Як адзначае начальнік аддзела народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, статыстычныя звесткі, у тым ліку атрыманыя падчас перапісу, бяруцца пад увагу пры распрацоўцы сацыяльна-эканамічных праграм. Так, падчас распрацоўкі апошняй Праграмы дэмаграфічнай бяспекі на ўзбраенне была ўзятая інфармацыя аб амаль 60 працэнтах беларускіх сем'яў, якія выхоўваюць адно дзіця. Адпаведна, у гэтай праграме прасочваецца ўхіл у бок заахвочвання нараджэння другога і наступных дзяцей. У прыватнасці, былі дыферэнцаваныя памеры дапамог на дзяцей: памер дапамогі на другое дзіця быў большы, чым на першае. Мяркуецца, што і надалей практыка ўмацавання дэмаграфічнай сітуацыі будзе абапірацца на стварэнне неабходных для нараджэння другога дзіцяці ўмоў — наяўнасць у сям'і жылля, дастойны ўзровень заробку, падтрымка дзяржавы і інш. Мяркуецца прадугледзець у новым дакуменце і павышэнне агульнага ўзроўню дзіцячых дапамог.

Падчас мінулага перапісу была выяўлена і досыць істотная распаўсюджанасць пражывання пар без рэгістрацыі шлюбу. Цікава, што жанчыны лічаць сябе пры гэтым "замужнімі", а мужчыны — "свабоднымі". Можна меркаваць, што падобная тэндэнцыя выявіцца і ў працэсе аналізу звестак леташняга перапісу. А значыць, Мінсацабароны паспрабуе ўлічыць гэты момант у новых праграмах — каб актывізаваць тэндэнцыю да рэгістрацыі шлюбу.

Пры садзейнічанні Фонду ААН у галіне народанасельніцтва другая палова 2010 і частка 2011 года пройдуць пад эгідай навучання асноўных карыстальнікаў — дзяржструктур і міністэрстваў — рабоце са звесткамі перапісу-2009. Ва ўсім свеце вынікі перапісу, у прыватнасці, карты з нанесенымі вынікамі, карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў шырокіх пластоў насельніцтва. У першую чаргу, вядома, у складальнікаў дзяржаўных праграм, палітыкаў і бізнэсменаў.



←Вросла корнями в сцену

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика