Замест Аватара — палёт матылькоў

Источник материала:  

Беларусь і Украіна літаральна ў апошні момант зрабілі "замены на полі"

Мінулы тыдзень у гісторыі "Еўрабачання-2010" адзначыўся адразу дзвюма сенсацыямі. Беларуская каманда, як гром сярод яснага неба, паставіла ўсіх перад фактам замены песні — замест бадзёрай "Far away" ("Далёка"), якую некалькі тыдняў на пяць галасоў спявалі ўдзельнікі гурта "3+2", на конкурсе ў Осла прагучыць лірычная кампазіцыя "Butterflіes" ("Матылькі") аўтарства Максіма Фадзеева і польска-амерыканскай паэткі Малькі Чаплін. Прычым прадстаўнікі тэлеканала АНТ, які сёлета займаецца падрыхтоўкай да конкурсу, сцвярджаюць, што гэта не яны прамянялі калектыў тутэйшых аўтараў (Леанід Шырын, Юрый Вашчук і спявачка Гера) на інтэрнацыянальны дуэт, а сам расійскі прадзюсар выйшаў на тэлеканал са сваімі прапановамі і ідэямі наконт песні і кліпа.

Ад рашэння памяняць песню і нумар да канчатковага выніку прайшоў усяго тыдзень — за гэты час удзельнікі гурта "3+2" паспелі ў Маскве на студыі Фадзеева "Маналіт" запісаць новую кампазіцыю, зняць новы кліп, зрабіць фотасесію і паказацца публіцы ў новых вобразах. З вобразамі, пры ўсёй павазе да карыфея расійскага шоу-бізу, прамашка выйшла: замест пяцёх стыльных "людзей у чорным" і іскрынкі ў асобах сясцёр-блізнят Алены і Нінэль Карповіч мы цяпер маем айчынную варыяцыю "ВІА Гра" і двух тыповых поп-хлапцоў, скалькаваных ці то з Білана, ці то з Калдуна-малодшага. Праўда, абяцаюць, што на сцэне будзе яшчэ шосты — ці то вакаліст, ці то піяніст (але дакладна не сын Фадзеева, які акампануе выканаўцам у кліпе). Што да самой песні, тут меркаванні слухачоў падзяліліся: адны з пенай ля роту ўхваляюць новую кампазіцыю, іншыя называюць яе падобнай на ўсё адразу — ад ранейшых хітоў самога Фадзеева да традыцыйных саўндтрэкаў поўнаметражных дыснэеўскіх мультфільмаў. "Мы вырашылі, што з прычыны класічнай адукацыі нашы артысты схільныя больш да класічнага выканання. Павольная кампазіцыя ў такой стылістыцы дазваляе падкрэсліць вакальныя здольнасці кожнага, і яны цудоўна спяваюць жыўцом", — пераконвае скептыкаў першы намеснік старшыні праўлення АНТ Сяргей Хоміч. але абсалютна незразумела, як гэта можна эфектна абыграць на сцэне. Сам прадзюсар, які не прыехаў у Мінск, спаслаўшыся на занятасць, але даслаў праз арганізатараў відэазварот, лічыць, што ніякага шоу і не трэба — няхай выйдуць проста прыгожыя маладыя людзі і прыгожа, пранікнёна спяюць. Можа, яно і так, але ўсё ж неяк непрыгожа выйшла з зоркай сусветнага балета Андрысам Ліепам, які фактычна атрымаў адстаўку ад пастаноўкі нумара, дый з беларускімі аўтарамі, якія відавочна "пралятаюць" міма абяцаных 50 тысяч долараў за песню для "Еўрабачання"... Слабым суцяшэннем апошнім можа служыць заява АНТ, што песня — пераможца нацыянальнага адбору "Far away" з далягляду не знікне і трапіць у дэбютны альбом гурта. Зрэшты, галоўнае, каб самім артыстам усе гэтыя перамены пайшлі на карысць. Бо нават з кароткай гісторыі ўдзелу Беларусі ў конкурсе мы ведаем, што змены могуць быць як вельмі ўдалымі (прывітанне Дзіму Калдуну), так і "шыла на мыла" (спачуванні Анжэліцы Агурбаш).   Замест Аватара — палёт матылькоў

Дарэчы, у працэсе падрыхтоўкі "пасунулі" на другі план не толькі беларускіх аўтараў, але і беларускіх стылістаў — новыя вобразы і касцюмы для Арцёма Міхаленкі, Егіязара Фарашана, Юліі Шышко, Алены і Нінэль Карповіч прыдумвалі сумесна расійскія і нямецкія майстры. Рэзоннае пытанне — ці застанецца ў канчатковай пастаноўцы што-небудзь беларускае, акрамя грамадзянства ўдзельнікаў? Тэлевізійнікі сцвярджаюць, што абавязкова — паводле слоў кіраўніка дырэкцыі спецпраектаў АНТ Анжэліны Мікульскай, у конкурснай аранжыроўцы "Butterflіes" прагучыць... жалейка. Мне здаецца, гэты "нацыянальны каларыт" мы ўжо таксама праходзілі? Але ж пры ўсім неадназначным стаўленні да замены коней на пераправе не варта забывацца і на тое, што менавіта дзецішча маскоўскага прадзюсара, гурт "Serebro", на "Еўрабачанні-2007" забяспечыў Расіі 3-е месца. Мы і не забываемся, і ў глыбіні душы спадзяёмся, што ўсё да лепшага.

Тым больш што ў параўнанні з суседзямі ў нас яшчэ ўсё прайшло спакойна і без скандалаў. Украіна ж здзівіла дык здзівіла — за той жа мінулы тыдзень раптам замяніла... канкурсанта! Дакладней, спачатку пад ціскам уладных структур змянілася кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Украіны. Сутнасць у тым, што леташні скандал з безальтэрнатыўным прызначэннем Васіля Лазаровіча прадстаўніком Украіны на "Еўрабачанні-2010" разгарэўся з новай сілай, шэраг дзеячаў шоу-бізнэсу падпісалі "адкрыты ліст" у адміністрацыю нававыбранага кіраўніка дзяржавы з патрабаваннем наладзіць новы, акдрыты агульнанацыянальны адбор. І — вуаля! — літаральна за некалькі дзён такі адбор прайшоў, прычым удзел у ім на роўных з іншымі прэтэндэнтамі ўзяў і Васіль Лазаровіч. У мінулую суботу гледачы выбралі з 20 фіналістаў двух лідараў — спявачку Машу Сабко і спявачку Алёшу (Алену Кучар), якая можа пахваліцца голасам з дыяпазонам у 4 актавы. Пры аднолькавай колькасці балаў вырашальны голас быў аддадзены Алёшы. Але на гэтым справа не скончылася — выявілася, што конкурсная песня новай прадстаўніцы Украіны парушае правілы "Еўрабачання" — яна была напісаная яшчэ два гады таму і апублікаваная задоўга да 1 кастрычніка мінулага года. Атрымліваецца, што канкурсантку трэба дыскваліфікаваць. А часу на развагі няма — ужо ў нядзелю кіраўнікі дэлегацый 39 краін — удзельніц "Еўрабачання" сустрэліся ў Осла, каб падаць канчатковыя звесткі пра сваіх выканаўцаў. Украінская дэлегацыя абяцае падаць поўныя звесткі ў панядзелак, 29 сакавіка — а пакуль што, паводле рашэння арганізатараў, нацыянальнай тэлекампаніі Украіны давядзецца плаціць штраф і пеню за кожны дзень пратэрміноўкі пасля вызначанага правіламі тэрміну.

Чым скончацца спробы скочыць у апошні вагон "Еўрабачання-2010", пакуль невядома, але ўжо можна сцвярджаць, што некаторыя рэчы на сёлетнім конкурсе застануцца нязменнымі. Напрыклад, прадстаўленыя арганізатарамі вядучыя — Эрык Сольбакен і Хадзі Н'джые, якія будуць весці шоу, і Надзя Хаснаўі, якая будзе гутарыць з прадстаўнікамі краін-удзельніц падчас галасавання (яно сёлета, нагадаем, у абодвух паўфіналах і фінале ідзе па пранцыпе 50 на 50 — галасы тэлегледачоў плюс меркаванне журы з кожнай краіны). Стаў таксама вядомы парадак выступленняў канкурсантаў, які быў вызначаны ўчора вечарам жараб'ёўкай. Беларусі ў гэтай латарэі дастаўся нумар ........ — нагадаем, нашы ўдзельнікі легкакрылымі матылькамі выпырхнуць на сцэну "Тэленор Арэны", што ў прыгарадзе Осла Баруме, 27 мая, у другім паўфінале "Еўрабачання". Прадстаўнік Расіі — гурт Пятра Наліча — выступіць 25 мая ..........., Украіна спяе пад нумарам .......

Дарэчы, конкурс "Еўрабачанне-2010", акрамя краін-удзельніц, будуць трансляваць у Аўстраліі, Венгрыі, Косаве, Казахстане і Новай Зеландыі. Можа, неўзабаве варта чакаць прышэсця новых удзельнікаў і абнаўлення брэнду — на "Інтэрбачанне"?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота БЕЛТА і з афіцыйнага сайта ўкраінскага адбору.

←Такой торг — неуместен

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика