Родных словаў цеплыня
14.05.2010
—
Новости Общества
![Родных словаў цеплыня](http://www.21.by/pub/news/2010/05/1275979332335783.jpg)
Гэта выданне заўважаў кожны, хто падыходзіў да стэнда “Беларуская дыяспара. Нацыянальныя супольнасці” на ХІV Міжнароднай спецыялізаванай выставе «СМІ ў Беларусі». “Узнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь” — чытаем на “шапцы”, у верхняй частцы газеты беларусаў Латвіі “Прамень”. Уявіце сабе: выдаецца яна ў Рызе ўжо 16-ы год, і не маленькім аркушам, а поўным фарматам. І напярэдадні свята Перамогі выйшаў ужо 160-ы нумар: чатыры старонкі “ў колеры”, цікавыя тэксты. Нашы калегі змясцілі і Віншавальны зварот Пасла Беларусі ў Латвіі Аляксандра Герасіменкі. Клопаты пра ветэранаў, якія пражываюць у краіне, — адзін з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі Беларусі, чытаем у звароце. Па ацэнцы дэлегацыі Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў, якая наведала Беларусь у 2009 годзе, добрыя адносіны да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, клопаты пра іх, якія праяўляюцца ў Беларусі — узор для пераймання ва ўсім свеце.
А на развароце святочнага “Праменя” — дыялог пакаленняў. Што перадаюць у спадчыну дзецям, унукам, праўнукам воіны-пераможцы? Газета змясціла матэрыялы юных суайчыннікаў з розных суполак Саюза беларусаў Латвіі: Беларускага таварыства “Прамень” (Рыга), Культурна-асветніцкага таварыства “Уздым” (Даўгаўпілс), Ліепайскай беларускай сябрыны “Мара” і Беларускай асноўнай школы (Рыга). А побач з тэкстамі, фота ваеннай пары — юныя твары нашчадкаў Перамогі. “Цікава! Гэта вялікая творчая ўдача!” — гаварылі госці стэнда галоўнаму рэдактару “Праменя” Лявону Шакаўцу, старшыні Саюза беларусаў Латвіі Валянціне Піскуновай, іншым землякам, якія не першы год прыязджаюць у Мінск на выставу.
![Родных словаў цеплыня](http://www.21.by/pub/news/2010/05/1275979332366546.jpg)
Сённяшні год, як вядома, у Беларусі праходзіць пад знакам якасці. А інфармацыйны камфорт, ці магчымасць атрымаць тыя звесткі, якія цікавыя чалавеку, — таксама адзін з важных паказчыкаў якасці жыцця. Сярод сотняў розных друкаваных выданняў, радыё- і тэлеканалаў — яны шырока былі прадстаўлены на выставе — а таксама інтэрнэт-сайтаў сваю адметную нішу ў інфапрасторы Беларусі займаюць і выданні этнасуполак: газеты ўкраінцаў “Ватра” і “Украінець в Беларусі”, палякаў “Głos znad Niemna”, “Авив” яўрэяў, “Міасін” армян, “Айкумена” грэкаў, “Романо лав” цыганоў і шэраг іншых.
На галоўнай пляцоўцы выставы ў першы ж дзень яе работы ўшаноўваліся выданні, журналісты Беларусі “за высокапрафесійнае асвятленне пытанняў міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжкультурнага дыялогу ў Беларусі і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой”. Дыпломы лаўрэатам конкурсу, які праводзяць сумесна Міністэрства інфармацыі і Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, уручылі намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч і Упаўнаважаны Леанід Гуляка.
Дарэчы, у ліку пераможцаў конкурсу сёлета, які і летась, — спецыяльны карэспандэнт газеты “Голас Радзімы” Іван Ждановіч.
Потым ішла жывая размовы за круглым столом «Дыялог дыяспар: дыяспара і СМІ», у якой паўдзельнічалі прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі і апарата Упаўнаважанага, беларускай дыяспары, этнасуполак Беларусі, журналісты. Адзначалася: сродкі масавай інфармацыі для дыяспар — гэта не проста “знак прысутнасці”. Яны дапамагаюць суайчыннікам не адрывацца ад радзімы, адчуваць сваю каштоўнасць і вагу ў грамадстве, рэалізоўваць паўней культурна-этнічныя патрэбы. Урэшце: са “сваімі” СМІ людзі, адарваныя ад этнічнай радзімы, больш камфортна адчуваць сябе ў соцыуме. Але дзе браць
сродкі на выданні? Як утрымацца ім у канкурэнтных медыя-асяродках?..
Больш падрабязна пра дыялог дыяспар чытайце ў наступным нумары.
Іван Іванаў