Баi без правiлаў: шансон супраць року, фольк супраць папсы

Источник материала:  

На праекце тэлеканала СТБ "Зорны рынг" штотыднёва сыходзяцца артысты, гатовыя дзеля папулярнасцi спяваць без "фанеры" i адказваць за кожнае слова

Не раз i не два ў адрас тэлевiзiйнiкаў гучалi абвiнавачваннi: мякка кажучы, не зусiм карэктна параўноўваць выканаўцаў такiх розных стыляў i "вагавых катэгорый", як Лалiта Мiляўская i гурт "Крама", "J:Mopc" i рэп-гурт "Цэнтр" або Ірына Дарафеева i гурт "Вопли Видоплясова". Аднак у арганiзатараў шоу ёсць важкiя аргументы: па-першае, самi артысты без пытанняў пагаджаюцца на ўдзел у праекце, а па-другое, вынiковую тэледуэль публiка з задавальненнем глядзiць, аддаючы тысячы i дзясяткi тысяч галасоў у падтрымку ўпадабанага артыста. А значыць — шоу будзе працягвацца! Карэспандэнты "Звязды" пабывалi на здымках чарговай серыi баёў "Зорнага рынгу" i даведалiся, цi можа фальклор супрацьстаяць поп-музыцы i цi сапраўды шансон "забiвае" па папулярнасцi ўсiх канкурэнтаў.

Баi без правiлаў: шансон супраць року, фольк супраць папсы...На пляцоўцы, дзе праходзяць здымкi, даволi холадна, да таго ж масоўка знаходзiцца тут не першую гадзiну, таму на заклiкi памочнiка рэжысёра: "Весялей! Заднiя казычуць пярэднiх!" — рэагавала вяла. Вядучыя таксама — цi то ад холаду, цi ад стомленасцi — пастаянна блыталiся i збiвалiся. Простую як быццам рэплiку "Толькi ў нас грошы i сувязi не маюць нiякага значэння" Дзмiтрый Врангель перапiсваў 5 разоў! Але ў яго з сувядучай Нiнай Багданавай хапiла сiлаў з сябе пасмяяцца. У адрозненне ад артыстаў — удзельнiкаў чарговай серыi "Зорнага рынгу", большасць якiх настройвалiся на выступленне вельмi сур'ёзна. Напрыклад, Руслан Аляхно перад выхадам на сцэну тройчы перахрысцiўся.

Руслан Аляхно: "Самае галоўнае для артыста — канцэрт, а не пiяр"

— Гальштук дасi паганяць? — зачапiўся вокам нехта з публiкi за, бадай, самы яркi аксесуар у стрыманым чорным касцюме артыста.

— Падабаецца? Без праблем, — неасцярожна паабяцаў Руслан. Дзяўчаты-прыхiльнiцы тут жа скарысталiся выпадкам i папрасiлi падарыць гальштук. — Гэты — не магу, падарунак дарагога чалавека, але вы прыходзьце на сустрэчу з фан-клубам, i я абяцаю ўручыць вам дакладна такi ж, — выкруцiўся спявак.

Руслан па-майстэрску згладжваў непрыемныя пытаннi i на правакацыi не паддаваўся.

— Падчас вашага ўдзелу ў "Еўрабачаннi" Гюнеш сказала, што вы спяваеце мiма нот, а вы што маглi б ёй адказаць? — прычапiлiся настойлiвыя прыхiльнiкi.

— Я не магу дазволiць сабе абразiць артыста, бо ўсе мы — калегi, — з годнасцю адрэагаваў спявак. — Нават калi мне штосьцi не падабаецца, магу сказаць гэта дома на кухнi, але не публiчна.

Нас жа цiкавiў iншы аспект. Многiх артыстаў "Еўрабачанне" не адпускае яшчэ доўга пасля ўдзелу, прымушаючы штурмаваць сцэну зноў i зноў. Мо i Руслан Аляхно мае ў тайнiках душы запаветнае жаданне яшчэ раз заявiцца на гэты конкурс? "Першы час, можа, i было такое памкненне — трэба яшчэ раз паехаць, але не для таго, каб камусьцi штосьцi даказаць, а проста зрабiць усё па-iншаму, скарыстаўшы набыты вопыт, — прызнаўся артыст. — Аднак праз нейкi час я задумаўся: цi трэба гэта ўвогуле мне самому, альбо варта працягваць развiвацца, запiсваць песнi, шукаць новыя вобразы. Бо для артыста галоўнае — канцэрты, а не пiяр. Вось зараз сэнсу ўдзельнiчаць у "Еўрабачаннi" я не бачу, а далей — час пакажа".

Увогуле, на гэтыя здымкi добра было б завiтаць ахвотнiкам агулам лаяць беларускiх артыстаў — "такiх-сякiх, безгалосых". Хоць бы для таго, каб гэтыя крытыкi пераканалiся на прыкладзе Аляхно, што можна i не перахвальваць самога сябе, i абыходзiцца без прадзюсара, i спяваць жыўцом (у якасцi экзамену Руслану давялося ўзгадаць i сваю першую песню, i ваенна-патрыятычную, i нават... творчасць Мiхаiла Круга), i прымусiць слухаць свае песнi нават заўзятых працiўнiкаў "папсы". "Гэта яшчэ што! — падзялiлася з намi адна з пастаянных удзельнiц масоўкi. — Вось на мiнулых здымках хтосьцi назваў музыку ансамбля "Бяседа" замшэлай, дык гэтыя цёткi завялi ўсю залу, падлеткi танчылi пад "Чарку на пасашок" i падпявалi!".

Iрына Круг: "Гарантыя поспеху — у маёй душы"

Удава вядомага расiйскага кампазiтара i выканаўцы шансону Мiхаiла Круга прызналася, што да апошняга моманту не цiкавiлася, з кiм ёй давядзецца сустрэцца на "Зорным рынгу": "Мне здаецца, уся гэта барацьба, галасаваннi, вымярэнне папулярнасцi — такiя ўмоўныя рэчы. Людзi паўсюль розныя, iм падабаецца слухаць розныя песнi, i гэта нармальна. Прыемна, што многiм падабаюцца i мае песнi, у якiя я ўкладваю ўсю душу. На маю думку, такi праект — гэта проста магчымасць для артыста паказаць сябе, выйсцi на больш блiзкi кантакт з публiкай". Аднак беларуская публiка прыняла Iрыну не тое каб з распасцёртымi абдымкамi — можа таму, што падлеткi i моладзь (у асноўным з iх складаецца масоўка праграмы) не надта актыўна слухаюць шансон, а можа, з-за банальнай стомленасцi — здымкi доўжацца не адну гадзiну.

Тым не менш, баявая бландзiнка здавацца не збiралася i зрабiла ўсё, каб паказаць, што яна не толькi бледны цень знакамiтага мужа, а цалкам самастойная творчая адзiнка. Не дарэмна ж дачка вайскоўцаў у свой час займалася ў тэатральным гуртку ў Чалябiнску i марыла стаць артысткай. Ва ўсякiм разе, недасведчаныя пераканалiся, што ў рэпертуары расiйскай "лэдзi шансон" больш, чым адна песня, а артыстка ў сваю чаргу прыемна здзiвiлася, што моладзь цiкавiцца самай рознай музыкай i задае вострыя пытаннi, на якiя "нават самой цiкава адказваць".

Каго ж з "байцоў" у вынiку гледачы паставяць на п'едэстал, а каго адправяць на заслужаны адпачынак, артысты пакуль што i самi не ведаюць. У эфiры гэта праграма з'явiцца толькi ў першую суботу сакавiка, тады i адбудзецца тэлефоннае галасаванне i падлiк вынiковых балаў. А ў найблiжэйшых, лютаўскiх, выпусках "Зорнага рынгу" можна будзе паслухаць, параўнаць i падтрымаць (па жаданнi) удзельнiкаў наступных баёў: "Новы Арыэль" — "Litesound", Вiктар Калiна — Сяргей Пукст, Аляксандр Патлiс — Уладзiмiр Ухцiнскi i ансамбль "Бяседа" — маладое трыа "Аvгуст".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←Мелкие деньги

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика