МЗС зноў не дазволіла «Белсату» адкрыць у Беларусі карпункт
Міністэрства замежных спраў Беларусі зноў не дазволіла польскаму тэлеканалу «Белсат» адкрыць у краіне карпункт.
8 снежня прадстаўнік канала Міхаіл Янчук наведаў МЗС, дзе яму быў дадзены адказ на заяўку «Белсата» аб адкрыцці карпункта. Як паведаміў Янчук, у дакуменце за подпісам намесніка міністра Валерыя Варанецкага адзначаецца, што, паводле наяўнай у МЗС інфармацыі, на працягу 2009 года беларускія органы пракуратуры вынеслі папярэджанні шэрагу грамадзян краіны за працу ад імя тэлеканала «Белсат» без акрэдытацыі пры МЗС.
Тым самым, гаворыцца ў адказе, былі парушаны патрабаванні закона аб СМІ і палажэнні аб акрэдытацыі карэспандэнтаў замежных СМІ ў Беларусі. З гэтай прычыны «Белсату» адмоўлена ў адкрыцці карпункта.
Упершыню «Белсату» адмоўлена ў пачатку сакавіка гэтага года. Афіцыйнай прычынай стала няправільнае афармленне дакументаў.
***
Пагадненне аб стварэнні спадарожнікавага тэлеканала «TV Беларусь» было падпісана 23 красавіка 2007 года паміж Польскім грамадскім тэлебачаннем (TVP) і Міністэрствам замежных спраў Польшчы. 18 ліпеня TVP зацвердзіла ў сваёй структуры новы спадарожнікавы тэлеканал, які атрымаў назву «Белсат». 10 снежня 2007 года з выпуску навін пачалося тэставае вяшчанне «Белсата». Тэлеканал фінансуецца з рэзервовага бюджэту польскага МЗС. Праграмы «Белсата» выходзяць пераважна на беларускай мове. Галоўная задача тэлеканала — даваць грамадзянам Беларусі аб"ектыўную і дакладную інфармацыю аб падзеях у краіне, Еўропе і свеце.
11 лістапада Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову, у адпаведнасці з якой на адзін год была выдадзена акрэдытацыя «Еўрапейскаму радыё для Беларусі» («Еўрарадыё»), што базуецца ў Польшчы.