Сцяна плачу як цуд тэхнікі
Сучаснае абсталяванне на сцэне Вялікага тэатра стварае зусім іншы оперны свет
Кожны, хто наведае прэм'ерны оперны спектакль, асабіста адчуе, дзеля чаго было патрэбнае пераабсталяванне тэатра і начыненне яго рознымі тэхнічнымі сродкамі, якія робяць сцэну рухомай. Дзеля такіх пастановак, як "Набука": опера Джузэпэ Вердзі з дапамогай сучасных тэхналогій перанясе вас не толькі ў іншыя краіны, а нават эпохі. У беларускіх гледачоў ёсць магчымасць уявіць Іерусалімскую Сцяну Плачу, якая засталася пасля руйнавання храма цара Саламона вавілонскім царом Навухаданасорам. Пра што, уласна, і сам спектакль. Паставіў яго ў Беларусі ўладальнік "залатой маскі", рэжысёр Вялікага тэатра Расіі Міхаіл Панджавідзэ. Дзякуючы стасункам з Вячаславам Волічам, які стаў дырыжорам-пастаноўшчыкам спектакля, расійскаму рэжысёру выпала роля выпрабавальніка новага абсталявання.
— Гэта вельмі рызыкоўны праект, але хто не рызыкуе... Мы працавалі на вынік, што далося надзвычай цяжка!.. — адзначыў Міхаіл Панджавідзэ. — Новыя тэхналогіі ў тэатры — на мой погляд, гэта шанц следаваць алімпійскаму прынцыпу "хутчэй, вышэй, мацней!"
Але калі гаворка пра мастацтва, то галоўнае спаборніцтва ўсё-такі — творчае. І тут даводзілася спаборнічаць з самімі сабой, каб зрабіць сюжэт оперы пра даўнія часы зразумелым кожнаму гледачу ў зале. Каб не было пытання: "А хто такі Набука?" Каб адказ знаходзіўся сам сабою: той самы Навухаданасор, біблейскі цар-разбуральнік з Вавілона.
Біблейская гісторыя далёкая ад нас і, здаецца, нерэальная. Аднак тая гісторыя дагэтуль непакоіць людзей, нават цэлыя народы, захаваўшыя на тысячагоддзі памяць пра драму, якая сёння падаецца амаль што вечнай.
Біблейскі сюжэт і вечнасць — кірункі паралельныя. Магчыма, інтуіцыя падказала гэта італьянцу Джузэпэ Вердзі і дапамагла яму выйсці з крызісу: дзве яго першыя оперы праваліліся, а для трэцяй ён абраў бяспройгрышную тэму: і цары, і іх народы, ідэалы, мары, а галоўнае — жарсці, якія не могуць пакінуць абыякавым. Магчыма, Бог блаславіў кампазітара на тое, каб паведаць праз музыку пра сутыкненне асобаў, якое прывяло да сутыкнення рэлігій, і пра бяду, да якой яно вядзе. Оперу чакаў поспех — таксама не на адно стагоддзе. Аднак у Расіі і СССР не рызыкавалі ставіць на сцэне гэты грандыёзны твор: надта складаныя вакальныя партыі стварыў кампазітар. У афішы Беларускага тэатра опера "Набука" з'явілася ў 1999 годзе. Натуральна, той спектакль і новы розняцца вельмі істотна. І не толькі афармленнем, рэжысёрскім падыходам. Для новай пастаноўкі на галоўныя партыі былі спецыяльна запрошаны салісты Вялікага тэатра Расіі — на карту пастаўлена вельмі шмат.
Ёсць пастаноўкі, якія ствараюць тэатру рэпутацыю. Якія паказваюць яго здольнасць працаваць сучасна, прафесійна, прапаноўваючы спектаклі, якія будуць даваць новае прачытанне вядомых твораў. Якраз-такі "Набука" Вердзі дае глебу для інтэрпрэтацый, што і рабілі рэжысёры ў самых вядомых тэатрах свету, паказваючы сюжэт ці то праз барацьбу італьянскіх карбарнарыяў, ці то праз гісторыю Халакоста. Шляхі нашага "Набука" вядуць туды, дзе ўсё і пачыналася — у Іерусалім. І нашым сучаснікам расказваюць пра часовае вар'яцтва цара, якое прывяло да трагедыі — генацыду над цэлым народам. Аднак потым цар зразумеў, што адбылося, і ўкленчыў, звярнуўся да Бога...
І ў наш час Іерусалім — месца звароту да Бога. Розных народаў. А сцяна — сімвал надзеі на тое, што Бог не пакіне. У спектаклі гісторыя і сучаснасць перакрыжоўваюцца.
"Гісторыя, расказаная праз лібрэта Солера, не выклікае жывога водгуку ў гледача, таму што яна даўняя, амаль міфалагічная. Для таго каб яе адчуць, трэба рэалістычна, нават натуралістычна паказаць на сцэне гісторыю цара Набука. Гэта гісторыя здарылася ў часы, калі адбываліся жудасныя войны на вынішчэнне. У выніку адной з іх ад храма Саламона засталася толькі Сцяна Плачу. Каля яе моляцца і плачуць людзі, гэта сімвал іх Веры ў эпоху татальнага нявер'я, нігілізму, страты духоўнасці, ідэалізацыі меры, ліку, колькасці, якія цяпер актуальныя ва ўсім свеце", — так тлумачыў рэжысёр сваю задуму і задачу — зрабіць спектакль, які б наблізіў оперу сучаснаму, асабліва маладому, гледачу.
Ларыса ЦІМОШЫК.