ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ
На пасяджэнні парламента Украіны дэпутат ад Блока Юліі Цімашэнкі Уладзімір Яварыўскі заявіў, што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, па яго звестках, можа адбыцца новы выбух. Як засведчыў пісьменнік і журналіст, гэты выбух будзе больш магутны, чым у 1986 годзе, і пацерпіць не толькі Украіна, але і яе суседзі, паведамляе "Новы рэгіён".
Пытанне пра стан АЭС Яварыўскі ўзняў, каментуючы паведамленне пра дасягнутую ў красавіку дамоўленасць украінскага прэзідэнта Віктара Януковіча з кіраўніком ЗША Баракам Абамай пра выдаткаванне Вашынгтонам Кіеву 250 млн долараў для прыняцця мераў бяспекі на ЧАЭС.
Яварыўскі заявіў, што ў курсе цяперашняй сітуацыі на станцыі, бо раней узначальваў парламенцкі камітэт, які займаўся праблемамі Чарнобыля. Па дадзеных дэпутата, нягледзячы на велізарныя сродкі, якія ўкладваюцца ва ўтрыманне атамнай электрастанцыі ў Чарнобылі, яе стан выклікае занепакоенасць.
Як растлумачыў Яварыўскі, калі ў рэгіёне адбудзецца "землятрус 5-6 балаў", незамацаваная накрыўка на рэактары "з'едзе" і раздасца магутны выбух. Паводле меркавання дэпутата, новая аварыя будзе мець разбуральныя наступствы не толькі для Украіны, але і для суседніх краін.
Колькасць ахвяраў землятрусу ў Кітаі перавысіла 400 чалавекКолькасць ахвяраў магутнага землятрусу ў павеце Юйшу заходняй кітайскай правінцыі Цінхай перавысіла 400 чалавек, больш 8000 атрымалі раненні. Выратавальныя работы праводзіліся актыўна, у дапамогу мясцовым выратавальнікам выехалі адмыслоўцы і пажарнікі з суседніх правінцый, былі прыцягнуты вайскоўцы.
У рэгіёне ўчора адразу распачалася пошукава-выратавальная аперацыя, былі разбураныя жылыя дамы і некалькі навучальных устаноў — у большасці аднапавярховыя будынкі з гліны і дрэва. Ва ўсіх школах павета спынены заняткі. Некалькі школ абрынуліся. Адмыслоўцы на месцы адзначаюць, што пры такіх разбурэннях колькасць ахвяраў будзе ўвесь час расці. Створаны штаб па ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства, паведамляецца пра востры недахоп медыкаментаў, медработнікаў, прадметаў першай неабходнасці, цёплай адзежы, прадуктаў харчавання, а таксама тых, хто можа падключыцца да разбору завалаў і выратавання людзей, якія застаюцца пад развалінамі.
Польшча падоўжыла агульнанацыянальную жалобуМаршал Сойма, выканаўца абавязкаў прэзідэнта Польшчы Браніслаў Камароўскі падоўжыў агульнанацыянальную жалобу на два дні — да поўначы нядзелі, 18 красавіка. Пра гэта паведамляе газета Wіadomoscі.
Першапачаткова тыднёвая жалоба павінна была падоўжыцца да пятніцы, 16 красавіка. Новая дата яе заканчэння прымеркаваная да пахавання загінулага прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага і яго жонкі Марыі, якое адбудзецца 18 красавіка ў Кракаве. Вялікая частка загінулых у крушэнні пад Смаленскам будзе пахаваная за дзень да гэтага.
Як чакаецца, цырымонію пахавання Качыньскіх наведаюць многія сусветныя лідары. Паводле звестак BBC News, Кракаў наведаюць прэзідэнты ЗША і Францыі Барак Абама і Нікаля Сарказі.
Цырымонія развітання з Качыньскім пачалася 13 красавіка ў Варшаве, куды яго цела было дастаўлена пасля апазнання з Масквы. Чарга да прэзідэнцкага палаца, у якім выстаўлена труна з целам загінулага, дасягае некалькіх кіламетраў.
У выніку ўрагану ў Індыі загінулі 56 чалавекАхвярамі ўрагану на ўсходзе Індыі сталі 56 чалавек. Пра гэта паведамляе Assocіated Press са спасылкай на прадстаўнікоў індыйскай паліцыі.
Моцнымі парывамі ветра былі змеценыя дзясяткі тысяч дамоў у штатах Заходняя Бенгалія і Біхар. Сотні вёсак засталіся без электрычнасці і тэлефоннай сувязі. У Біхары з-за ўрагану абрынулася сцяна турмы, улады былі змушаныя тэрмінова эвакуяваць 600 зняволеных.