Як шатландцы абеларусiлiся

Источник материала:  

Ледзь не паў-Вiцебска збеглася, каб падзiвiцца на тое неверагоднае вяселле. Калi маладыя выходзiлi з гарадскога Палаца рэгiстрацыi ўрачыстых абрадаў, нявеста была ў сучаснай традыцыйнай раскошнай сукенцы i вэлюме на галаве, а вось жанiх… у спаднiцы ў буйную клетачку. Беларуская дзяўчына выйшла замуж за iншаземца з Шатландыi. Калi расказаў пра гэтае назiранне вядомаму вiцебскаму гiсторыку i краязнаўцу Мiледзiю Бунто, ён нiколькi не здзiвiўся i нават дапоўнiў яго ўласнымi разважаннямi з не надта далёкай мiнуўшчыны.

У той час, як хвалёную Еўропу ў эпоху Рэфармацыi калацiлi войны, паўстаннi, рэлiгiйныя сутычкi (чаго вартая толькi адна Варфаламееўская ноч у Францыi!), у Беларусi было адносна спакойна. У лiхалецце людзi ратуюцца хто як можа. Вось i з мяцежных ды палаючых супрацьстаяннем Францыi, Англii, Швейцарыi, Германii з’явiлася нямала бежанцаў на зямлi пад белымi крыламi.

Якраз у такi вось “смутны час”, у межах XVI—XVII стагоддзяў, у Беларусi з’явiлiся так званыя “шкоты”. Пераважна гандляры i прафесiянальныя воiны-наёмнiкi. I не ад добрага жыцця на сваёй радзiме. Справа ў тым, што пасля унii Англii i Шатландыi ў 1603 годзе англiйскi ўрад узмацнiў ганеннi, у тым лiку i на прэсвiтэрыянскую шатландскую царкву пры каралi Карлу I. Многiя сталi пакiдаць радзiму. Шатландцы лiчылiся неблагiмi воiнамi. Iх з ахвотай прымала ў сваё войска наёмнiкамi Рэч Паспалiтая. Тагачасны кароль Сiгiзмунд III iмкнуўся ў 1598 годзе авалодаць шведскай каронай.

Можна прывесцi нават такi малавядомы гiстарычны факт. Сярод шатландскiх наёмнiкаў у польскiм войску служыў продак славутага рускага паэта М.Ю. Лермантава – “шкоцкi немец” Георг Лермант. Гэта быў адважны прафесiйны ваяр.

Але большасць шкотаў займалiся гандлем. Улады Польшчы спачатку забаранялi такi занятак, абкладвалi шкоцкiх купцоў вялiкiмi падаткамi, чынiлi iншыя перашкоды. Перш за ўсё, каб iншаземцы не стваралi канкурэнцыю гандлярам Рэчы Паспалiтай. I тады бежанцы пайшлi на хiтрасцi. Шатландцы сталi браць мясцовыя прозвiшчы: Томiло Оляшковiч, Пётр Шымковiч, Олешко Ахрэмавiч, Луцья Лiтвiнавiч… Да таго ж у Брэсцкiм ваяводстве, на Лiдзеншчыне, Ашмяншчыне, у Навагрудку, Мiнску, Слуцку, Шклове, Вiцебску ды iншых мясцiнах будавалiся кальвiнiсцкiя i прэсвi­тэрыянскiя цэрквы, станавiлася ўсё больш шкоцкiх рамеснiкаў i гандляроў. Апошнiя мелi гандлёвыя зносiны з Расiяй, Польшчай, Нямеччынай i Галандыяй. Найбольш вандроўныя карабейнiкi захапiлi манаполiю на ручнiкi, рукавiцы, венiкi, нажы, фарбу, грэбнi, нiткi, iголкi, напарсткi, панчохi… Галантарэя называлася “шкоцкiмi тава­рамi”, хоць яна была з усёй Еўропы i меней за ўсё – з Шатландыi.

Купцы Вялiкага княства Лiтоўскага не надта добразычлiва ставiлiся да вандроўных канкурэнтаў. Захаваўся нават дакумент, у якiм вiленскiя купцы напiсалi скаргу на шкотаў 24 красавiка 1658 года на iмя маскоўскага цара Аляксея Мiхайлавiча. Да пакаранняў справа не дайшла. Тагачасны рынак быў зусiм не цесны. Месца пад сонцам хапала ўсiм. Так што не выклiкае сумнення, што ў жылах многiх нашых сучаснiкаў цячэ вандроўная кроў шатландскiх шкотаў-карабейнiкаў i ваяроў-наёмнiкаў.

←Ад шчырага сэрца

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика