Самыя жаданыя мужчыны свету — родам з Ірландыі, Чэхіі і Нігерыі

Источник материала:  

Прыгожае жыццё

Подых глабалізацыі закрануў і індустрыю прыгажосці — на конкурсе "Містэр свету-2010", што завяршыўся ў гэтыя выхадныя ў Паўднёвай Карэі, перамог 24-гадовы Камаль Ібрагім з... Ірландыі, дарэчы, Ірландыя і Паўночная Ірландыя ўдзельнічалі ў конкурсе паасобку). Тытулы першага віцэ-містара журы прысудзіла аднаму з самых дарослых удзельнікаў — 31-гадоваму спартыўнаму кансультанту Жозефу Карасу з Чэхіі, другім стаў 26-гадовы маркетолаг Кенет Окалі з Нігерыі. Такім чынам, можна меркаваць, што мужчынскае шоу падпарадкоўваецца той жа тэндэнцыі, што і жаночыя — у фаворы брунеты з экзатычнай знешнасцю. Ва ўсякім выпадку, менавіта так палічылі суддзі — старшыня аргкамітэта конкурсу Джулія Морлі, "Міс свету-2007" кітаянка Чжань Цзілінь, "Міс свету-2008" расіянка Ксенія Сухінава, "Міс Карэя-2009" Джо-ры Кім, першы ўладальнік тытула "Містэр свету" (1996) бельгіец Том Ньюэнс, дызайнер Андрэ Кім ды іншыя.

Самыя жаданыя мужчыны свету — родам з Ірландыі, Чэхіі і Нігерыі"Самы жаданы мужчына свету" Камаль Арланда Ібрагім працуе тэлевядучым у горадзе Лімерыку (сталіца аднайменнага графства на захадзе Ірландыі і радзіма знакамітых лімерыкаў — жартоўных песенек і вершаў з пяці радкоў). Зрэшты, мары ў яго больш высокія — у прамым сэнсе: малады чалавек марыць стаць прафесійным пілотам авіяліній, і дзеля гэтага гатовы нястомна вучыцца і працаваць. Напрыклад, дзеля конкурсу "Містэр свету" Камаль трымаўся жорсткага рэжыму падрыхтоўкі — 4 дні на тыдзень заняткі гімнастыкай, спецыяльная дыета, урокі гітары і фартэпіяна плюс дадаткова вывучэнне літаратуры па гісторыі і культуры Карэі... Што з гэтага дапамагло найбольш вылучыцца з ліку 73 канкурэнтаў — невядома, сам пераможца лічыць, што рашаючую ролю мела яго адкрытасць, "уменне разумець людзей і бачыць рэчы з іх пункту гледжання". Разам з лаўрамі "Містара свету" Камаль Ібрагім атрымаў галоўны прыз — 50 тысяч долараў і магчымасць заключыць кантракт з брытанскім мадэльным агенцтвам.

Нагадаем, сёлета ў конкурсе "Містар свету" ўпершыню ўдзельнічала і Беларусь. Прадстаўнік нашай краіны, 21-гадовы студэнт універсітэта фізкультуры і мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці Міхаіл Баранаў у фінальную 15-ку лепшых не трапіў, але наўрад ці можна называць ягоны дэбют няўдалым: беларус выдатна паказаў сябе ў спартыўных конкурсах, а таксама ў кулінарным спаборніцтве. Не кажучы ўжо пра тое, што праклаў дарогу ў Карэю" іншым ахвотным прадэманстраваць прыгажосць, сілу і мужнасць беларускіх мужчын. Прадстаўнік Азербайджана (таксама краіны-дэбютанта) Хафіз Агаеў, які праходзіў падрыхтоўку да конкурсу ў Беларусі, у студыі моды Сяргея Нагорнага, сваім выступленнем увогуле падштурхнуў родную краіну да правядзення першага нацыянальнага конкурсу прыгажосці. А ў нас — хто ведае, можа, следам за "Міс Беларусь" сёлета ці налета будзе абраны і першы "Містэр Беларусь"?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Фота www.mrworld.tv.

←Што стане з касцёлам Св. Юзафа?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика