4 спосабы зрабіць сваё дзіця няшчасным

Источник материала:  
09.07.2010 08:50 — Новости Общества
Выхоўваеце вы дзіця па якой-небудзь аўтарскай методыцы або абапіраецеся толькі на ўласныя ўяўленні пра тое, што такое добра і што такое дрэнна, — у любым выпадку вы жадаеце яму дабра. На жаль, часам нават самыя добрыя намеры могуць прывесці да супрацьлеглага выніку — сярод розных стыляў выхавання ёсць такія, якія здольныя нанесці псіхіцы малога непапраўную шкоду.

Любы капрыз (стыль патурання)

У аснове гэтага стылю выхавання ляжыць безразважная любоў бацькоў да свайго дзіцяці, якое пры гэтым узносіцца да рангу суперасобы. Яно — маленькае бажаство, яго жаданні — закон. Усё, што яно робіць, геніяльна, а кожны яго ўчынак незвычайны і таленавіты. І пра ўсё гэта неадкладна паведамляецца сваякам і сябрам. У выніку малы расце з цвёрдай упэўненасцю ў сваёй выключнасці. Яго самаацэнка завышаная, і ў будучыні гэта можа адгукнуцца хваравітымі перажываннямі пры няўдачах (а яны здараюцца ва ўсіх людзей). Дзіця, выхаванае ў такім стылі, капрызнае і эгаістычнае, прывыкла толькі браць, але не даваць нічога ўзамен. Пасталеўшы, яно можа пачаць маніпуляваць бацькамі і блізкімі людзьмі. Такое дзіця практычна не адаптуецца да дзіцячага садка і з вялікімі цяжкасцямі прывыкае да школы. Сярод аднагодкаў яно вылучаецца сваімі капрызамі і няўменнем кантактаваць на роўных. Усё гэта прыводзіць да таго, што яно практычна пастаянна знаходзіцца ў стане псіхічнага дыскамфорту ў любых сітуацыях па-за домам.

"Ты сам не справішся" (стыль гіперапекі)

Павышаная ўвага і апека праяўляюцца ў тым, што, клапоцячыся пра бяспеку дзіцяці, яму не даюць дзейнічаць самастойна, пазбаўляюць актыўнасці, ператвараючы ў гледача. Крызісу трох гадоў, дэвізам якога з'яўляецца "Я сам!", бацькі проста не заўважаюць. Усе спробы малога адстаяць сваю самастойнасць асуджаныя на правал. Вельмі хутка дзіця разумее, што прасцей падпарадкавацца і ва ўсім трымацца парадаў дарослых. А ўжо дарослыя прадумалі ўсё яго жыццё, кожны крок да дробязяў. Безумоўна, яны хочуць як лепш. А дзіця марудна, але дакладна страчвае сваю індывідуальнасць. Добра, калі ў падлеткавым узросце яно ўсё ж узбунтуецца і адстаіць незалежнасць (цаной цяжкіх канфліктаў з бацькамі). У горшым жа выпадку дзіця, якое прывыкла да гіперапекі, папоўніць шэрагі няўдачнікаў, якія не ўпэўненыя ў сабе, не ўмеюць кантактаваць і баяцца ўсяго на свеце.

Поўная свабода (ліберальны стыль)

Гэта прамая супрацьлегласць папярэдняму стылю выхавання. Свабоды ў дзіцяці вельмі шмат. Настолькі шмат, што яна мяжуе з поўнай абыякавасцю да дарослых. Яму можна ўсё, над ім няма ніякага кантролю, яно ўсяму вучыцца на ўласных сіняках і шышках. Калі пэўныя правілы або стандарты і існуюць у сям'і, то дзяцей не прымушаюць прытрымлівацца іх у поўнай меры. Бацькі, якія практыкуюць падобны тып выхавання, часцей за ўсё мяркуюць, што ён садзейнічае развіццю самастойнай, моцнай асобы. Насамрэч жа дзеці з такіх сем'яў становяцца самымі няшчаснымі. Пры такой "дэмакратыі" дзіця нярэдка расце ў поўнай упэўненасці, што яно нелюбімае, непатрэбнае, што яно лішняе. У выніку становіцца недаверлівым, замкнёным. Сталеючы, яно больш схільнае да такіх псіхалагічных праблем, як дэпрэсія і рознага роду фобіі.

Галоўнае — каб слухалася (дыктатарскі стыль)

Для гэтага стылю выхавання характэрная строгая дысцыпліна: бацькі аддаюць інструкцыі і загады, не звяртаючы ўвагі на думку дзяцей і не прызнаючы магчымасці кампрамісу. Правілы не абмяркоўваюцца. Лічыцца, што бацькі заўсёды маюць рацыю, а непаслухмянасць караецца (часам фізічна). Калі дзіця па характары з'яўляецца лідарам, то такая методыка выхавання выкліча ў ім моцнае супраціўленне і нават агрэсію. Калі ж яно мае мяккі характар, то падобная сістэма выхавання будзе развіваць павышаную трывожнасць, надумлівасць, схільнасць да страхаў і няўпэўненасць у сабе. Дзіця, якое з малых гадоў прывучана толькі падпарадкоўвацца, страчвае творчы пачатак, імкнецца пазбягаць адказных рашэнняў, становіцца безыніцыятыўным. Яно прывыкае не абмяркоўваць свае праблемы з бацькамі і ў падлеткавым узросце часта трапляе пад моцны ўплыў аднагодкаў. У такіх сем'ях вялікі ўзровень гвалту сярод хлопчыкаў — прывыкшы да таго, што мае рацыю той, хто мацнейшы, яны і самі могуць аказваць ціск на больш слабых.

Існуюць яшчэ два варыянты выхавання, якія, на думку псіхолагаў, наносяць дзіцяці непапраўную шкоду. Першы варыянт — калі кожны член сям'і, уключаючы бабуль і дзядуляў, прымяняе свой стыль выхавання. Такая "педагогіка" нярэдка заканчваецца развіццём у дзіцяці самага сапраўднага неўрозу. Другі варыянт — рэзкая змена стыляў выхавання. Напрыклад, малы прывык, што яму ва ўсім патураюць, што ён адзіны і любімы, а потым у сям'і з'яўляецца другое дзіця. Бацькі, хочуць яны таго ці не, мяняюць стыль выхавання — і здзіўляюцца таму, што старэйшы стаў нейкім "не такім": нервовым, капрызным, неспакойным...



←Навошта нас перапісвалі?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика