ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ
Колькасць уцекачоў з-за кровапралітных міжэтнічных сутыкненняў паміж кіргізамі і ўзбекамі на поўдні Кыргызстана можа ўзрасці да 100 тысяч чалавек. Пра гэта паведаміў спецыяльны прадстаўнік генеральнага сакратара ААН Міраславаў Енчэ.
Паводле звестак узбекскіх уладаў, у аўторак раніцай на мяжы з Кіргізіяй налічвалася ўжо 83 тысячы ўцекачоў, у сувязі з чым Узбекістан нават быў вымушаны зачыніць памежную заставу з-за немагчымасці прыняць большую колькасць людзей. Аднак, па меркаванні кіраўніка часовага ўрада Кыргызстана Розы Атунбаевай, колькасць уцекачоў, якія перасеклі мяжу і размешчаныя у прымежнай зоне, не перавышае 40 тысяч чалавек. У выніку міжэтнічных сутыкненняў на поўдні Кыргызстана за апошнія дні загінуў не менш як 171 чалавек, больш за 2000 атрымалі раненні. Тым часам, колькасць пацярпелых можа быць значна большай, паколькі часта медыкі не выязджаюць на выклікі, асцерагаючыся за сваё жыццё.
Становішча ў Ошы па-ранейшаму застаецца напружаным, але ў цэлым кантралюецца войскам. Cпецслужбы Кыргызстана канфіскавалі ў мясцовых жыхароў вялікую колькасць агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, у тым ліку буйнакаліберны танкавы кулямёт, танкавы кулямёт Калашнікава, шэсць АКМ, гранатамёт і больш за тры тысячы патронаў. Улады краіны вядуць перамовы з кіраўніцтвам Расіі пра ўвядзенне сілаў у зону беспарадкаў на поўдні краіны для раз'яднання канфліктуючых бакоў, паведаміла Атунбаева. Гуманітарнае становішча на поўдні Кыргызстана таксама застаецца цяжкім. Людзям не хапае ежы, а ў лагерах уцекачоў з-за недахопу медыкаментаў паміраюць параненыя. Добраахвотнікі з ліку мясцовых жыхароў па ўсёй тэрыторыі краіны збіраюць гуманітарную дапамогу пацярпелым.
ПАЛЯКІ СУДЗЯЦЦА ЗА КРЭСЛА КАЧЫНЬСКАГАУ Польшчы фаварыт выбараў кіраўніка дзяржавы, лідар партыі "Грамадзянская платформа" Браніслаў Камароўскі будзе судзіцца са сваім галоўным канкурэнтам, кіраўніком партыі "Права і справядлівасць" Яраславам Качыньскім, братам загінулага пад Смаленскам прэзідэнта.
Выбарчы штаб Камароўскага падаў іск на свайго візаві Качыньскага, у якім патрабуе ад адказчыка аспрэчыць заяву пра тое, што лідар партыі "Грамадзянская платформа" выступае за прыватызацыю бальніц. Справу разгледзіць у спецыяльным выбарчым парадку Варшаўскі суд. Датэрміновыя выбары прэзідэнта Польшчы пройдуць 20 чэрвеня. Паводле апошняга сацапытання, паміж супернікамі імкліва скарачаецца разрыў. Камароўскі, якому яшчэ месяц таму прадказвалі перамогу ў першым туры, цяпер набірае 41 % галасоў. Качыньскага падтрымліваюць 32 % патэнцыйных выбаршчыкаў.
АМЕРЫКАНЕЦ ПАЛЯВАЎ НА БЕН ЛАДЭНАНа поўначы Пакістана затрыманы грамадзянін ЗША, які заявіў следчым, што ён паляваў на Усаму бен Ладэна. Затрыманы быў узброены пісталетам і шабляй.
Гэры Фолкнер, 52-гадовы будаўнік са штата Каліфорнія, быў затрыманы ў лесе ў правінцыі Чытрал. Паводле слоў следчых, спачатку яны ўспрынялі яго заяву пра мэту знаходжання ў краіне як жарт. Аднак пасля таго, як у затрыманага канфіскавалі зброю і прыбор начнога бачання, да амерыканца вырашылі паставіцца сур'езна. Паводле слоў затрыманага, гэта яго сёмая паездка ў Пакістан і трэці візіт у Чытрал — горны рэгіён, які лічыцца адным з магчымых месцаў, дзе хаваецца правадыр "Аль-Каеды".
З-ЗА КАТА — ПАД СЛЕДСТВА І Ў БАЛЬНІЦУУ Даніі гаспадар ката апынуўся пад следствам, а пяць чалавек — у мясцовай бальніцы. А віной усяму звычка 8-кілаграмовага нахабніка без папытання залазіць у суседскі сад і пазначаць там тэрыторыю.
Такія паводзіны хвастатага вельмі не спадабаліся ўладальніку саду і той вырашыў правучыць гаспадара ката. Ён змайстраваў пастку, злавіў жывёлу і запатрабаваў за яго вызваленне выкуп, які, паводле яго слоў, ён збіраўся накіраваць на пакрыццё нанесенай шкоды. Гаспадар ката вырашыў вызваліць гадаванца. Сабраўшы радню, ён рушыў на штурм суседскага дома. Першы напад быў адбіты, а падчас другога завязалася неслабая калатнеча, у выніку якой пяць чалавек апынуліся ў бальніцы. А гаспадар ката быў затрыманы паліцыяй і знаходзіцца пад следствам.