Сёння — прэм’ера беларускай праграмы інтэрнет‑TV
Сёння а 19‑й выдавец БДГ, сябра Кансультацыйнай Рады пры Адміністрацыі прэзідэнта Пётр Марцаў на сайце INTV.BY выходзіць у жывы эфір з першай беларускай праграмай інтэрнет‑тэлебачання.
Напярэдадні Пётр Марцаў распавёў:
»Гэта штотыднёвая перадача прыблізна 30 хвілінаў. Будзе выходзіць ўвечары ў пятніцы.
Гэта будзе размова на актуальныя тэмы тыдня з госцем. Госьць, як правіла, гэта вядомы чалавек у нейкай сферы. Праўдападобна, мы будзем пачынаць з бізнес‑аўдыторыі, паколькі яна найбольш мае доступ да шырокапалоснага інтэрнэту. Перадача будзе ў жывым эфіры. Гэта тое, што тут ніхто пакуль не рабіў, прынамсі ў інтэрнеце.
Гэта, напэўна, першая тэлеперадача ў інтэрнеце ў жывым эфіры і, напэўна, першая перадача з арыгінальным кантэнтам. Пакуль паказваюцца толькі перадачы, якія ідуць на іншых сайтах, на іншых тэлеканалах. Другая адметнасьць — жывы эфір, трэцяя асаблівасьць — гэта месца, зь якога будзе наўпроставая трансляцыя. Гэта менская кавярня «News‑Cafe». Я ніколі не рабіў тэлеперадачаў, паглядзім, што атрымаецца…»
Тыя, хто маюць шырокапалоснае падключэньне да інтэрнету, змогуць назіраць за гутаркай у жывым эфіры на сайце itv.by. Паводле Міністэрства сувязі, на сённяшні дзень такую магчымасць маюць каля 500 тысяч карыстальнікаў у Беларусі.
Першым госцем Пятра Марцава будзе ўладальнік кампаніі «Серж» Сяргей Атрошчанка — выдавец штотыднёвіка «Обозреватель».