“Шэўрале” для паэта

Источник материала:  
“Шэўрале” для паэтаДзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы прэзентаваў унікальны экспанат
Было цяжка паверыць, што бліскучаму, адпаліраванаму аўтамабілю “Шэўрале”, выстаўленаму на некалькі дзён у Купалаўскім скверы, аж 73 гады! Але яшчэ цяжэй — уявіць, што на ім раз’язджаў першы народны паэт Беларусі.
— У Янкі Купалы гэтая машына з’явілася ў 1939 годзе, — расказала вучоны сакратар музея Ала Дражна. — Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Панцеляймон Панамарэнка замяніў ёю раней падараваную паэту савецкую “Эмку”. Менавіта на “Шэўрале” Купала ў чэрвені 41-га пакінуў палаючы Мінск, пераехаў спачатку ў Ляўкі, потым у Маскву, а пазней рушыў у эвакуацыю ў кірунку Казані.
Пасля смерці паэта ў 1942 годзе машына перайшла ва ўласнасць яго жонкі Уладзіславы Луцэвіч. Праз восем год яна перадала яе Дзяржаўнаму літаратурнаму музею Янкі Купалы. Спачатку экспанат выстаўляўся ў філіяле музея ў Вязынцы Маладзечанскага раёна, дзе нарадзіўся паэт, а з 1972 года — у Ляўках Аршанскага. Сюды паэт некалі прыязджаў на дачу. А восенню 2009 года “Шэўрале”, па ініцыятыве Міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, перавезлі ў Мінск для касметычнага рамонту і кансервацыі.
Пасля экспанавання ў сталіцы адноўленае рарытэтнае аўто беларускага паэта зноў вярнулася ў гараж у Ляўкі. Навуковыя супрацоўнікі музея пакуль сумняваюцца, ці будзе Купалаўскае “Шэўрале” выстаўляцца ў іншых гарадах Беларусі. Усё ж перавозіць экспанат коштам сто тысяч еўра небяспечна.
Аўтамабіляў Chevrolet GA Master DeLuxe сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. Толькі адзін
з іх трапіў у Беларусь. І дастаўся менавіта Купалу. Народнаму паэту Беларусі, стваральніку новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, песняру, які не пераставаў у шматлікіх вершах, паэмах і п’есах адстойваць права беларускага народа на самабытнасць. Купала не толькі пісаў. Рэдагаваў першую беларускую газету “Наша ніва”, перакладаў творы А. Пушкіна, А. Міцкевіча, І. Крылова, М. Някрасава, працаваў ва Украінскай і Беларускай Акадэміях навук.
Так, імя Янкі Купалы ведае з дзяцінства кожны беларус. Яго можна сустрэць не толькі ў школьных падручніках, энцыклапедыях і літаратуразнаўчых працах. У гонар песняра названыя вуліцы гарадоў і вёсак Беларусі, бібліятэкі, школы, драматычны тэатр ў Мінску, Гродзенскі універсітэт і іншае. Добра ведаюць Купалу і за мяжой. У Маскве, напрыклад, усталяваны помнік народнаму паэту Беларусі.
— На днях завітаў у музей грамадзянін ЗША, — прыгадвае Ала Дражна. — Мы вырашылі, што ён прыйшоў паглядзець толькі рарытэтны аўтамабіль. Аднак не — спецыяльна ў музей прыехаў. Каля дзвюх гадзін вывучаў экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю нашага песняра: дзённікі, рукапісы, зборнікі, уласныя рэчы паэта... Вось такая нечаканая цікавасць...

Людміла Мінкевіч

←Что подорожает к лету?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика