Ствараецца міждзяржаўная камісія па расследаванні прычын
Ствараецца міждзяржаўная камісія па расследаванні прычын катастрофы пад Мінскам самалёта расійскай авіякампаніі «С‑Эйр».
Пра гэта паведаміла прэс‑сакратар Міністэрства транспарту і камунікацый Алена Саланенка.
Камісію ўзначаліў прадстаўнік Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта СНД. З беларускага боку ў яе склад увойдзе начальнік упраўлення дзяржінспекцыі па бяспецы палётаў і авіяцыйнай бяспецы Уладзімір Нагулевіч.
Як паведаміла Саланенка, ужо адбыліся перамовы прадстаўнікоў кіраўніцтва міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі з міністрам транспарту Расіі Ігарам Лявіціным, у ходзе якіх былі вызначаныя першачарговыя мерапрыемствы па расследаванні прычын авіякатастрофы.
Вядома таксама, што Расавіяцыя правядзе пазачарговую праверку лётнай работы і стану бяспекі палётаў у гэтай расійскай авіякампаніі.
У Нацыянальным аэрапорце «Мінск» створаны арганізацыйны штаб па падрыхтоўцы інфармацыі для работы камісіі. Штаб узначаліў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Вадзім Мельнік.
Як паведамлялася раней, самалёт бізнес‑авіяцыі авіякампаніі «С‑Эйр», які накіроўваўся чартэрным рэйсам з маскоўскага аэрапорта Унукава‑3, знік з экранаў радараў у 21.30. Абломкі і пяць цел загінулых — грамадзян Расіі — былі знойдзеныя пазней паміж вёскамі Драчкава і Пяцігодка Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.
На гэты момант знойдзены адзін з двух бартавых самапісцаў («чорных скрыняў»).
Мінтранс РФ абнародаваў звесткі аб экіпажы і пасажырах самалёта.
Камандзір паветранага судна — Самойлаў Аляксандр, 1958 года нараджэння. Скончыў Сасаўскае лётнае вучылішча грамадзянскай авіяцыі ў 1981 годзе. Агульны налёт — 11.900 гадзін; з іх ноччу — 1.450 гадзін. У лістападзе 2007 года перавучаны на ВАе‑125 у Чэстэрфілдзе (Вялікабрытанія); налёт на ВАе‑125 — 725 гадзін. У маі 2009 года праходзіў падрыхтоўку па курсу павышэння кваліфікацыі ў Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).
Памочнік камандзіра паветранага судна — Снімшчыкаў Сяргей, 1962 года нараджэння. Скончыў Армавірскае вышэйшае ваеннае Чырвонасцяжнае вучылішча лётчыкаў у 1983 годзе. У снежні 2006 года ў Санкт‑Пецярбургскім універсітэце грамадзянскай авіяцыі скончыў курсы перападрыхтоўкі на пілота самалёта Ту‑154. Налёт агульны на самалётах грамадзянскай авіяцыі — 825 гадзін. У лютым 2007 года перавучаны на ВАе‑125 у Дубаі. Налёт на ВАе‑125 — 825 гадзін. Там жа ў красавіку 2009 года праходзіў крайнюю падрыхтоўку па курсу павышэння кваліфікацыі.
Бортправадніца — Латуціна Алеся.
Пасажыры — Рамашкін Марат, Малышаў Павел.
Звесткі аб паветраным судне: ВАе 125‑800В. Год выпуску — 1987‑ы. Серыйны нумар — 258076. Бартавы нумар — RA 02807. Крайняе перыядычнае абслугоўванне праводзілася ў сертыфікаваным сэрвісным цэнтры TAG Farnborough Engineering Ltd. (UK) 14 мая 2009 года. Крайняе аператыўнае абслугоўванне праводзілася 26 кастрычніка 2009 года. Пасля апошняга рэйса (ад 24 кастрычніка 2009 года) па маршруце Масква — Ерэван — Масква заўваг экіпажу па тэхнічным стане не было. Няспраўнасцей не зафіксавана. Самалёт эксплуатаваўся ў авіякампаніі «С‑Эйр» з 20 ліпеня 2008 года.
ЗАТ «Авіякампанія «С‑Эйр» юрыдычна базуецца ў Калужскай вобласці, у горадзе Бароўск‑2, аэрапортам базавання з’яўляецца Унукава. Яна прапануе паслугі па арганізацыі і выкананні чартэрных рэйсаў бізнес‑самалётамі для індывідуальнага транспартнага абслугоўвання кіраўніцтва карпарацый, дзяржустаноў і прыватных кампаній. «С‑Эйр» выконвае больш за тысячу рэйсаў за год.
Парк авіякампаніі складаецца з трох самалётаў Як‑42Д, аднаго Як‑40, трох Ту‑134 і чатырох BAе‑125‑800 (British Aerospace), іншая назва — Hawker. Самалёт прызначаны для выкарыстання на авіялініях сярэдняй працягласці. Самалёты гэтага тыпу выпускаюцца з 1962 года, усяго іх было выраблена 763 штукі.
Гэта адзіны ў Расіі хуткасны рэактыўны самалёт бізнес‑класа з далёкасцю палёту каля 5 тысяч кіламетраў. Ён можа выкарыстоўвацца на аэрадроме з кароткай узлётна‑пасадачнай паласой. Узровень бяспекі палётаў адпавядае самым высокім сусветным стандартам.
Самалёт BAе‑125 разлічаны на перавозку васьмі пасажыраў. Даўжыня фюзеляжа — 14,33 метра, размах крылаў — 14,33 метра, максімальная ўзлётная маса складае 12,5 тоны. Максімальная хуткасць палёту 805 кіламетраў за гадзіну, практычная далёкасць 2,5 тысячы кіламетраў. Экіпаж складаецца з двух чалавек.