У Мiнск з'ехалiся мiс

Источник материала:  

Пачатак вясны, нягледзячы на надвор'е, аказаўся цёплым — прынамсi для 30 фiналiстак Нацыянальнага конкурсу прыгажосцi "Мiс Беларусь-2010". Арганiзатары далi прыгажуням з усiх рэгiёнаў нашай краiны магчымасць адчуць сябе калi не ўжо каралевамi, то ва ўсякiм разе чаканымi VІP-гасцямi. Да гатэля "Вiкторыя", якi на блiжэйшыя два месяцы заменiць дзяўчатам дом, канкурсантак прывезлi бялюткiя лiмузiны, швейцары праводзiлi ўсiх па чырвонай дывановай дарожцы, а ўсярэдзiне ўдзельнiцам прапаноўвалi па келiху шампанскага.

У Мiнск з'ехалiся мiс

Зрэшты, гэта "баляванне" было нядоўгiм — у той жа дзень, расказала кiраўнiк дырэкцыi спецпраектаў канала АНТ Анжэлiна Мiкульская, у дзяўчат адбыўся агульны збор i сустрэча са стылiстамi, а ўжо ўчора канкурсанткi прыступiлi да рэпетыцый. Расклад заняткаў даволi жорсткi: штодня адбываюцца ўрокi харэаграфii, дэфiле, акцёрскага майстэрства, з удзельнiцамi працуюць мадэльеры, фатографы, псiхолагi; пазней да iх далучацца трэнеры, якiя будуць рыхтаваць прыгажунь да спаборнiцтва ў намiнацыi "Мiс спорт", i педагогi па творчых дысцыплiнах, якiя дапамогуць раскрыць здольнасцi дзяўчат з прыцэлам на намiнацыю "Мiс талент". Таксама яшчэ да розыгрышу галоўнай кароны "Мiс Беларусi" стануць вядомыя ўладальнiцы тытулаў "Мiс топ-мадэль", "Мiс фота" i "Мiс дабрачыннасць". З двух месяцаў падрыхтоўкi толькi 8 сакавiка, у гонар свята, стане для дзяўчат паўнацэнным выхадным.

Нагадаем, сёлета прыкладна з тысячы прэтэндэнтак з розных куткоў Беларусi журы адабрала для ўдзелу ў фiнале Нацыянальнага конкурсу прыгажосцi па 6 дзяўчат з Мiнска i Мiнскай вобласцi, 5 прадстаўнiц Гомельшчыны, 4 — з Гродзенскай вобласцi, па 3 — з Брэстчыны, Вiцебшчыны i Магiлёўшчыны. Пры тым упершыню абсалютная большасць канкурсантак — брунеткi, канкурэнцыю iм складаюць усяго 5 светлавалосых дзяўчат.

Фiнал конкурсу "Мiс Беларусь-2010" адбудзецца 30 красавiка ў сталiчным Палацы спорту. Аднак тэлеверсiя конкурсу пачнецца на тэлеканале АНТ амаль на месяц раней, 28 сакавiка — першае шоу нагадае пра самыя яркiя моманты кастынгу, а чатыры наступныя ў падрабязнасцях прадставяць намiнацыi "Мiс спорт", "Мiс талент", "Мiс топ-мадэль" i "Мiс фота".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

←Дому 110 гадоў. Жыць нельга. А дзе?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика