Дому 110 гадоў. Жыць нельга. А дзе?

Источник материала:  

Інвалiд другой групы Iрына Алiсейка жыве ў Вiцебску на вулiцы Вiцебскай, у доме № 9, у паўразбуранай будынiне, якой ажно 110 гадоў. Жыве, нягледзячы на тое, што чыноўнiкi прызналi дом непрыдатным для пражывання. Але атрымаць новае жыллё ў iнвалiда i яе сына не атрымлiваецца. Чаму ў замкнёнае жыццёвае кола трапiла сям'я? — высветлiў карэспандэнт "Звязды".

У гэта адразу i не паверыш. Няўжо насамрэч заканадаўствам не прадугледжана дапамога ў такiх выпадках? Пра такi стары дом i праблемы тых, хто не можа перасялiцца з яго, стала вядома, калi ў карэспандэнцкi пункт "Звязды" па Вiцебскай вобласцi звярнуўся па падтрымку i разуменне чалавек, якi сябруе з сынам гэтай няшчаснай жанчыны — Андрэем. Кiрыл як можа дапамагае вырашыць бедалагам жыллёвае пытанне.

Дом пабудаваны ў 1900-м!

Iрына нарадзiлася ў 1960-м годзе. Яе бацькi ўжо тады жылi ў гэтым драўляным доме № 9. А потым — i сын разам з ёй. Дом належыць цётцы Iрыны, якая ў далёкiм 1959-м паехала ў Магаданскi край на пастаяннае месца жыхарства.

Гадоў пяць таму дом настолькi разбурыўся, што рамантаваць яго было, як кажуць, сабе даражэй. Ды i за якiя грошы? Пенсiя па iнвалiднасцi малая. Нават на дробны рамонт патрацiцца цяжка.

Дому 110 гадоў. Жыць нельга. А дзе?У доме i раней было вельмi вiльготна. А тут наогул стала жыць праблематычна. Тым больш iнвалiду-астматыку. Суседзi параiлi цяжкахворай жанчыне звярнуцца па дапамогу да ўладаў.

Iрына напiсала лiст у Вiцебскi гарвыканкам з просьбай забяспечыць жыллём сацыяльнага карыстання. Атрымала адмову. Як ёй растлумачылi, на падставе таго, што, згодна з патрабаваннямi заканадаўства, права на атрыманне жылога памяшкання сацыяльнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду маюць грамадзяне, якiя стаяць на ўлiку асобаў з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў.

Мяркуючы па колькасцi лiстоў, перапiска Iрыны Алiсейкi з адказнымi асобамi была доўгай. Аўтар гэтых радкоў амаль што заблытаўся, чытаючы некаторыя.

Вось, напрыклад. Згодна з рэспублiканскiм палажэннем аб парадку ўлiку грамадзян, тымi, хто мае патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, прызнаюцца (далей цытата ў перакладзе з рускай мовы): "у тым лiку грамадзяне, якiя пражываюць у жылым памяшканнi, прызнаным не адпаведным санiтарным i тэхнiчным нормам..."

Згодна з зацверджаным рашэннем (№1081 ад 01. 11. 2005) Вiцебскага гарвыканкама Палажэннем права падачы заявы на абследаванне жылога дома або жылога памяшкання даецца выключна ўласнiку жылога дома.

Але ж пасля ўваходжання ў сiлу Указа Прэзiдэнта (№ 152 ад 16.03.2006) стала магчымым, каб заяву маглi падаць i асобы, якiя маюць права карыстацца жылым памяшканнем. Чаму тады не былi ўнесеныя адпаведныя карэктывы ў "нарматывы" гарвыканкама? — здзiўляецца iнвалiд.

I добра, што ў жнiўнi 2006-га чыноўнiкi з адмiнiстрацыi раёна абследавалi стан дома. Дом № 9 па вулiцы Вiцебская быў прызнаны непрыдатным для пражывання (аднесены да адпаведнай катэгорыi.).

А не ўсё так проста

Быццам бы, жыллёвае пытанне магло б пасля гэтага вырашыцца станоўча. Ды не. Як потым адказны работнiк адмiнiстрацыi растлумачыў iнвалiду: нават ўзгаданы акт склалi ў парушэнне вышэйназванага рашэння гарвыканкама. Акт прызнання дома нежылым прызналi "несапраўдным". Але ж у вынiку на ўлiк на паляпшэнне жыллёвых умоў Iрыну паставiлi.

Тады яна пiсьмова папрасiла гарвыканкам забяспечыць жыллём сацыяльнага карыстання. З надзеяй, што абыдзецца без валакiты. Адмовiлi. Бо яе пенсiя перавышае бюджэт пражытковага мiнiмуму (памер яе пенсii складае 320 тысяч рублёў). А сацыяльнае жыллё толькi для тых, хто, у прыватнасцi, атрымлiвае пенсiю па мiнiмуму.

Афiцыйныя асобы прапанавалi рашыць пытанне аб набыццi праблемнага дома ва ўласнасць для магчымасцi атрымання пасля гэтага льготнага крэдыту i субсiдыi на будаўнiцтва кватэры. Маўляў, iльготы прадугледжаны толькi ўласнiкам.

Не буду стамляць чытачоў усiмi далейшымi нюансамi перапiскi.

Паколькi насамрэч Iрына не ўласнiк дома, спрабавала па-добраму дамовiцца з уласнiцай. Аказалася, што яе цётка жыве цяпер у расiйскiм горадзе Дзiмiтраў. Паводле слоў Iрыны, усе просьбы ўвайсцi ў сiтуацыю аказалiся безвынiковымi.

Цётка растлумачыла ёй "стан спраў". Маўляў, летась я падарыла дом сыну, якi жыве ў Маскве. Iрына звязалася i з iм. А ён у адказ пра тое, што дом не збiраецца аднаўляць у найблiжэйшы час, таму, што пераязджаць з Масквы ў Беларусь пакуль што не плануе.

Вось такая жыллёвая гiсторыя. Адразу хочацца адзначыць, што журналiст — не юрыст. I, безумоўна, не можа добра арыентавацца ва ўсiх дробных пытаннях заканадаўства. I хай не крыўдзяцца афiцыйныя асобы з гарвыканкама. Упэўнены, што дзейнiчалi яны па iнструкцыi.

Шчыра шкада жанчыну з праблемамi здароўя. Што ёй рабiць? Як далей жыць у доме, якi можа лiтаральна разбурыцца?

Iрына адправiла лiст на iмя старшынi Вiцебскага аблвыканкама. Адтуль лiст накiравалi для разгляду ў Вiцебскi гарвыканкам. Як адзначыла Iрына, у адказе, якi яна атрымала, зноў агульныя фразы, цытаты з нарматыўных актаў. Яна палiчыла лiст чарговай адпiскай.

Упэўнены, неабходна адказным асобам зноў разабрацца з канкрэтным прыватным выпадкам. Няўжо адна Iрына ў краiне апынулася ў такой складанай i заблытанай сiтуацыi?

Цяпер жанчына спадзяецца, што пасля асабiстага прыёму ў губернатара зможа ўрэшце атрымаць рэальную дапамогу ад мясцовых уладаў.

Напрыканцы. Палова дома фактычна абрушылася, што вельмi добра бачна на фотаздымку, i рэальна пагражае жыццю. Iрына на момант падрыхтоўкi гэтага артыкула ў другi раз за месяц трапiла ў бальнiцу...

Аляксандр ПУКШАНСКI.

Фота Сяргея Савельева.

←Выплата пенсiй за 8 сакавiка пачнецца ў Беларусi з 4 сакавiка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика