“Шэры вол”: перажывём!
Паводка на Прыпяці для вяскоўцаў з петрыкаўскага Снядзіна -- звычайнае жыццё...
Паводка на Прыпяці для вяскоўцаў з петрыкаўскага Снядзіна -- звычайнае жыццё...
У так званай зарэчнай зоне на Петрыкаўшчыне знаходзяцца, акрамя Снядзіна, яшчэ тры населеныя пункты -- Мардвін, Таргашын і Белін, а ўсяго пражывае 275 чалавек. Веснавое разводдзе і сёлета “адрэзала” іх на некалькі тыдняў ад “вялікай зямлі”. Але людзі не апынуліся сам-насам з вадой у гэтыя няпростыя дні: зроблена ўсё па забеспячэнню насельніцтва таварамі першай неабходнасці і такімі ж паслугамі, як і ў “неадрэзаных” вёсках...
-- Сёлета, як ніколі, было шмат снегу, ледастаў на Прыпяці ў асобных месцах дасягаў паўметра, таму рыхтаваліся да складанай сітуацыі ў час паводкі, -- сказаў карэспандэнту “БН” старшыня Галубіцкага сельскага СП Уладзімір Аляксандраў на паромнай пераправе каля вёскі Дарашэвічы. -- Добра, што вясна выдалася зацяжной, талыя воды сышлі непрыкметна... Прыпяць пачала разлівацца пасля крыгаходу. Да сярэдзіны мінулага тыдня населеныя пункты забяспечваліся ўсім неабходным у аб'езд, па 100-кіламетровай дарозе. Калі мост на ёй затапіла, на выручку паспяшаліся супрацоўнікі Рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння МНС Беларусі. Зараз на ваду спускаецца катэр ДРБУ-112, яшчэ да Вялікадня па раскладзе пачне курсіраваць цеплаход “Коршун”... Вада за апошнія суткі прыбывае ўсяго па 3--4 сантыметры, а каля Чэрнічаў у Жыткавіцкім раёне яна пачынае спадаць. Такой паводкі, як у 1979-м і 1999-м гадах, можна сказаць, не будзе....Выратавальнікі, тым часам, спусцілі на ваду два катэры на паветранай падушцы і запрасілі журналіста “БН” наведаць вёску Снядзін. Вадзіцель “Арго”, старшына ўнутранай службы Жазэ Піліп Бакпэ тлумачыць, што перамяшчацца ў невялікім салоне можна толькі па камандзе прапаршчыка Віталя Пацкевіча, каб не парушыць раўнавагі. Ад парыву бакавога ветру судна будзе “заносіць”, але гэтага баяцца не трэба.
Дарога да Снядзіна па вадзе заняла каля паўгадзіны. На цэнтральнай вуліцы нас сустрэлі суседзі -- Ніна Васільеўна Хальчэня і Уладзімір Андрэевіч Занкевіч. Патлумачылі: да паводак землякі даўно прывыклі, загадзя ж рыхтуюцца. Вяскоўцы здаўна называюць веснавы разліў “шэрым валом”, які крыху “патрэцца” ля падворкаў ды і сыдзе прэч. Больш, мяркуюць палешукі, трэба баяцца “чырвонага вала” -- пажару. Пасля разводдзя мясцовыя палеткі і сенажаці даюць добрыя ўраджаі, нездарма ж мясцовы калгас “Камсамолец” некалі быў у ліку перадавых. Потым зарэчная зона стала аддзяленнем саўгаса “Ляскавічы”. Дзякуючы яго былому дырэктару Івану Міхайлавічу Бамбізе да вёсак былі пракладзены дарогі...
...Наведалі мы ФАП, у якім фельчар Ганна Андрэеўна Хальчэня працуе каля 45 гадоў! Яна добра ведае, хто з землякоў мае патрэбу ў тых ці іншых леках. Запас медыкаментаў у час паводкі дастатковы. Загадчыца ж магазіна Ганна Іванаўна Марцынкевіч штодня на падводзе развозіць хлеб, іншыя прадукты па суседніх вёсках. Дзверы мясцовай крамы былі адчынены. Зайшлі мы туды і пераканаліся: выбар тавараў такі ж самы, як і ў Дарашэвічах, Галубіцы, Вышалаве.
Уладзімір Аляксандраў заўважыў: хоць школу сёння наведваюць усяго 16 вучняў, яе зачыняць не будуць. У вёсцы працуе ў звычайным рэжыме аддзяленне паштовай сувязі: любімыя выданні падпісчыкі атрымліваюць без спазнення.
Пагутарылі з вяскоўцамі на вуліцах. Гэта пераважна пажылыя людзі, якія прывыклі да цяжкасцей у час паводкі. І зараз увагай з боку мясцовай улады яны задаволеныя. Старшыня сельскага Савета сам родам са Снядзіна, аператыўна адгукаецца на любую просьбу землякоў.
...На зваротнай дарозе прыпыніліся на ўскрайку вёскі Вышалаў, дзе вясковец Вячаслаў Ткачэнка папрасіў падвезці дадому жонку Валянціну, якую забраў з бальніцы... Тым часам другі катэр -- “Стралец-5” -- хутка паімчаў ізноў у Снядзін... У такім напружаным рэжыме сталічныя выратавальнікі працуюць у Петрыкаўскім раёне ўжо другі тыдзень. Будуць тут заставацца, пакуль узровень вады ў Прыпяці не пачне зніжацца...
Аляксандр ЛІСІЦКІ, “БН”
Петрыкаўскі раён.
НА ЗДЫМКАХ: “Арго” на ўскрайку цэнтральнай вуліцы ў Снядзіне.
Фота аўтара