Адукацыя будзе толькі на дзяржаўных мовах
Беларускі ўрад укалоў нацыянальныя меншасці. Першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук заявіў, што «агульнае выкладанне ўсіх прадметаў ў сістэме адукацыі Беларусі будзе весціся толькі на дзяржаўных мовах краіны,а выкладанне асобных прадметаў магчыма на мовах нацыянальных меншасцяў. Беларусь не будзе ствараць спецыяльных школ для нацыянальных меншасцяў. Выкладанне асобных прадметаў магчыма на нацыянальных мовах меншасцяў па рашэнні мясцовых органаў улады, у залежнасці ад сітуацыі ў тым ці іншым рэгіёне краіны». Яго цытуе агенцтва «Інтэрфакс».
Аляксандр Жук таксама зазначыў «што ў некаторых абласцях Беларусі ёсць школы, дзе асобныя прадметы вывучаюцца на польскай, літоўскай і іншых мовах, але галоўнае, на яго думку, «забяспечыць нашым грамадзянам права атрымліваць адукацыю на беларускай і рускай мовах».
Цяпер у Беларусі толькі дзве нацыянальныя меншасці маюць сярэднія школы са сваёй нацыянальнай мовай навучання — палякі і літоўцы.«НН» звярнулася па каментар да дырэктара польскай школы ў Гродне Дануты Сурмач, аднак тая каментаваць заяву першага намесніка міністра адмовілася.
Затое з прэсай падзялілася сваім меркаваннем кіраўніца грамадскай польскай школы пра неафіцыйным СПБ Анжаліка Арэхва. Паводле спн.Арэхва, «мы маем дзве польскія школы. Калі ў іх забароняць карыстацца польскай мовай падчас навучальнага працэсу, гэта будзе парушэннем заканадаўства. Нават калі проста не будуць дазваляць адкрываць новыя школы з недзяржаўнай мовай навучання — гэта таксама будзе парушэннем нашых канстытуцыйных правоў. Мы ў сваёй грамадскай школе цяпер маем 400 вучняў. У гэтым годзе у Гродне набралі тры класы першакласнікаў, у Ваўкавыску — два. Гэта першы раз такое. Раней было менш вучняў».
Насамрэч, захады ўладаў па абмежаванні колькасці школ нацыянальных меншасцяў, уваходзяць у супярэчнасць з Асноўным законам краіны. Паводле беларускай Канстытуцыі, «кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання» (артыкул 30).
Такая сітуацыя можа спыніць развіццё іх культуры. Магчымасць вучыцца на сваёй мове — важнейшы элемент захавання нацыянальнай культуры ў асяродку, дзе пануе іншая культура.
На сёння асноўныя меншасці ў Беларусі — гэта расейцы, палякі на Гродзеншчыне, украінцы на Берасцейшчыне, яўрэі.
Забарона на адукацыю на роднай мове закране перш за ўсё беларускіх палякаў. Яны жывуць галоўным чынам у раёнах, якія прылягаюць да мяжы з Польшчай і Літвой. Праўда, на мінулым перапісе большая частка палякаў Беларусі назвала роднай мовай, а таксама мовай, ужыванай дома, беларускую.