Яшчэ адзін беларускі абрад можа папоўніць спіс сусветнай спадчыны
«Цягнуць Каляду на дуба» – старажытны рытуал аднавілі ў Бярэзінскім раёне. Нашы продкі ім завяршалі калядныя святкаванні.
Сэнс абраду такі – да свяшчэннага дуба прыносіліся ахвяраванні з надзеяй на добры лёс і шчаслівае жыццё.
20 чалавек эвакуявалі ратавальнікі ў Мядзелі падчас пажару ў жылым доме
Загарэлася адна з кватэраў на ніжнім паверсе. Гаспадар яе – як мяркуюць спецыялісты – паліў у ложку. Цяпер – з апёкамі ў бальніцы. А яго суседзі былі вымушаны прастаяць каля 15 хвілінаў на вуліцы, пакуль пажарныя тушылі агонь.
Сіноптыкі перадалі штармавое папярэджанне
Да Беларусі падступае антыцыклон з Фінскага заліва. Гэта азначае, што температура будзе паніжацца. Месцамі – да 30 градусаў. Дзяржаўтаінспекцыя просіць устрымацца ад паездак, медыкі нагадваюць аб магчымых траўмах пры доўгім знаходжанні на марозе. І асабліва адзначаюць – ні ў якім разе не павышаць градус з дапамогай спіртнога. Алкаголь прытупляе ўсе адчуванні і дае несапраўднае пачуццё камфорту.
На Маладзечанскім камбінаце хлебапрадуктаў – новы млын
Устаноўка для перамолу збожжа – якой было ўжо паўстагоддзя – саступіла месца комплексу сучаснага аўтаматызаванага абсталявання. Комплекс - вытворчасці вядучых сусветных фірмаў. Цяпер млын забяспечвае гігіенічную чысціню мукі, нізкае энергаспажыванне. Павысілася і якасць гатовай прадукцыі. Размол збожжа выконваецца на двух'ярусных станках, якія дазваляюць абагаціць муку кіслародам.
64 вёскі Міншчыны сёлета стануць аграгарадкамі
Больш за ўсё іх будзе ў Мінскім, Пухавіцкім і Клецкім раёнах. Прычым, на Клеччыне «населеных пунктаў новагу тыпу» павінна з'явіцца 18-ць. Гэта – саме вялікае заданне па вобласці. На будаўніцтва аграгарадкоў Клецкага раёна пойдзе 20 мільярдаў рублёў. Запаланаваны рэканструкцыя і будаўніцтва новых сацыяльных аб'ектаў, рамонт пад'язных шляхоў, узвядзенне жылля – асабліва для маладых спецыялістаў.
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце ўзяла шэфства над маладзечанскім Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання для дзяцей-інвалідаў
На святы новыя шэфы падаравалі выхаванцам установы спецыяльную мэблю, бытавую тэхніку. І паабяцалі – толькі ўрачыстымі нагодамі абмяжоўвацца не будуць. У цэнтры арганізуюць работу валанцёрскіх атрадаў.
Больш за дзве тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў Міншчыны перайшлі на электронны спосаб падачы дэкларацый аб падатках
Дакументы можна адпраўляць у любы час сутак і з любога населенага пункта. Гэта дазваляе пазбегнуць папяровай валакіты і зэканоміць час. Для таго, каб стаць абанентам сістэмы электроннага дэкларавання, трэба набыць носьбіт ключавой інфармацыі, неабходныя праграмы і ўстанавіць іх на свой камп'ютар з доступам у iнтэрнэт.
Больш за усё электронных дэкларацый падалі ў Мінскім, Барысаўскім і Маладзечанскім раёнах. На Маладзечаншчыне, дарэчы, ужо больш за дзве сотні падаткаплацельшчыкаў – як прыватных, так і дзяржаўных – карыстаюцца віртуальным дакументаваннем.
Музычны фэст – у Заслаўі
Мерапрыемства – юбілейнае, ужо 10 па ліку. У праграме – конкурс юных музыкантаў, кніжная прэзентацыя, выступленне Нацыянальга канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Маэстра і яго калегі прадставяць музыку розных стыляў і часоў. Гэта – цэнтральная падзея фэсту. А «на дэсерт» – гала-канцэрт зорак беларускай эстрады.