Даравальная нядзеля

Источник материала:  

Дагарэла святочнае вогнiшча. Агульны лямант, жарты, песнi зацiхлi. Заўтра пачнецца пост, якi накладваў на паводзiны чалавека, сям'i i ўсёй вёскi цэлы шэраг даволi жорсткiх абмежаванняў. Своеасаблiвым пераходным мастком у Вялiкi пост была апошняя святочная вячэра, якая атрымала назву "загавiны". Дзе-нiдзе "ў загавiны" збiралася вясковая моладзь або прыходзiлi суседзi, але найчасцей гэта была ўласна сямейная вячэра. Яна была сцiплай i стрыманай па характары. Пасля яе трэба было вельмi старанна вымыць посуд, каб ад тлушчу i следу не засталося (нi на талерцы, нi на патэльнi).

 Святочная трапеза заканчвалася выключным па змесце абрадавым дзеяннем, якое дало назву ўсяму дню — "даравальная нядзеля". Заўтрашнi дзень распачне новы год, новы цыкл жыццёвых падзей, чарговы колазварот земляробчых спраў. Пачнецца ўзнаўленне новай мадэлi сялянскага свету. Каб ён атрымаўся прывабным, жыццяздольным i гарманiчным, пачынаць "новабудоўлю" трэба было з выканання адпаведнага абрада калектыўнага духоўнага ачышчэння.

 Заключны этап святочнай вячэры пераносiўся ў сакральную зону хаты — у чырвоны кут. Пад абразамi садзiўся гаспадар, чытаў малiтву i прасiў прабачэння ў сваiх "радзiцеляў" — дзядоў i прадзедаў. Затым па чарзе, пачынаючы ад старэйшага, на сярэдзiну хаты выходзiлi сыны i дочкi i таксама прасiлi прабачэння ў бацькi: "Даруй, бацька родны, калi чым саграшыў перад табою, справай цi языком". Апошняй прасiла прабачэння мацi вялiкага сямейства. Пасля гэтага ўсе дамачадцы садзiлiся на лавы (хлопцы справа, дзяўчаты злева), бацька выходзiў на сярэдзiну хаты, тройчы нiзка кланяўся ўсяму сямейству i таксама прасiў дараваць за нядобрае слова або благi ўчынак.

 Самым высокiм статусам даравання быў надзелены абрад ачышчэння ў цэрквах, дзе напрыканцы богаслужэння святар прасiў прабачэння ва ўсiх прыхаджан. У адказ на яго словы ў храме гучаў сакральна-магiчны рэфрэн "Бог даруе! Бог даруе! Бог даруе"!

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Лепшыя ў свеце...

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика