Келiх добрага беларускага вiна... Няўжо няспраўджаная мара?
На палiцах крамаў вiна хапае — асартымент даволi шырокi. I калi ў чалавека ёсць свабодныя грошы, то ён можа купiць дарагое i якаснае вiно. А якi выбар у масавага пакупнiка? Ці можа ён набыць і насалодзіцца сапраўдным беларускім віном з беларускіх садавіны і ягад?
Вiно, бутляванае тамЯкаснае вiно неабходна выбiраць сярод прадукцыi краiны, якая тое вiно вырабляе i разлiвае. Французскiя, iспанскiя, iтальянскiя, чылiйскiя... i вiны з iншых краiн у нас не рэдкасць. Яны дарагiя, але няма гарантыi, што, заплацiўшы за бутэльку больш за 20 тысяч, можна купiць добрае вiно. Здаралася каштаваць аргенцiнскае цi чылiйскае, а яно ардынарнае, даволi нiзкай якасцi. Тут дзейнiчае закон рынку — купiць як мага танней, а прадаць даражэй. Везцi дарагое вiно з другога канца свету няма нiякага сэнсу. А вось накруцiць прыбытак на танным — зусiм iншая рэч.
Бывае, даходзiць да абсурду. Дарагое чылiйскае вiно мае... металiчную закрутку. Купiў для iнтарэсу — нельга пiць. Гэта ў нас яго зрабiлi дарагiм, а купiлi за цэнты. Прыгожая этыкетка ўсё яшчэ можа ўвесцi нашага пакупнiка ў зман.
Але пры ўсiх гэтых нюансах трэба адзначыць, што добрае вiно — дарагое. Але ж разуменне дарагога для кожнага сваё. Аднаму i ў 10 тысяч ужо не па кiшэнi. Грузiнскае вiно заўсёды прыцягвала ўвагу пакупнiка, але сёння цана яго дасягае 30 тысяч, а то i вышэй. Такi кошт не для масавага пакупнiка.
Вiно, разлiтае тут
За апошнiя пару гадоў у нас з'явiлася вялiкая колькасць фiрмаў, якiя займаюцца разлiвам вiна. Аселi яны па вёсках наўкол Мiнска i абласных цэнтраў, адкрылi там цэхi па разлiве i прапаноўваюць спажыўцу вiно па даволi прымальнай цане. Хачу дзеля справядлiвасцi адзначыць, што разлiвам займаюцца i буйныя, вядомыя ў краiне фiрмы, але iстотна на якасць прадукцыi гэта не ўплывае.
Калi на палiцах мы бачым вiно ў межах 10 тысяч, то яно, як правiла, разлiтае ў нас. У Беларусь вiно, напрыклад, з Малдовы, паступае ў бочках, а ўжо тут разлiваецца па бутэльках. Вельмi даходны бiзнэс. Вось гэтае вiнаграднае вiно i прапаноўваецца масаваму пакупнiку. Яно недарагое, а таму i патрабаваць, каб яно было добрым (высокай якасцi) не выходзiць.
Я не называю фiрмы i гатункi вiнаў, якiя яны разлiваюць, але скажу, што якая б этыкетка на бутэльцы нi была, вiно коштам у 8—10 а то i 6 тысяч, асаблiва не адрознiваецца. Па смаку i паху яно вельмi ўжо зблiжанае. Нават экспарцёры адзначаюць, што вiно, разлiтае на месцы вырабу, па якасцi значна лепшае, чым разлiтае ў Беларусi з аналагiчнай сыравiны.
Вiно — прадукт даволi складаны i капрызны, i нават разлiў вiна ў краiне, дзе няма традыцый вiнаробства, справа няпростая.
Сёлета адбываецца спад вытворчасцi вiна. У студзенi выраб вiнаграднага вiна знiзiўся ў нас у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года на 26,1 %.
Мы не будзем высвятляць, звязана гэта з перанасычэннем нашага рынку вiнаградным вiном цi з недахопам валюты для закупу вiнаматэрыялаў, бо ў нас некалькi iншая задача.
Пераарыентацыя на разлiў вiнаграднага вiна "ў сваёй хаце" дала магчымасць некаторым прыватным асобам уладкаваць свае iнтарэсы, бо атрымаць лiцэнзiю на разлiў вiна, як i каньяку, не кожны можа. Але што ад усяго гэтага атрымала дзяржава, а гэта значыць спажывец?
Думалася, што насельнiцтва актыўна пяройдзе на ўжыванне вiнаграднага вiна i адмовiцца ад пладова-ягаднага, але гэтага не здарылася. Вытворчасць пладовага вiна скарацiлася за студзень толькi на 0,2%. Вiнаграднае вiно мясцовага разлiву аказалася па якасцi ненамнога лепшым, чым сваё пладова-ягаднае.
Аднойчы трапiла на вочы вiно, разлiтае адной даволi вядомай фiрмай. Вiнаграднае вiно ўцанiлi на 50 % i яно прадавалася па 4 тысячы. Пакаштаваў i ўзнiкла пытанне: "А як такую барматуху ўвогуле можна было прадаваць?" Вось вам i вiнаграднае. А можа, у нас атрымаўся з вiном перакос?
Калi ёсць сваё: садавiна i ягады
Не будзем забываць, што для нашай краiны пладова-ягаднае вiно з'яўляецца традыцыйным. Бяда толькi ў тым, што на нейкiм этапе мы забылi пра вытворчасць якаснага пладовага вiна, а пачалi выпускаць сумнавядомае "чарнiла" з высокiм працэнтам спiрту. І цяпер ад гэтага кляйма цяжка пазбавiцца.
Мне не трэба чытаць рэкламу таго цi iншага вiна, дастаткова яго пакаштаваць. Скажу, што яблычнае, парэчкавае цi агрэставае вiно, калi яно вырабленае з веданнем справы, значна лепшае за ардынарныя вiнаградныя вiны.
Мы ўжо сталi з недаверам глядзець на пладовае вiно, але ж у нашых суседзяў стаўленне да яго зусiм iншае. У Польшчы i Лiтве ёсць пладова-ягадныя напоi, якiмi там ганарацца. Пакаштаваў вiшнёвае вiно, вырабленае ў Польшчы i скажу, што разлiтае ў нас вiнаграднае i побач не паставiш.
Кожнае лета людзi не ведаюць, куды падзець яблыкi, слiвы, ягады, а мы купляем за валюту вiнаматэрыялы за мяжой. Вось ляжыць сыравiна пад нагамi — усяго па 60 рублёў за кiлаграм яблыкаў. Але ж разлiваць прасцей, чым вырабляць, ды i "навар" большы.
Мяркую, што варта iсцi па шляху не скарачэння вытворчасцi пладовага вiна, а паляпшэння яго якасцi.
Сёння нашы заводы наладзiлi выпуск вiна палепшанай якасцi. Што гэта за вiно?
— У ардынарных вiнах натуральны наброд ягад i пладоў складае 5 працэнтаў, а ў вiне палепшанай якасцi ён дасягае 10—12 %, а гэта значыць, што спiрту ў гэтае вiно дадаецца значна менш. Вядома ж, што ў вiна палепшанай якасцi лепшыя смак, водар — iншая гармонiя, — растлумачыла галоўны тэхнолаг Баранавiцкага камбiната харчовых прадуктаў Наталля Януць.
— Вытворчасць пладовага вiна — справа прыбытковая?
— Пачнём з таго, што сыравiна танная, у нас першасная перапрацоўка, мы фактычна нiчога не купляем i гэта добра, але i цану на прадукцыю мы не можам падымаць па сваiм рашэннi — адпускная цана рэгулюецца пастановай урада.
— Наталля Дзмiтраўна, ваша прадпрыемства выпускае больш за дзясятак назваў вiна. Якое, на вашу думку, самае лепшае, каб я мог купiць, паспытаць i ацанiць?
— Лiчу, што ў нас усё вiно добрае, а можаце пакаштаваць "Баярскае", якое вырабляецца з яблыкаў i чорных парэчак.
Я пасмакаваў "Баярскае" i скажу, што яно не ўступае iншаму вiнаграднаму, хоць пры моцы ў 18° яно не адпавядае майму густу — дужа моцнае.
I ўсё ж вiно, у якое дадаецца этылавы спiрт, не натуральнае. Пладовае вiно будзе добрым тады, калi мае моц ад натуральнага наброду, а гэта ў межах 12°.
I што гэта за вiно "палепшанай якасцi"? Нейкая бюракратычная закавыка. Калi ёсць палепшанай, то ў галаву прыходзiць, што ёсць вiно i горшай якасцi. А цi не лепш было б, каб на этыкетцы было напiсана: "Натуральнае пладовае вiно". Але каб па ўсiх параметрах яно адпавядала гэтаму.
Вось чаму, лiчу, неабходна ўнесцi змяненнi ў дзяржстандарты i размежаваць вiнаграднае вiно, пладовае вiно з вiннымi напоямi. Пакупнiк, зiрнуўшы на этыкетку, павiнен бачыць, за што плацiць: вiно натуральнае цi напой.
I хоць у Беларусi забаронены выпуск вiна з выкарыстаннем фарбавальнiкаў i араматызатараў i ўсе пладова-ягадныя напоi вырабляюцца з натуральнай сыравiны, тым не меней дадаванне ў iх этылавага спiрту, на маю думку, выводзiць такое вiно з катэгорыi натуральнага.
Дарэчы, у асартыменце ААТ "Пiнскi вiнаробны завод" ёсць вiно пладова-ягаднае i напоi моцныя пладовыя.
Галоўны тэхнолаг гэтага прадпрыемства Святлана Навумчык растлумачыла:
— Напоi адрознiваюцца ад вiна тым, што ў iх ёсць розныя дабаўкi i адсутнiчае працэс браджэння. Што да натуральнага вiна, то ў iм не павiнна быць этылавага спiрту i цукру з буракоў.
Вiно палепшанай якасцi пачалi выпускаць i ў Пружанах на ПГВУП "Белавежскiя вiны". Сёлета тут разлiчваюць выпусцiць 160 тыс. дал пладовага вiна, у асартыменце якога 50 % будзе палепшанай якасцi. Але зноў жа з выкарыстаннем этылавага спiрту.
На думку кiраўнiкоў вiнзаводаў, на вытворчасць якаснага пладовага вiна негатыўна ўплываюць некалькi фактараў.
Найперш, адмоўная рэпутацыя пладова-ягадных вiнаў, якая складвалася дзесяцiгоддзямi, па-другое — адсутнасць рэкламы: iснуе забарона. Усе прывыклi да спецыфiчнага спажыўца, якi ўжывае гэтае вiно, па-трэцяе — цана павiнна адпавядаць якасцi прадукцыi. I хто ведае, палепшанай якасцi вiно цi не, калi кошт на яго "чарнiльны". Вялiкi працэнт пакупнiкоў такое вiно абходзiць. Яно чакае свайго спецыфiчнага пакупнiка — выпiвоху, бамжа...
Ёсць пастанова Саўмiна аб штогадовым змяншэннi вырабу пладовых вiнаў на 10 %. Вазьму на сябе смеласць сказаць, што разам са скарачэннем вытворчасцi ардынарных пладовых вiнаў нашы заводы павiнны на 10 % нарошчваць выраб якасных натуральных пладова-ягадных вiнаў. Гэта будзе ў iнтарэсах дзяржавы. Iнакш, аддаючы перавагу iмпарту таннага вiна для разлiву, мы загубiм нашы вiнзаводы, якiя спецыялiзуюцца на вытворчасцi пладовага вiна са сваёй сыравiны. А садавiны ў краiне для перапрацоўкi хапае. Не хапае дзелавiтасцi i эканамiчнай свабоды. Калi чалавек здольны вырабляць добрае пладовае вiно, то няхай вырабляе i плацiць падаткi. У яго не павiнна быць праблем з атрыманнем лiцэнзii.
Крыху эканамiчнай свабоды. Зусiм аддаўся марам...
Сымон Свiстуновiч.