Каля Мінадукацыі прайшла акцыя
Як сказаў адзін з арганізатараў акцыі, прэтэндэнт на пасаду кандыдата ў прэзідэнты ў Беларусі палітык Алесь Міхалевіч, гэтай акцыяй яе ўдзельнікі хацелі паказаць, што міністру адукацыі Аляксандру Радзькову «даўно пара ісці у адстаўку».
«Ніхто не зрабіў для разбурэння беларускай сістэмы адукацыі больш, чым Аляксандр Радзькоў.Пры ім былі ліквідаваны профільныя класы, паменшылася колькасць гадзін выкладання замежных моў, ліквідаваны такі неабходны з майго пункту гледжання прадмет, як «Сусветная мастацкая культура», а ў рэформе адукацыі з пераскокваннем з 11‑класнай на 12‑класную сістэму навучання і назад пануе поўны бардак», — заявіў Міхалевіч.
Паводле яго меркавання, цяпер беларуская сістэма адукацыі скіравана на павышэнне колькасці студэнтаў, а не на якасць іх навучання. «Мы лічым, што ўсе рэформы адукацыі павінны праводзіцца не асобным ведамствам — Міністэрствам адукацыі, а ўлічваць меркаванне выкладчыкаў і педагогаў, якія б удзельнічалі ў распрацоўцы рэформы. Цяпер гэта не робіцца», — сказаў Міхалевіч.
Паводле яго слоў, заява з патрабаваннем адстаўкі Аляксандра Радзькова была адпраўлена на імя міністра сёння ў Міністэрства адукацыі поштай.
Акцыя працягвалася каля дзесяці хвілін і завяршылася без затрыманняў.
Аляксандр Радзькоў быў прызначаны міністрам адукацыі ў жніўні 2003 года.
Сяргей Пульша, БелаПАН