ЗША нададуць пільную ўвагу мясцовым выбарам у Беларусі
У 2010 годзе Злучаныя Штаты маюць намер надаць пільную ўвагу кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы ў Беларусі, паведаміў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.
«Выбары ў мясцовыя саветы ў 2010 годзе будуць аб`ектам нашай пільнай цікавасці, — сказаў дыпламат. — Мы віталі ўдзел урада Беларусі ў распачатым мінулай вясной дыялогу з удзелам БДІПЧ, апазіцыйных партый і грамадзянскай супольнасці па прапанаваных змяненнях у выбарчае заканадаўства».
Скэнлан падкрэсліў, што гэты дыялог не знайшоў свайго працягу. «Мы падзяляем выказаныя нядаўна БДІПЧ шкадаванні аб тым, што Беларусь так і не падала на разгляд гэтай арганізацыі адпаведныя папраўкі ў выбарчае заканадаўства, дамоўленасць аб чым была дасягнута вясной, — сказаў часовы павераны. — Акрамя таго, выклікае шкадаванне той факт, што беларускі ўрад адмовіўся ад ўласна заяўленых змяненняў, якія давалі назіральнікам магчымасць проста назіраць за падлікам галасоў».
У той жа час, падкрэсліў Скэнлан, ЗША вітаюць «нядаўнія заявы парламента пра намер разгледзець прапановы апазіцыйных партый па выбарчым заканадаўстве». «Мы спадзяемся на лепшае і адкрыта дзелімся з беларускім урадам сваім бачаннем сітуацыі», — сказаў ён.