Праўда заўсёды справа

Источник материала:  

У дахрысцiянскай культуры старажытных славянаў бог, якi ўвасабляў усеагульны справядлiвы закон, усталяваны Дажджбогам, называўся "Правь". Ад гэтай назвы адбылiся шматлiкiя словы, якiя характарызуюць станоўчы пачатак у нашым жыццi: праўда, праўд-зiвы, упраў-дом, упраўленне...

 Самае ганаровае месца ў хаце займаў чырвоны кут. Звычайна ён знаходзiўся справа ад увахода. Таму хочацца звярнуцца да сённяшнiх арганiзатараў вяселля: не забывайце пра гэта залатое правiла народнай культуры — стол павiнен быць пастаўлены так, каб месцы маладых былi зарыентаваны на ўсход.

 Гэта ж суаднесенасць Дабра i Зла захавалася i ў хрысцiянскай традыцыi. У кананiчнай лiтаратуры гаворка iдзе пра тое, што падчас Страшнага суда апраўданым будзе прадпiсана месца справа ад Бога, грэшнiкам — злева. У апiсаннях распяцця Хрыста злодзей, якi раскаяўся ў сваiх злачынствах, быў раскрыжаваны з правага боку ад Хрыста, астатнiя — злева. На абразах Хрыстос сядзiць справа ад Бога. Невыпадкова ў традыцыях еўрапейскiх культур самым ганаровым месцам было месца справа ад гаспадара хаты.

 Пасля таго, як хрысцiянства было падзеленае на дзве канфесii, адна з iх атрымала назву Праваслаўе. Вернiкi, якiя прытрымлiваюцца знака веры гэтай канфесii, хрысцяцца справа налева.

 Сярод усходнiх славянаў было прынята, каб муж i жонка насiлi заручальныя пярсцёнкi на правай руцэ. І толькi ў выпадку смерцi аднаго з пары другi павiнен быў на працягу трох гадоў насiць заручальнае кольца на левай руцэ.

 Адна з найстаражытнейшых навук пра чалавека — хiрамантыя — прадказвае лёс чалавека па лiнiях далоняў i вушных ракавiнаў. Яна сведчыць пра тое, што на левай руцэ чалавека прырода захавала "карцiну", з якой ён прыходзiць у гэты свет. На правай — яго развiццё, той канчатковы шлях, якi ён адолее на працягу ўсяго зямнога жыцця.

 У адпаведнасцi з уяўленнямi продкаў, "правая рука" выконвала паўсядзённую працу, а "левая рука" была пануючай пры выкананнi магiчных, рытуальных дзеянняў. Нездарма лiчылi, што правай рукой бласлаўляюць, а левай — праклiнаюць.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

←Благо твори!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика