Выкладанне рэлігійнай культуры ў школах: як гэта робіцца ў іншых краінах?

Источник материала:  
29.06.2010 22:28 — Новости Общества

Урокі рэлігійнай культуры ў школе мусяць стаць абавязковым прадметам з выніковым экзаменам, лічыць начальнік Цэнтра міжнародных сувязяў і развіцця тэалагічнай адукацыі Інстытута тэалогіі БДУ Рыгор Даўгяла.

Згодна з яго задумай, вучняў трэба дзяліць: праваслаўным чытаць курс праваслаўнай культуры, каталікам — «з акцэнтам на каталіцкія каштоўнасці», юдэям і мусульманам — адпаведна. Нават атэісты змогуць аддаць дзіця на курсы «свецкай этыкі».

Хто ж будзе вучыць дзяцей духоўнасці? Штогод Інстытут тэалогіі выпускае спецыялістаў. Усяго спецыялістаў ужо навыпускана 300–400 чалавек. Некаторыя нават працуюць у школах: настаўнікамі факультатываў, гісторыі.

Тэалагізацыя не мусіць адбывацца імгненна. Спачатку трэба выбраць пару эксперыментальных школ, кажа Р.Даўгяла. І, вядома, ніякай манаполіі Інстытута тэалогіі на выкладанне не можа быць. «Хай выкладаюць прадстаўнікі усіх афіцыйна дазволеных у Беларусі рэлігій. Ці ёсць канешне у іх спецыялісты, гэта да іх пытанне. А мы гатовы ў школы ісці хоць заўтра», — падсумоўвае ён.

Р.Даўгяла спасылаецца на тое, што рэлігійная адукацыя ёсць у многіх еўрапейскіх краінах. Што ж кажа нам іх досвед?

Вялікабрытанія

Паводле закону гэтай дзяржавы,

усе школьныя праграмы павінны ўтрымліваць рэлігійны кампанент.

Закон аб адукацыі 1996 г. кажа: «Кожная прынятая школьная праграма павінна адлюстроўваць той факт, што рэлігійныя традыцыі ў Вялікабрытаніі ў цэлым хрысціянскія, прымаючы пад увагу вучэнні і практыку іншых асноўных рэлігій, прадстаўленых у краіне». Па ўзгадненні са школьнымі ўладамі дзіця мае магчымасць адмовіцца ад урокаў рэлігіі і ад абавязковай калектыўнай хрысціянскай малітвы. Але вітаецца замена, а не поўная адмова. Таксама, па ўзгадненні, можна змяніць і саму малітву. У краіне дзейнічаюць таксама рэлігійныя школы, напрыклад ісламскія, якія таксама могуць атрымліваць фінансаванне ад дзяржавы.

Германія

Паводле берлінскага мясцовага закона, адрознага ад заканадаўстваў іншых земляў, правядзенне рэлігійных заняткаў з’яўляецца справай тых ці іншых Цэркваў ці рэлігійных грамадаў. Школьнікі могуць добраахвотна браць у іх удзел, прытым

вынікі паспяховасці па іх не ўлічваюцца падчас пераводу вучня ў наступны клас.

Адказнасць за дзеянні Цэркваў у дачыненні школьнікаў ускладаецца на зямельныя органы ўлады.

Іспанія

У адпаведнасці з заканадаўствам, «

рэлігійным арганізацыям, з якімі іспанская дзяржава заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве, гарантуецца прадастаўленне магчымасці весці рэлігійнае адукацыю ў дзяржаўных і прыватных школах

пры наяўнасці адпаведнага жадання з боку вучняў і іх бацькоў». Рэлігійная адукацыя з’яўляецца факультатыўнай, але ажыцяўляецца на розных узроўнях — ад дзіцячага сада да універсітэта. У якасці альтэрнатывы прадмету можна вывучаць нерэлігійныя этычныя прадметы.

Польшча

У Польшчы

закон Божы ў школе такі ж абавязковы прадмет, як польская мова

ці матэматыка. Выкладанне ажыццяўляецца на альтэрнатыўнай аснове. Сістэма нагадвае іспанскую. З тым адрозненнем, што ў Іспаніі ў школе выкладаюцца асновы тых рэлігій, суполкі якіх дасягнулі пагаднення з дзяржавай. А ў Польшчы ўсё залежыць ад колькасці вучняў той ці іншай канфесіі. Паводле польскіх законаў, каб вывучаць асновы сваёй рэлігіі, у класе мае быць не менш за тры вучні-адзінаверцы. Школьная адміністрацыя і настаўнікі ведаюць аб веравызнанні кожнага дзіцяці і ўлічваюць яго на працягу ўсяго навучальнага працэсу.

Фінляндыя

Дзеці пачынаюць вывучаць рэлігію з першага класа. Большасць сем’яў адносяцца да лютэранскіх прыходаў, і 94% дзяцей вывучаюць асновы менавіта гэтай рэлігіі. Аднак ёсць магчымасць вывучаць праваслаўе (яму аддаў перавагу 1% вучняў), каталіцызм, іслам — па жаданні,

а школа мусіць даць кваліфікаванага настаўніка.

Калі ж бацькі — атэісты, дзіця можа вывучаць альтэрнатыўны прадмет «этыку».

Францыя

Першая еўрапейская краіна, дзе

парламент прыняў закон, што забараняе насіць ў дзяржаўных навучальных установах «сімвалы або адзенне, якія відавочна паказваюць на рэлігійную прыналежнасць»

. У першую чаргу гаворка ідзе пра жаночую мусульманскую хустку — хіджаб, юдэйскую шапачку — кіпу і хрысціянскі крыж вялікіх памераў. Французскія ўлады не саступілі нават пасля мноства пратэстаў, бо новы закон, на іх думку, абараняе адну з галоўных каштоўнасцяў Рэспублікі — свецкі характар адукацыі. У Францыі каталіцызм застаецца асноўнай рэлігіяй, але на другія пазіцыі выходзіць іслам. Зараз у краіне жыве каля 6,5 млн мусульманаў. Дзякуючы вялікаму прытоку выхадцаў з ісламскіх краін і высокаму ўзроўню нараджальнасці ў гэтым асяродку, іх доля няўхільна расце.


Настасся Шамрэй

←Белорусская военная делегация находится с визитом в Польше

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика