У Беларусі з 1990 года вынесены 321 смяротны прысуд
Паводле інфармацыі Упраўлення арганізацыі і аналітычнага забеспячэння дзейнасці судовых органаў,
пік вынясення смяротных прысудаў прыпадае на 1997‑1998 гады (адпаведна, 46 і 47 смяротных прысудаў),потым назіраецца істотнае змяншэнне гэтай непрымальнай для еўрапейскіх цывілізаваных краінаў практыкі.
Эксперты тлумачаць рэзкае змяншэнне выпадкаў вынясення смяротных пакаранняў беларускімі судамі ўдасканаленнем Крымінальнага кодэкса ў 1999 годзе.
− Вялікая колькасць смяротных прысудаў у 1995‑1998 гадах тлумачыцца разгулам злачыннасці ў пачатку 90‑х. Звычайна толькі праз некаторы час, колькі год, гучныя справы па дзейнасці буйных крымінальных груповак расследаваліся і даходзілі да суда. Калі ў Крымінальны кодэкс былі ўнесены змены, і суддзі атрымалі магчымасць караць 25 гадамі ці даваць пажыццёвае зняволенне, колькасць вынясення смяротных прысудаў рэзка паменела, што, безумоўна, даволі пазітыўна. Але я лічу, што Беларусь, каб наблізіцца да стандартаў Рады Еўропы, мусіць цалкам адмовіцца ад смяротнага пакарання. Сусветная гісторыя сведчыць, што наяўнасць у краіне смяротнага пакарання не змяншае колькасць цяжкіх крымінальных злачынстваў, − каментуе атрыманыя ад Мінюста лічбы актывіст Руху «За Свабоду», праваабаронца Раман Кісляк.
milinkevich.org