Фонд «Шанц» дзякуе дабрачынцам за дапамогу ў зборы сродкаў на лячэнне цяжкахворых дзяцей

Источник материала:  
22.05.2010 15:34 — Новости Общества
Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Шанц» выказвае ўдзячнасць дабрачынцам за дапамогу ў зборы сродкаў на лячэнне цяжкахворых дзяцей, паведаміла БелаПАН спецыяліст па сувязях з грамадскасцю фонду Таццяна Жахоўская.

Паводле яе слоў, сабраныя 65.142 даляры ЗША і 20.091.500 рублёў дазволілі правесці ў шведскай клініцы аперацыю па імплантацыі вадзіцеля рытму дыяфрагмы ў трохгадовай Паліны Мішуты з Наваполацка (Віцебская вобласць) — дзяўчынкі з сіндромам пракляцця Ундзіны (ідыяпатычнае апноэ ў сне). Дзіця ад нараджэння знаходзілася ў рэанімацыі, падчас сну дзяўчынку падключалі да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Дзякуючы аперацыі Паліна набыла магчымасць дыхаць самастойна. Зараз дзяўчынка адчувае сябе добра і пакуль знаходзіцца ў Наваполацкай гарадской бальніцы пад наглядам дактароў. Бацькі Паліны ўдзячныя тым, хто пералічыў сродкі на лячэнне іх дачкі і падараваў іх дзіцяці шанц на паўнацэннае жыццё.

Завершаны збор сродкаў на лячэнне Аліны Гарэлавай з дыягназам «нейрасэнсорная двухбаковая тугавухасць IV ступені». Дзяўчынка можа вярнуць слых з дапамогай кахлеарнай імплантацыі. У поўным аб"ёме сабраныя сродкі, якія неабходныя для пакупкі слыхавога імпланта, і хутка адбудзецца аперацыя па яго ўжыўленні. Ёсць надзея, што Аліна набудзе магчымасць адкрыць для сябе свет гукаў.

Фонд дзякуе ўсім, хто адгукнуўся на заклік пра дапамогу 13-гадоваму Жэню Валчку — падлетку з прыроджаным парокам сэрца. Нядаўна Жэня з мамай вярнуліся з Ерэвана, дзе хлопчык быў праапераваны. Зараз падлетак ідзе на папраўку.

Завершана акцыя па збіранні сродкаў на дапамогу 12-гадовай Машы Рахлей з дыягназам «адамантынома вялікабярцовай косці». Неабходныя для правядзення аперацыі 29.000 даляраў ЗША сабраныя. Зараз Маша знаходзіцца ў Расійскім анкалагічным навуковым цэнтры імя Мікалая Блахіна, дзе ёй хутка будзе зроблена аперацыя па выдаленні паражонага ўчастка косці і замене яго эндапратэзам.

«Шанц» выказвае шчырую падзяку ўсім нераўнадушным людзям за супрацоўніцтва, разуменне і падтрымку, а таксама запрашае стаць дабрачынцам фонду, атрымаць шанц праявіць міласэрнасць і далучыцца да высакароднай справы дапамогі цяжкахворым дзецям.


БелаПАН

←Міністр Куляшоў: Любыя спробы легалізаваць злачынныя даходы праз ігральныя ўстановы Беларусі будуць спыняцца імгненна

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика