Браты Клiчко i Аляксандр Усцiнаў выходзяць з чужога прамоўтарскага бiзнэсу

Источник материала:  

20 сакавiка на стадыёне Esprit Arena Уладзiмiр Клiчко будзе адстойваць свае чэмпiёнскiя паясы, а мiнчук Усцiнаў правядзе важны рэйтынгавы двубой. Абодва баксёры днямi сталi героямi iнфармацыйных сюжэтаў у спартовых i эканамiчных СМІ.

Справа не толькi ў тытульным двубоi 20 сакавiка, якi пройдзе ў нямецкiм Дзюсельдорфе i будзе транслявацца на ўвесь свет.

Стала вядома пра тое, што Вiталь Клiчко выйшаў з лiку сузаснавальнiкаў прамоўтарскай кампанii K2East Promotions, якая займалася раскруткай 19 вядомых баксёраў з Украiны, Беларусi, Расii, Харватыi i Грузii. Кампанiя, дзякуючы братам Клiчко, здабыла сусветнае iмя. Кар'ерай мiнчука Аляксандра Усцiнава таксама займалiся ў K2East Promotions.

Што цяпер будзе з Аляксандрам, якi вось-вось павiнен падысцi да двубоя за магчымасць прыняць удзел у паядынку за сусветны тытул?

Браты Клiчко i Аляксандр Усцiнаў выходзяць з чужога прамоўтарскага бiзнэсу

— Два тыднi таму Клiчко сапраўды нечакана выйшаў з лiку сузаснавальнiкаў кампанii K2 East Promotion, для генеральнага дырэктара Вадзiма Бухкалава гэта стала шокам, — распавядаюць "Звяздзе" ў прэс-цэнтры прамоўтарскай кампанii. — Нiбыта Вiталь Клiчко збiраецца заснаваць уласную прамоўтарскую кампанiю, але з нашых байцоў на кантракце ў Клiчко застанецца толькi адзiн баксёр — беларус Аляксандр Усцiнаў.

Выходзiць, што браты Клiчко, якiя сёння кантралююць суперцяжкую вагу ў сусветным боксе, працягнуць займацца Усцiнавым i, больш за тое, зробяць на яго стаўку.

Такiм чынам, 20 сакавiка на стадыёне Esprit Arena ў Дзюсельдорфе, у якiм змяшчаецца 51 тысяча чалавек, Уладзiмiр Клiчко будзе абараняць свае сусветныя тытулы IBF i WBO ў паядынку з Эдзi Чэмберсам, а Аляксандр Усцiнаў правядзе важны рэйтынгавы двубой.

— Я нават не ведаю прозвiшча свайго сапернiка, скажу толькi, што хутчэй за ўсё гэта будзе немец, — зрабiў здагадку Аляксандр, калi мы днямi наведалi яго трэнiроўку ў сталiчным спарткомплексе "Алiмп". — Двубой будзе рэйтынгавы, таму што тытул чэмпiёна Еўропы ў версii EBA я ўжо абаранiў. Цяпер думкi пра прэтэндэнцкi паядынак, якi дазволiць пазмагацца за сусветны тытул WBA, якiм сёння валодае брытанец Дэвiд Хэй, што перамог Мiкалая Валуева.

— Калi ж нам чакаць прэтэндэнцкага паядынку?

— Трэба яшчэ на некалькi пазiцыяў падняцца ў рэйтынгу. На думку тых жа брытанскiх журналiстаў, з Дэвiдам Хэем мы можам сустрэцца ў гэтым годзе. Калi я ў апошнiм двубоi адзiнагалосна перамог Монцi Барэта (адбылося гэта ў Швейцарыi), то прыязджала англiйскае тэлебачанне. Журналiсты таму i здымалi пра мяне сюжэт, што лiчаць наш з Хэем двубой верагодным.

Сёння Аляксандр Усцiнаў займае шостае месца ў сусветным рэйтынгу WBA. Хутчэй за ўсё, у Дзюсельдорфе мiнчук сустрэнецца з немцам Рэнэ Дэтвайлерам.

Нагадаем, што замежныя журналiсты называюць нашага Аляксандра "Вялiкай белай надзеяй сусветнага боксу". Прэсу падкупляе лёс нашага байца: пачаў прафесiйна займацца боксам толькi у 25-гадовым узросце, калi многiя ўжо завяршаюць спартовую кар'еру. Рост Усцiнава — 200 сантыметраў, вага — каля 140 кг. Пры гэтым мiнскi асiлак рухаецца, як баксёр-сярэдневагавiк.

Верагодна, што чарговы паядынак Аляксандра пакажуць i па беларускiм тэлебачаннi, гэта пытанне будзе вырашацца неўзабаве. "Звязда" будзе паведамляць пра двубоi з удзелам Уладзiмiра Клiчко i Аляксандра Усцiнава.

Яўген ВАЛОШЫН.

←Выплата пенсiй за 8 сакавiка пачнецца ў Беларусi з 4 сакавiка

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика