Каханне. Спорт. Вясна

Источник материала:  

А сёмай вечара. Заняткi скончаны. Калiдор, чарга каля гардэроба... Адчыняю дзверы, выходжу з унiверсiтэта на вулiцу i замiраю. Гараджане не спяшаюцца ў метро, як гэта бывае зiмой, а проста адпачываюць: сядзяць на лаўках, катаюцца на скейтбордах i веласiпедах. Вясна i сапраўды прыйшла да нас.

Рухаюся ў бок парка Горкага — хочацца прагуляцца, падыхаць свежым паветрам, пакармiць качак. На аўтобусе шыльда: «Працуе кандуктар». Адразу ўзгадваецца надакучлiвае «Аплачваем праезд!» i сумныя погляды пасажыраў. Але вясна не толькi на вулiцы, яна i ў транспарце. «Дзе вы, мае паслухмяныя зайчыкi?» — чую голас кандуктара. I, не паверыце, сапраўды захацелася заплацiць за праезд!

Прырода ажывае, i парк ужо прымае гасцей. Працуюць кафэ, не пустуюць веласiпедныя дарожкi. Разгаварылася з адным веласiпедыстам. Сцёпа з тых, хто любiць жыццё, сябе, а значыць, выбiрае для сябе здаровы лад жыцця. Зiма для яго — гэта лыжы i сноўборд, лета — ролiкi i веласiпед.

Летась у гэтым парку, на веладарожцы, ён пазнаёмiўся з дзяўчынай, у якую закахаўся. «Белая паласа не раздзялiла, а, наадварот, звяла, — смяецца ён. — Добра атрымалася: каханне, спорт, вясна».

Вечарам я была ўпэўнена, што адшукала сваю вясну. Дома яе, вядома ж, не сустрэнеш. Яна ў кожным глытку свежага паветра, у кожным кроку па цёплым асфальце, у прадчуваннi казачнага кахання. Як добра, што яна ёсць.

←Гаубица Самбука

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика