2010 год пакажа, наколькі мы адбылiся як краiна i адзiная эканамiчная сiстэма

Источник материала:  
Пасля атрыманых ад вандроўкi па Ждановiчах уражанняў i гутарак з шараговымi прадпрымальнiкамi мы звярнулiся да Вiктара Маргелава, старшынi Рэспублiканскай канфедэрацыi прадпрымальнiцтва, з прапановай падвесцi вынiкi 2009 года i, магчыма, трохi зазiрнуць у 2010 год.

— Вiктар Ягоравiч, нашы суразмоўцы на рынку скардзiлiся, што iх непакоiць негатыўнае стаўленне да прадпрымальнiцтва: быццам яны не паважаныя людзi, якiя самi сабе зарабляюць на жыццё i падаткi плацяць, а наадварот — нейкiя нахлебнiк цi нават ворагi. Чаму такое стаўленне да прадпрымальнiцтва ў нас?

— Абсалютна правiльна падымаюць яны пытанне! Сутнасць нават не ў тым, што падаткi высокiя цi адмiнiстрацыйныя працэдуры складныя: самае складанае якраз на маральным узроўнi. I пра гэта кажуць не толькi прадпрымальнiкi з рынку, але i больш буйныя бiзнэсмены. Такое стаўленне да прадпрымальнiкаў нават не столькi сярод грамадства, як у органах улады, калi на цябе глядзяць як на крынiцу прыбытку для бюджэту i не больш. I калi ў вышэйшага кiраўнiцтва i ўрада стаўленне змянiлася цяпер у лепшы бок, то на месцах, на жаль, усё засталося па-ранейшаму. Мы абмяркоўвалi гэтае пытанне на працоўнай групе... Што тут трэба зрабiць? Не выконваюць сваю ролю СМI, асаблiва тэлебачанне, бо расказваць пра прадпрымальнiцтва трэба правiльна, як любую iдэалагiчную працу рабiць. Але не з мэтай насаджэння iдэй прадпрымальнiцтва, а каб проста паказаць, што чалавек, якi сваёй працай нечага дасягнуў, заслугоўвае павагi. А ў нас сёння, на жаль, больш расказаў пра тое, як асобнага злодзея злавiлi i колькi ён украў.

2010 год пакажа, наколькі мы адбылiся як краiна i адзiная эканамiчная сiстэма— Нам скардзiлiся яшчэ i на высокi кошт арэнды, i на памеры штрафаў, якiя занадта вялiкiя нават за дробныя парушэннi...

— Ну, што датычыцца арэнды, то тут ёсць два бакi — кiраўнiцтва рынку хоча стаўкi арэнды ўзняць, а прадпрымальнiкi — апусцiць. Вопыт падказвае, што кампрамiснае рашэнне знаходзiцца тады, калi IП арганiзавана вядуць перамовы з гаспадарамi рынку. Ёсць станоўчы вопыт, калi ў Гомелi кiраўнiцтва рынку прапанавала плацiць 80 долараў за кв. метр, але пасля правiльных перамоў з аб'яднанымi прадпрымальнiцкiмi сiламi гэта лiчба апусцiлася да 50 долараў. Што датычыцца штрафаў, то мы ўжо паўтара года, а мо i больш, займаемся гэтай праблемай. Сёння ў нашай краiне нiхто не ведае, чаму памеры штрафаў менавiта такiя — гэта я кажу адказна, бо прысутнiчаў у тых працоўных групах, дзе ў гэтых пытаннях спрабавалi разабрацца. У нас няма на сёння сувязi памеру штрафу са ступенню парушэння, зробленай шкодай i грамадскай небяспекай. У нас няма папярэджання як формы пакарання за малазначныя парушэннi, а амаль усе штрафы для юрыдычных асобаў пачынаюцца з 20 базавых велiчынь. Дзелавая супольнасць выпрацавала канцэптуальныя падыходы i канкрэтныя прапановы па змене 54 артыкулаў КаАПП — сутнасць артыкулаў у асноўным застаецца, змяняецца толькi шкала штрафаў... З тых часоў шмат вады выцекла — i працоўныя групы стваралiся, i звароты былi — але да рэальнага перагляду штрафаў з улiкам iнтарэсаў беларускай дзелавой супольнасцi — прычым пад зваротамi падпiсвалася i Рэспублiканская асацыяцыя прамысловых прадпрыемстваў (куды ўваходзяць i МАЗ, i МТЗ) — справа так i не дайшла...

— Наогул пасля гутарак з iндывiдуальнымi прадпрымальнiкамi пра працу ў 2009 годзе ў нас склалася ўражанне, што энтузiязму ў некаторых мала — яны думаюць не пра пашырэнне бiзнэсу, а пра тое, каб яго хаця б захаваць...

— З аднаго боку, 2009 год, магчыма, некалi ўвойдзе ў гiсторыю як год самай вялiкай колькасцi зменаў i паляпшэнняў дзелавога клiмату, прынамсi, калi меркаваць па колькасцi назваў прынятых дакументаў. Але з iншага боку, калi пачынаеш размаўляць з людзьмi, якiя рэальна ў бiзнэсе, то iх ацэнка не такая аптымiстычная. На жаль, яны вялiкiх зменаў не адзначаюць. Калi б такiя крокi рабiлiся яшчэ гады 2 назад, то карысць ад iх была б нашмат большая: мы маглi б атрымаць, скажам, 20-працэнтны рост малога бiзнэсу. Але сёння сiтуацыя iншая: прававое поле вядзення бiзнэсу паляпшаецца, але застаюцца iншыя абмежавальнiкi. Па-першае, гэта фiнансы. Бо з-за крызiсу абвальваюцца рынкi збыту, парушаюцца дамоўныя адносiны, памяншаецца пакупнiцкi попыт насельнiцтва i г.д. Па-другое, малы i сярэднi бiзнэс першы пацярпеў у пачатку крызiсу, калi пачаўся бюджэтны дэфiцыт: каму першаму перасталi плацiць дзяржарганiзацыi — малому i сярэдняму бiзнэсу, каго ў першую чаргу перасталi фiнансаваць банкi — малы i сярэднi бiзнэс... Таму, можна сказаць, прадпрымальнiкi пацярпелi найбольш: напрыклад, ювелiрныя крамы скардзiлiся, што iх выручка скарацiлася на 75 %, iншыя прадпрыемствы кажуць пра скарачэнне выручкi на 50 %, на 30 % — мала каму ўдалося захаваць аб'ём выручкi, асаблiва ў доларавым выражэннi. Рост выручкi назiраецца толькi ў агенцтваў, што займаюцца выпатрабаваннем даўгоў...

— I што ж рабiць у новым, 2010, годзе, каб выправiць сiтуацыю?

— Правiльна, спрадвечнае пытанне "хто вiнаваты?" ужо позна ставiць, зараз больш актуальнае пытанне "што рабiць?". На сёння вiдавочна, што мы не зможам пераадолець сваiх праблем у эканомiцы без мадэрнiзацыi эканамiчных адносiнаў. Варыянты гэтай мадэрнiзацыi могуць быць рознымi, але самае горшае на сёння тое, што дзяржава не выконвае функцыю эфектыўнага ўласнiка на дзяржпрадпрыемствах. I гэта можа з'явiцца значным тормазам у выхадзе з крызiсу. Таму трэба ствараць стымулы для менеджараў цi кiраўнiкоў на дзяржаўных прадпрыемствах, ну, а другi метад лячэння гэтай хваробы — гэта прыватызацыя. Вось толькi як праводзiць прыватызацыю — пытанне. Мы ўваходзiм у Мытны саюз, краiна мае вялiкiя даўгi i на сёння ёсць вялiкая небяспека, што мы можам згубiць нацыянальную iдэнтыфiкацыю: г.зн. нашу эканомiку набудуць замежныя кампанii, ну, а нам застанецца роля працаўнiкоў на iх прадпрыемствах. На жаль, беларускi бiзнэс не назапасiў дастатковых сродкаў для таго, каб актыўна ўдзельнiчаць у прыватызацыi. Грошы будуць толькi ў ценявых структур i ў замежных партнёраў...

Шмат хто з кiраўнiкоў задаецца пытаннем: якiм чынам мы будзем выконваць прагнозныя паказчыкi росту ВУП на 13 % у наступным годзе? Калi не адбудзецца цуда, то iснуе вялiкая небяспека крызiсу з-за таго, што бюджэт сфармiраваны не ў адпаведнасцi з рэалiямi жыцця. I калi нехта недаатрымае грошай — урачы, настаўнiкi цi важныя дзяржпраграмы, — то ланцужок пачне працягвацца, i гэта можа вылiцца ў спыненне эканомiкi. Таму шмат кiраўнiкоў i аналiтыкаў глядзяць у наступны год з трывогай i не без падстаў, як мне падаецца, лiчаць яго самым цяжкiм за ўвесь час нашай незалежнасцi. 2010 год пакажа, наколькi мы адбылiся як краiна, як адзiная эканамiчная сiстэма i г.д.

— Бiзнэс што-небудзь будзе прапаноўваць ў 2010 годзе?

— На 2010 год мы ўжо па-iншаму рыхтуем Нацыянальную платформу бiзнэсу. Мы прынялi пад увагу памылкi мiнулай платформы: мы лiчылi, што ўлада павiнна дэталiзаваць тыя цi iншыя прапановы, але высветлiлася, што нашмат больш эфектыўна вырашаюцца пытаннi, калi ледзьве не праект указа рыхтуеш. Таму мы будзем працаваць перш за ўсё над дэталiзацыяй прапаноў i над iх больш шчыльнай увязкай, каб яны складалiся ў нейкi план дзеянняў. Напрыклад, зусiм нядаўна адправiлi ў Мiнiстэрства эканомiкi лiст з прапановай сфармiраваць двухгадовы план павышэння долi малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва да 30 % у ВУП краiны. Чаму менавiта план? Таму што вопыт працы з уладай паказаў, што калi мы займаемся важнымi, але не скаардынаванымi пытаннямi, то, умоўна кажучы, з трох пытанняў вырашаем два, трэцяе не чапаем, i таму праблема ўсё адно застаецца... Ёсць станоўчы вопыт Кыргызстана: там на ўсiх узроўнях створаны механiзм узаемадзеяння памiж бiзнэсам i ўладай. Гэта значыць, што калi рыхтуецца законапраект, то ствараецца працоўная група, куды ўключаюцца i прадстаўнiкi бiзнэсу, якiя даюць экспертнае заключэнне. Нiхто не замяняе ўладу, але ўрад папярэджваюць пра магчымыя наступствы. Ёсць i iншыя механiзмы ў iншых краiнах, але сутнасць у тым, што любы нарматыўна-прававы акт павiнен быць дакладна прадуманым, мець дакладныя эканамiчныя цi сацыяльныя разлiкi i г.д. А таксама неабходна падводзiць вынiкi яго прыняцця праз пэўны час, павiнна быць адказнасць. Каб мы не назапашвалi дзесяцiгоддзямi той груз, якi будзе вiсець увесь час з-за таго, што ў кагосьцi рукi не даходзяць нешта змянiць у заканадаўстве.

Трэба стварыць умовы, калi бiзнэс i ўлада змогуць эфектыўна працаваць поруч, калi грамадскiя структуры i прэса зробяць гэты працэс празрыстым... Трэба стварыць механiзмы фiнансавання бiзнэсу, бо лёгка сказаць: "Падымайце вытворчы бiзнэс!", а дзе ўзяць 100—200 тысяч дадатковых "жывых" грошай для адкрыцця той малой вытворчасцi? Дарэчы, лiтаральна на мiнулым тыднi мы прапанавалi Мiнэканомiкi: давайце нашы нелiквiдныя рэшткi на заводах пераўтворым у iнвестыцыi для малога бiзнэсу. Аддайце хаця б дзясятую частку гэтых трактароў, МАЗаў, аршанскай тканiны прадпрымальнiкам пад iнвестыцыйныя праекты ў выглядзе ўкладанняў, каб прадпрымальнiк стварыў нейкую карысную вытворчасць для сябе i для краiны. Колькi ў нашы заводы дзяржпадтрымкi ўкладзена — я мяркую, калi трошкi падзялiцца гэтай падтрымкай у выглядзе тых жа самых трактароў, то праблемы не будзе.

На жаль, сёння не хапае веры ў тое, што прыватная iнiцыятыва можа рабiць цуды. Але я ў гэтым упэўнены, я сам з такiх, i паверце, што нават калi людзi з дзяржаўнага завода прыходзяць у прыватную сферу, то яны па-iншаму пачынаюць працаваць. Так, тыя ж самыя людзi, бо там атмасфера зусiм iншая. I ў нас няма на сёння iншай альтэрнатывы, як змянiцца самiм — у гэтым i заключаецца рэцэпт выхаду з крызiсу.

Гутарыў Павел БЕРАСНЕЎ.

←Бясплатнай працы не бывае

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика