АНТ раскажа пра подыумную залежнасць
Карэспандэнт агульнанацыянальнага тэлебачання Валерыя Луцкова падрыхтавала фільм "Каралеўскія канікулы" — пра конкурс "Міс Інтэркантыненталь" і яго леташнюю пераможцу, венесуэльскую прыгажуню Анелі Кінтэра.
"Гэта аповед пра дзяўчат, якія не могуць жыць без конкурсаў. Мы паспрабавалі разабрацца, навошта відавочна прыгожым дзяўчатам пацвярджаць сваю прывабнасць, і ці бывае залежнасць ад подыуму", — расказвае аўтарка. Расказ гэты пабудаваны на ўспамінах удзельніц, арганізатараў і галоўнай гераіні — "Міс Інтэркантыненталь-2009" Анелі Кінтэра. У 50-хвілінным фільме "Каралеўскія канікулы" гледачы ўбачаць як будні канкурсантак, так і грандыёзны фінал шоу, падарожжы па Беларусі і выматвальную падрыхтоўку...
Дарэчы, пасля конкурсу, які адбываўся летась у Мінску, здымачная група АНТ з'ездзіла ў Венесуэлу, каб даведацца, каму каралева прыгажосці абавязана сваёй яркай знешнасцю і якіх ахвяраў патрабуе бездакорны выгляд. Зазірнулі беларускія тэлевізійнікі і ў госці да Анелі — у чатырохпакаёвую кватэру ў цэнтры Каракаса, праехаліся з прыгажуняй па вуліцах на яе вялізным джыпе па звыклым маршруце: салоны прыгажосці, масажныя кабінеты, пляцоўкі для сустрэч з прыхільнікамі. "Анелі не падобная ні да каго са сваіх братоў і сясцёр, — канстатавала Валерыя Луцкова, — пры тым, што ў яе сям'і 11 дзяцей! А тлумачэнне гэтаму простае: выдатныя магчымасці пластычнай хірургіі ў Лацінскай Амерыцы...".
Хто прадказаў венесуэльскай дзяўчыне вялікую будучыню, з'яўляецца для яе праца на тэлебачанні кар'ерай або хобі і ці цяжка заставацца каралевай у паўсядзённым жыцці — пра ўсё гэта даволі шчыра расказала беларусам сама прыгажуня. Фільм "Каралеўскія канікулы" АНТ пакажа 10 мая.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.