Вясна! Казюкi!
Каля 200 майстроў народнай творчасцi не толькi з Прынёманскага краю, але i са сталiцы, Вiцебска, Гомеля, Бабруйска, iншых рэгiёнаў Беларусi i нават Украiны ўдзельнiчалi ўчора ў кiрмашы "Казюкi", якi традыцыйна прайшоў у Гродне.
Гэта свята, якое называецца "Казюкi" у гонар апекуна майстроў i рамеснiкаў святога Казiмiра, бярэ пачатак з ХVІI стагоддзя. Лiчылася, што на пачатку вясны майстры павiнны прадэманстраваць свой тавар, якi выраблялi ўсю зiму. I як пойдзе гандаль у гэты дзень — такой будзе i ўдача на ўвесь год.
Звычайна кiрмаш арганiзуе Саюз палякаў Беларусi, а сёлета падключылася i грамадскае аб'яднанне лiтоўцаў "Гiмцiне" ("Айчына") з вёскi Пеляса Воранаўскага раёна — i самадзейнымi артыстамi i, вядома, народнымi майстрамi. Вырабы былi на любы густ — драўляныя, металiчныя, керамiчныя, тканыя, саламяныя... Напрыклад, бондар з вёскi Зарыца Гродзенскага раёна Мiхаiл Кукса прапанаваў самыя розныя па аб'ёме бочачкi, а член Беларускага саюза майстроў народнай творчасцi са Слонiма Мiкалай Яўхута — драўляныя млын i воз, якiмi можна ўпрыгожыць не толькi дачны маёнтак. Свае адметнасцi былi i ў майстроў народнай творчасцi "Гарадзенскi каларыт", Дома рамёстваў з Астраўца, Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Ленiнскага раёна г. Гродна (аддзяленне дзённага знаходжання для iнвалiдаў) i ў iншых удзельнiкаў кiрмашу. Адным словам, i прафесiяналы, i аматары пастаралiся на славу — перад святым Казiмiрам не сорамна!
Барыс ПРАКОПЧЫК.