Святая, або асвячоная, вада

Источник материала:  

З прыходам хрысцiянства на землях усходнiх славян стаўленне да цудадзейнай вады набыло дадатковыя рысы. На працягу года царква некалькi разоў праводзiла абрад асвячэння вады, якая таксама стала лiчыцца не проста цудадзейнай, а святой. Ёй прыпiсвалi незвычайныя гаючыя здольнасцi, верылi, што яна можа пазбавiць ад розных хваробаў, ачысцiць чалавека ад "бiяэнергетычнага" бруду, перасцерагчы ў складаных жыццёвых сiтуацыях.

  Самым галоўным днём асвячэння вады стаў дзень 19 студзеня — Богаяўленне, або Вадохрышча, калi адбываецца "Вялiкае водаасвячэнне". Гэта якраз той самы дзень, у якi Іаан Прадцеча пахрысцiў у Iарданi Iсуса Хрыста. Асвечаная ў гэты дзень вада, якая называецца святой, iарданскай, хрышчэнскай, лiчылася найбольш "здаровай" i гаючай.

На працягу года абрад асвячэння вады праводзiлi некалькi разоў, але яго ўжо называлi "малым", вось толькi некаторыя з гэтых дзён:

  20 студзеня, у дзень Сабора Iаана Хрысцiцеля (у народзе гэты дзень празвалi "Ранняе Хрышчэнне");

  у суботу перад Вялiкаднем;

  у дзень Прапалавiння — у сераду на трэцiм тыднi пасля Вялiкадня;

  14 жнiўня — на Першага Спаса, з-за чаго свята яшчэ называюць "Спасам на вадзе" або "Мокрым Спасам".

  Ваду малых асвячэнняў таксама лiчылi гаючай.

  Асвячонай вадой можна было "адпаiць" смяротна хворых людзей, лячыць шматлiкiя хваробы, асаблiва энергетычнага плана — ад сурокаў, пярэпалахаў, пужання; ёю асвячалi хату i ўсе гаспадарчыя пабудовы, выкарыстоўвалi падчас закладвання падмурка новага дома; дзяўчаты варажылi на ёй, каб даведацца аб сваёй будучынi.

  Святую ваду выкарыстоўвалi ў складзе сямейна-родавых абрадаў. Яе дабаўлялi ў купель падчас першага рытуальнага купання дзiцяцi; жанчына-рожанiца крапiла ёю грудзi перад першым кармленнем нованароджанага. Святой вадой пырскалi на маладых перад тым, як адправiць iх да вянца; сват абавязкова асвячаў "ярданьскай" вадой месца за сталом, дзе будуць сядзець маладыя на працягу ўсяго вяселля.

Аксана Катовiч, Янка Крук.

←Баi без правiлаў: шансон супраць року, фольк супраць папсы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика