Лепшыя ў свеце...

Источник материала:  

Па выхадных часта назiраю адну i тую ж карцiну: з кватэры насупраць выходзяць тата з сынам, трымаючы ў руках канькi цi лыжы (летам — валейбольны мяч цi тэнiсныя ракеткi), збягаюць навыперадкi на першы паверх, а потым крочаць у бок школьнага стадыёна... Хлопчыка я ведаю, можна сказаць, з першых дзён яго нараджэння — рухавы такi, бойкi, гаваркi. І для сваiх васьмi гадоў вельмi самастойны — сам разаграе сабе перад школай ежу, сам збiрае ранец, самастойна ходзiць у прадуктовую краму i нават ездзiць да бабулi, якая жыве на другiм канцы горада. Часам ён забываецца з ранiцы пакласцi ў кiшэню ключы ад кватэры i, вярнуўшыся са школы, спачатку настойлiва i доўга трызвонiць у свае дзверы. А потым, зразумеўшы, што дома нiкога няма — у нашы. Атрымаўшы запрашэнне зайсцi, акуратненька ставiць на палiцу ў вiтальнi свае рэчы, мые рукi, просiць уключыць яму тэлевiзар — спартыўны канал, i да прыходу бацькоў сядзiць цiха, быццам бы яго i няма.

Лепшыя ў свеце...Фёдар, вячэраць будзеш?" — пытаюся. "Не! — катэгарычна адмаўляецца ён. — А то тата пакрыўдзiцца. Мы з мамай заўсёды яго чакаем i вячэраем разам".

Тата для яго, бясспрэчна, аўтарытэт. Аднойчы Фёдар па вялiкiм сакрэце расказаў мне, як, гуляючы з бацькам восенню па беразе Свiслачы, узлез на парапет, паслiзнуўся i звалiўся ў ваду. Тата, скiнуўшы куртку, адразу ж скокнуў за iм, выцягнуў, закруцiў у гэтую самую куртку, узяў на рукi i пабег дадому — балазе, дом знаходзiўся ў двух кроках ад парку.

"Уляцела вам, напэўна, ад мамы?" — "Зусiм не. Мы ж нiчога ёй не сказалi, каб не расстройваць. Гэта наш сакрэт. Усё роўна мой тата самы лепшы".

Асабiста мне вельмi падабаецца гэта новая "фармацыя" мужчын з актыўнай бацькоўскай пазiцыяй. Прычым актыўнасць прачынаецца ў iх яшчэ на стадыi ўнутрывантробнага развiцця дзiцяцi. Яны суправаджаюць будучых мам у жаночую кансультацыю, не баяцца задаваць пытаннi ўрачам, штудзiруюць спецыяльную лiтаратуру, наведваюць заняткi па партнёрскiх родах... I пазней, пасля з'яўлення дзiцяцi на свет, не адгароджваюцца ад гары пялёнак i iншых праблем новым дэтэктывам Дэна Браўна, а актыўна ўмешваюцца ў "працэс"... Мама для малога — гэта, безумоўна, вельмi важна, але выхаванне, пабудаванае выключна на стасунках з ёю, мае шмат падводных "цячэнняў". Гэта як палiваць хатнюю раслiну толькi з аднаго боку. Цi пастаянна трымаць яе на сонцы.

Наяўнасць жа "мужчынскага складнiка" нiвелюе ўсе залiшнiя "сюсi-пусi", уносiць у цяплiчную атмасферу элементы добрага драйву. Усе дзецi ведаюць, што таты не баяцца пераходзiць вулiцу, калi вось-вось павiнна загарэцца чырвонае святло, што яны не робяць трагедыi з мокрых боцiкаў i рукавiчак, што дазваляюць запiваць чыпсы кока-колай i нiколi не гавораць: "Ну вось, я ж цябе папярэджваў!". Увогуле, таты схiльныя даваць большую прастору асобе дзiцяцi, часцей выпускаць яго з поля зроку. А мамы, калi iх карапуз сутыкаецца з чымсьцi або кiмсьцi непрывычным (незнаёмы чалавек, новая цацка, суседскi сабака), адразу напружваюцца, iнстынктыўна стараюцца апынуцца блiжэй, як бы паказваючы, што дзiця знаходзiцца пад аховай.

Калi я бачу дзе-небудзь у парку чародку маладых мужчын з каляскамi, — так бы мовiць, "клуб па iнтарэсах", члены якога жыва, з натуральнай зацiкаўленасцю абмяркоўваюць асаблiвасцi характару i паводзiнаў сваiх малых — далiбог, хочацца падысцi i ўсiх расцалаваць. Таму што для большасцi мужчын выхад з каляскай на вулiцу — гэта нешта накшталт подзвiгу. У iх заўсёды знойдзецца з дзясятак неадкладных спраў, у параўнаннi з якiмi "выгульванне" нашчадка не ўяўляе асаблiвай цiкавасцi. Не часта сустрэнеш асобаў мужчынскага полу, здольных падысцi да гэтага працэсу творча   — замест таго, каб тупа цягнуць за сабой каляску, усiм сваiм выглядам дэманструючы пакорлiвасць лёсу, узяць ды спець малому песеньку цi расказаць казку. Або, на крайнi выпадак, гiсторыю з уласнага жыцця, "перакладзеную" на дзiцячую мову. Дарэчы, казкi, якiя расказваюць мужчыны дзецям — гэта нешта. Нiякiх вам прымiтыўных Калабкоў цi Чырвоных Каптуркоў. Казкi маюць рэальную аснову i рэальных жа персанажаў ("у адным цёмным-цёмным пад'ездзе старога-старога дома жыў-быў страшны барадаты дзядзька Міша"). Другi варыянт — расказанае нагадвае карцiну ваенных дзеянняў, дзе станоўчы (у татавым разуменнi) герой знiшчае антыгерояў (iнакш кажучы, усiх астатнiх). Карапузы мала што ў гэтым разумеюць, затое iх зачароўвае сам працэс: як тата ўваходзiць у ролю, як змяняецца выраз яго твару... А яшчэ iм падабаюцца незнаёмыя словы накшталт "бабах!", "хрась!", "трах!" i г.д.

Знаёмая мамачка пастаянна скардзiлася на капрызы сваёй трохгадовай дачкi: маўляў, нi адна нянька не можа даць рады. I аднойчы з малой застаўся тата, у якога па шчаслiвым збегу абставiнаў адмянiлася камандзiроўка... Якiм жа было мамiна здзiўленне, калi, вярнуўшыся вечарам з працы, яна пачула з парога... не, не плач, а гучны рогат i тупат. Яшчэ больш уразiла ўбачанае: бацька бегаў па кватэры на карачках, на яго спiне падскоквала дачка i, "прышпорваючы" тату пяткамi, вiскатала ад задавальнення. Дзiцяцi вiдавочна падабалiся "вострыя адчуваннi", якiя нiякая нянька, зразумела, не магла б забяспечыць.

Яшчэ адзiн бацька, застаючыся з дзiцем (таксама дачкой) сам-насам, у якасцi заспакаяльнага сродку выкарыстоўваў... стары добры рок. Практычна седзячы на гаршчку, дзяўчынка спасцiгла i "Багемскую рапсодыю" гурта "Куiн", i "Вецер пераменаў" гурта "Скорпiянс", i "Яшчэ адну цаглiну ў сцяне" (адпаведна, "Пiнк флойд")... Мама даведалася аб гэтым праз некалькi гадоў — калi зайшла з дачкою ў краму, дзе прадавалiся дыскi. Яна прапанавала малой выбраць мульцiкi для хатняга прагляду, а тая ўпэўнена пацягнула яе да суседняй палiцы i тыкнула пальчыкам у дыск гурта "Аэрасмiт"... Дарэчы, пазней дзяўчынка пайшла ў школу з музычным ухiлам. Яе калекцыi дыскаў — ад класiчных арый да сучасных рок-кампазiцый — пазайздросцiў бы i заўзяты меламан.

Ёсць таты, якiя збiраюць разам з дзецьмi забаўныя каляндарыкi, паштоўкi, наклейкi, сувенiры, значкi, калекцыянуюць цiкавыя гiсторыi i фотаздымкi, малююць карыкатуры i сяброўскiя шаржы, складаюць вершыкi, робяць хатнiя сценгазеты i нават вядуць сямейны "летапiс"...

А ёсць iншыя. Да гэтага часу ўспамiнаю, як аднойчы позна вечарам у нашу кватэру нехта пазванiў. Адкрыла — на парозе, хiстаючыся, стаяў мужчына з маленькiм зарумзаным хлопчыкам на руках. "Ваш?" — збянтэжыў ён пытаннем. Атрымаўшы адмоўны адказ, вылаяўся. Сказаў, што больш за гадзiну шукае патрэбны дом i не можа знайсцi... Аказалася, што ранiцай ён зазiрнуў да сябра, якi жыве ў гэтым раёне. Пасядзелi — i пайшлi "прагуляцца". Сябар узяў з сабой маленькага сына. Па дарозе забеглi ў кавярню "купiць дзiцяцi што-небудзь смачнае". Замест гэтага так падчахлiлiся, што сябар не змог устаць з-за стала — вывелi яго мiлiцыянеры i, натуральна, забралi з сабой. А майго "начнога госця" адпусцiлi, каб адвёз чужое дзiця дадому. Той i павёз — прычым нумар кватэры, дзе жыў сябар, ён памятаў добра, а вось месцазнаходжанне самога дома — не вельмi. Прыйшлося наўздагад абыходзiць з малым некалькi шматпавярховiкаў...

Дзякуй богу, мужчына ўспомніў нумар хатняга тэлефона сябра (мабiльнiкi тады яшчэ не былi распаўсюджаныя). Мы пазванiлi, i праз хвiлiн дзесяць прыбеглi мама i бабуля дзiцяцi (уяўляю, што яны перажылi за гэты вечар).

Так што таты бываюць розныя. Многiя жанчыны нават лiчаць, што галоўная якасць для бацькi сямейства — каб ён увогуле... меўся ў наяўнасцi. Каб iснавала ў межах кватэры пэўная мужчынская iстота, якая ходзiць на працу, прыносiць грошы i як мiнiмум раз на год вывозiць сям'ю на адпачынак. А ўсё астатняе — не яго справа.

Самае крыўднае, што мужчыны на гэта пагаджаюцца. Стаяць убаку, назiраюць здалёк... Чакаюць, пакуль нашчадак падрасце i з iм можна будзе размаўляць "на роўных". А нашчадак тым часам называе бацьку не iнакш як "наш кашалёк" i ўспамiнае пра яго толькi ў выпадках невырашальных фiнансавых праблемаў. Зразумела, уласных...

Наталля УЛАДЗIМIРАВА.

←Женатый холостяк

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика