Сямейна-радавы каляндар

Источник материала:  

Аснову сямейна-радавога календара складаюць найважнейшыя рытуальна-абрадавыя комплексы жыццёвага кола чалавека: нараджэнне, вяселле i пахаванне. На першы погляд можа падацца, што гэтыя складаныя абрады гарманiчна ўключаны ў структуру храналагiчнага календара. Аднак насамрэч яны складаюць самастойную сiстэму ўпарадкавання часу.

 Самы строгi характар узаемаадносiнаў склаўся памiж рытуальна-абрадавым комплексам, якi суправаджае смерць i пахаванне чалавека, i паўсядзённа-побытавым i святочна-абрадавым храналагiчным календаром. Смерць чалавека не спыняла працоўную дзейнасць сям'i памерлага i яго роду, але цалкам забараняла ўдзел ва ўсiх святочных мерапрыемствах. На працягу наступнага года сям'я знаходзiлася ў стане жалобы, аб чым сведчыла нават адзенне iншага колеру.

 Нараджэнне чалавека было пазначана на храналагiчным календары яшчэ адной святочнай падзеяй, але на працягу першага года зямнога iснавання дзiцяцi на паводзiны яго мацi накладалася вялiкае мноства самых розных па характары рэгламентацый. Адной з iх з'яўляецца забарона наведваць храм на працягу сарака дзён пасля родаў.

 На працягу апошняга тысячагоддзя склалiся свае стасункi памiж храналагiчным календаром i народным вяселлем. Сталася так, што яно вымушана было падпарадкоўвацца шматлiкiм заканамернасцям храналагiчнага календара i прыстасоўвацца да яго культуралагiчных i рэлiгiйных рэгламентацый. Далёка не ўвесь каляндарны год лiчыўся аднолькава спрыяльным для святкавання вяселляў. Вядома, што вянчанне ў храме не дазвалялася на працягу чатырох доўгатэрмiновых пастоў. Акрамя таго, у народнай традыцыi iснавала перасцярога спраўляць вяселлi тады, калi Месяц знаходзiўся ў апошняй чвэрцi, на спадзе i iнш.

 Такiм чынам, народны каляндар уяўляе сабой дакладна распрацаваную сiстэму вымярэння часу, якая суадносiцца не толькi з прыродна-касмiчнымi фактарамi, але i з сацыяльна-псiхалагiчнымi i рэлiгiйна-культурнымi. Каляндар знiтоўваў iх у адзiнае i непадзельнае цэлае, надаючы жыццю чалавека, яго працоўнай дзейнасцi i святкаванням мерны рытм. Ён даваў магчымасць своечасова распачаць i завяршыць усе гаспадарчыя працы i абавязкова пакiнуць месца для свята, для супакою душы.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Большасць беларусаў задаволеныя працай мiлiцыi

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика