Голая праўда ад людзей у пагонах

Источник материала:  

На шляху супрацоўнiкаў Дзяржаўтаiнспекцыi, як высветлiлася, час ад часу сустракаюцца голыя (!) кiроўцы i пешаходы. Як правiла, яны спачатку прымушаюць пахвалявацца, а пасля — пасмяяцца ад душы. Пасля адзiнкавыя нестандартныя жыццёвыя гiсторыi, як анекдоты, яшчэ доўгi час перадаюцца ад iнспектара iнспектару. Перад Новым годам вырашылi пасмяшыць i чытачоў "Звязды".

"Пра пешахода, якога збiла "саракаградусная", расказваюць супрацоўнiкi УДАІ УУС Вiцебскага аблвыканкама:

"Аднойчы ў навагоднюю ноч давялося несцi службу на адным з маршрутаў патрулявання ў абласным цэнтры. Мароз пад трыццаць. Транспарту не вiдаць, людзей таксама — яшчэ не выйшлi з-за сталоў на вулiцу. Неўзабаве, праязджаючы па праспекце Чарняхоўскага, прыкмецiлi на праезнай частцы голага чалавека. Няўжо на яго машына наехала? — мiльганула першая думка. Падышлi блiжэй. Слядоў наезду i цялесных пашкоджанняў не было, але тым не менш мужчына не падаваў прыкмет жыцця. Абазначылi месца знаходжання пешахода i павезлi яго ў апорны пункт. З хвiлiны на хвiлiну прыехала "хуткая" i пешаход, як па ўзмаху чароўнай палачкi, "ажыў" i... нечакана для ўсiх зацягнуў развясёлую песню "В лесу родилась елочка, а рядом вырос пень". Далей аб адносiнах пня i елачкi слухаць не сталi. Даведалiся адрас, паслалi па жонку, каб прывезла адзенне. Як толькi жанчына зайшла ў апорны пункт, то з усяго размаху ўляпiла аплявуху свайму "пню". Прасiла не адпускаць яго дадому да ранiцы, каб ён не псаваў ёй святочны настрой. Як высветлiлася, нашага пешахода збiў не аўтамабiль, а "саракаградусная", у пошуках якой ён выйшаў на вулiцу нават без шкарпэтак. Iшоў на "аўтапiлоце" невядома куды. Спатыкнуўся на сярэдзiне праезнай часткi, упаў i заснуў. Калi б мы не прыехалi своечасова, давялося б забiраць абледзянелага снегавiка."

"Пра кiроўцу, якому прыснiўся страшны сон", расказваюць супрацоўнiкi УДАI Савецкага РУУС горада Мiнска:

"Гэта было ранняй вясной, каля дзевяцi гадзiн ранiцы. Iнспектарскi састаў ДПС працаваў у раёне Тэатра оперы i балета. Увагу прыцягнула "Форд-Сiера", сiратлiва прыпаркаваная ў забароненым месцы. Пад'ехалi i ўбачылi на пярэднiм сядзеннi аўтамашыны голага мужчыну, якi салодка пасапваў. Пастукалiся ў фортку, каб высветлiць, што адбываецца. Мужчына прачнуўся, але адмовiўся адчыняць дзверы. Улавiўшы ж момант, выскачыў з машыны i ў чым мацi нарадзiла пабег у кiрунку вулiцы Багдановiча. Мы тут жа селi ў машыну i паехалi за iм. Усялякае ж можа здарыцца... Уцякач дабег да кавярнi "Ля Траецкага" i скочыў у ваду. Мы на лодцы (там знаходзiцца лодачная станцыя) за iм. Плывец, сiнi ад холаду, усё ж такi здаецца i забiраецца ў лодку. На беразе ж зноў кiдаецца наўцёкi. Калi мы вярнулiся на стаянку, мужчына апранаўся ў рэчы, якiя дастаў з багажнiка. Праверылi дакументы — усё ў парадку. Калi спыталi, навошта было наладжваць гонкi, ён толькi пацiснуў плячыма, маўляў, сам не ведаю, проста страшны сон прыснiўся."

* * *

Падчас апошняга рэйду з супрацоўнiкамi мiлiцыi мяне таксама рассмяшыў, праўда не голы, парушальнiк. Ранiца. Выхадны дзень. Пад'язджаем на службовай машыне да чарговай сталiчнай крамы. Непадалёку ад шыльдачкi з надпiсам вiнна-гарэлачны аддзел "грэюцца" мясцовыя выпiвакi. "Iзноў "папалiлiся", — уздыхае пяцiдзесяцiгадовы барадач, i салон мiлiцэйскай машыны напаўняецца перагарам. — Надвор'е дрэнь, а мiлiцыi не спiцца. А ты, дачушка, гэты апарат схавай, навошта дзеда няголенага фатаграфаваць. Лепш напiшы, што мы знайшлi эфектыўны сродак супраць свiнога грыпу, сто пудоў лепшы за антыгрыпiн. Стаiм сабе, лечымся, нiкога не чапаем, а мiлiцыя яшчэ штраф за гэта выпiсвае. Дайце, людзi. рады".

Надзея ДРЫЛА.

←Большасць беларусаў задаволеныя працай мiлiцыi

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика