Сіліцкі: Грамадства змяняюць не апытанні, грамадства змяняюць дзеянні
Больш за ўсё сацыёлагаў у 2009 годзе расчаравала інертнасць беларусаў, — заявіў кіраўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS, Літва) Віталь Сіліцкі.
«Падчас рэалізацыі нашых даследчых праграм сумесна з аксіяметрычнай лабараторыяй «Новак» мы правялі некалькі даследаванняў, даныя якіх могуць служыць для параўнання з іншымі даследаваннямі, скажам, гадоў праз дваццаць. Мы стварылі кропку адліку ў нейкіх эканамічных, палітычных гледжаннях, нацыянальнай ідэнтычнасці і г.д.», — сказаў Сіліцкі.
Як адзначыў сацыёлаг, асабіста яго вельмі здзівіла даследаванне, якое тычыцца крызісу. «Большая частка грамадства хапаецца за старое — яшчэ мацней, чым улада. Яны не разлічваюць на сябе, яны думаюць, што хтосьці прыйдзе і ім усё дасць, — сказаў Сіліцкі. — Дзівяць парадоксы. Напрыклад, абсалютна станоўчае стаўленне да тых, хто спрабуе прапагандаваць беларускую мову і культуру, і ў той жа час — поўная незацікаўленасць ва ўласным удзеле ў гэтым працэсе. Грамадства падтрымлівае прадпрымальнікаў — але само ў гэта лезці не жадае».
«Гэта самая цікавая рыса сённяшняга беларускага грамадства: можна падтрымаць усё, што заўгодна, калі толькі гэта не адарве мяне ад канапы і не прымусіць мяне ў чымсьці актыўна ўдзельнічаць», — заявіў сацыёлаг.
Пры гэтым ён адзначыў, што апытанні — усяго толькі адпраўная кропка для дзеянняў. «Мы рады, калі дапамаглі тым жа прадпрымальнікам, тым жа праеўрапейскім сілам, якія збіралі Кангрэс еўрапейскіх сіл, той жа кампаніі «Будзьма». Калі ў выніку дзеянняў кампаніі «Будзьма» праз тры гады штосьці зменіцца ў беларускім грамадстве — у гэтым будзе і наш уклад. Але апытанні не змяняюць грамадства — грамадства змяняюць дзеянні людзей», — сказаў Сіліцкі.