Доўгая на гэты раз выйшла мая дарога дадому...
Хуткi цягнiк № 96 звычайна едзе ад Мiнска да Гомеля прыкладна чатыры гадзiны i сорак хвiлiн. Але 20 студзеня гэты час павялiчыўся яшчэ на дзве з паловай гадзiны. Парушыўся рух усiх спадарожных i сустрэчных цягнiкоў, пасажыры, што ехалi ў Жлобiн i Гомель, спазнiлiся, родныя непакоiлiся.
Усё праз чутку: у цягнiку закладзена бомба.
Дарэчы, зараз афiцыйна паведамiлi, што паведамленне было хлуслiвым. Але я, як i многiя iншыя пасажыры, адчула на сябе усю няпэўнасць свайго становiшча.
Цягнiк быў як цягнiк. Спынiўся ў Красным Беразе, але чамусьцi доўга стаяў. Праз нейкi час праваднiца запрасiла ўсiх выйсцi. Нiчога не разумеючы, усе падалiся да будынка вакзала. Сядзелi. Чакалi. Амаль адразу пачалi хадзiць самыя неверагодныя чуткi. Быццам нехта пабiўся, быццам бомба закладзена, быццам ужо некага падазронага затрымалi... У такiм становiшчы сведка — ненадзейны iнфарматар, бо з невядомасцi, разгубленасцi нараджаюцца самыя розныя iдэi.
Але некалькi фактаў было вядома дакладна. Напрыклад, тое, што пасажыраў першага вагона запрасiлi на перапiс да мiлiцыянераў. Што нiводзiн цягнiк на працягу ўсяго гэтага часу не падышоў да станцыi. Што састаў цягнiка чакаў спецыялiстаў. Што да гэтага часу ўся станцыя была пад наглядам мiлiцыi.
...Дзякуй, што пра пасажыраў паклапацiлiся. Жлобiнцам далi аўтобус, а тым, хто ехаў далей, неўзабаве прыгналi дызель, на якiм мы ўсё ж такi даехалi да горада. Асаблiвую ўвагу нашы выратавальнiкi аддалi расiянам, што ехалi ў Маскву. Затрыманы цягнiк чакаў iх у Гомелi.
Беларусы, на мой погляд, трымалiся добра. Каму спадабаецца, калi цябе затрымлiваюць, трымаюць у невядомасцi i нейкай безвыходнасцi, у чаканнi невядома чаго? Але наш брат — сапраўдны аптымiст! "З намi нiчога не здарыцца, бо мы едзем дадому", казаў ужо у дызелi нейкi мужчына свайму сябру.
Усё добра скончылася. Мы толькi спазнiлiся.
Ужо пазней сталi вядомыя падрабязнасцi здарэння. Нейкi малады хлопец падышоў да праваднiка першага вагона i заявiў, што цягнiк замiнiраваны. Праваднiк далажыў пра гэта начальнiку састава, а той — у мiлiцыю i МНС. На месца здарэння выехалi супрацоўнiкi Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях, мiлiцыi, КДБ i група размiнiравання. Пасажыры i работнiкi цягнiка былi эвакуяваны, размешчаны ў iнтэрнаце Краснабярэжскага аграрнага каледжа, а затым дастаўлены на аўтобусах у Жлобiн. З райцэнтра пасажыраў на дызель-цягнiку адправiлi ў Гомель. Група размiнiравання не знайшла ў цягнiку выбуховага прыстасавання. "Выбухнiк" затрыманы, з iм праводзяць следчыя дзеяннi.
Надзея ВАЛЬКОЎСКАЯ.