Гродна. Чэрвень. Фэст!
10.06.2010
—
Новости Общества

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які сёлета праходзіў ужо ў восьмы раз, стаў рэкордным па колькасці прадстаўленых на ім супольнасцяў
Старажытны горад — у пышнай зеляніне, пахах белай акацыі, язміну, начных спевах наднёманскіх салаўёў. Ён, як заўсёды, прыветны, прыгожы. Да таго ж тут у згодзе жывуць прадстаўнікі ці не сотні розных этнасаў, вялікія традыцыі талерантнасці. Таму, пэўна, і камфортна вялікаму інтэрфэсту на вуліцах, пляцоўках абласнога цэнтра яшчэ з сярэдзіны дзевяностых. Як вядома, Гродзенскі фэст збірае гасцей праз кожныя два гады. На першым свяце ў Гродне былі прадстаўнікі 11 нацыянальнасцяў. Сёлетняе паставіла рэкорд: 40 супольнасцяў дэлегавалі сюды каля тысячы талентаў! Прыехалі і сотні гасцей з расійскіх, літоўскіх, польскіх і германскіх гарадоў-пабрацімаў.

Інтэрфэст не проста вырас больш чым у тры разы. Вялізным тэатралізаваным шэсцем ён урачыста пракаціўся па вуліцах, зноў расправіў крылы творчасці на Савецкай плошчы і ўпершыню — на гарадскім стадыёне. Усе ўдзельнікі свята добра ведаюць: цяпер “дайсці да Гродна” — ужо вялікае дасягненне.

Таленты з розных этнакультур упрыгожылі гасцінны горад. Толькі лепшыя з лепшых гурты, выканаўцы, прайшоўшы за год этапы рэгіянальных, абласных конкурсаў заваявалі такое права. Увогуле ж у Гродне сёлета прэзентавалі сваю культуру, традыцыі многія нацыянальныя падворкі. Дарэчы, месяц таму быў сведкам, як лідары этнасуполак за адным круглым сталом наступалі на Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гуляку: дайце больш месцаў на інтэрфэсце, нам яшчэ шмат чаго ёсць паказаць. Але ж для Гродна сёння прыняць, размясціць адразу больш за тысячу гасцей складана. Ды горад развіваецца, будзе мацнець і інтэрфэст. Між іншым, усё больш прыхільнікаў заваёўвае ідэя менавіта там ладзіць і фэст суполак беларускай дыяспары, таксама раз на два гады.


На канцэрце “Беларусь — наш родны дом” выступалі лепшыя творчыя калектывы этнасуполак краіны. І паўтары гадзіны спяваў народны артыст Расіі Алег Газманаў, а ўрэшце неба ўпрыгожыў вялікі феерверк. Тым часам на Савецкай плошчы спачатку ішла трансляцыя адкрыцця інтэрфэсту, потым іграў Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, выступалі прафесійныя артысты.

Тры дні Гродна жыло святам. Адкрываўся Фантан дружбы на наберажнай Нёмана, працаваў горад народных майстроў, выступалі самадзейныя творчыя калектывы і аркестры Гродзеншчыны, прафесійныя гурты з Літвы, запрашалі гасцей нацыянальныя падворкі, прапаноўваліся “прысмакі на розныя смакі”...

Іван Ждановіч
На здымках: Фэст нацыянальных культур у Гродне 2010