Са святам, Кардынале!

Источник материала:  

Сёння Кардынал Казiмiр Свёнтэк адзначае 95-годдзе

Кардынал Казiмiр Свёнтэк для мяне ёсць сiмвал таго, як высокадухоўны, рэлiгiйны чалавек аддана служыць Госпаду i свайму народу. У цяжкiя часы, калi рэлiгiя не была ў пашане, Кардынал захаваў веру ў Бога i ў людзей.

Рэдка хто мае такi пакручасты лёс, поўны цяжкiх выпрабаванняў, нiбы ў бiблейскага Ёва. Нарадзiўся Казiмiр Свёнтэк да рэвалюцыi, у далёкiм 1914 годзе. Калi Казiмiру было 3 гады, бацькоў выслалi ў Сiбiр. У 1939 годзе Свёнтэк скончыў Вышэйшую духоўную семiнарыю ў Пiнску. 8 красавiка таго неспакойнага года атрымаў святарскае пасвячэнне і быў накiраваны ў Пружанскi прыход. Новая ўлада пераследавала святароў — Свёнтэка арыштавалi (са звычайнай у тыя страшэнныя часы фармулёўкай "за шпiянаж") i прысудзiлi да смерцi. Два месяцы ў Брэсцкай турме будучы Кардынал знаходзiўся ў камеры смяротнiкаў. Воляю лёса ўратавала яго вайна — у 1941 годзе Брэст занялi немцы i выпусцiлi вязняў. У 1944 савецкая ўлада зноўку арыштавала святара i дала 10 гадоў катаргi ў Сiбiры. Адседзеў ад званка да званка.

Са святам, Кардынале!У 1954 годзе, вярнуўшыся ў Пiнск, ксёндз Казiмiр спраўдзiў даўнюю мару — адправiў Святую Iмшу ў касцёле. Ягонымi намаганнямi i малiтвамi была адноўленая Пiнская катэдра — адзiн з першых адноўленых храмаў у Беларусi. У канцы 1980-х прыйшла доўгачаканая свабода веравызнання.

Пастырская дзейнасць, нязломнасць i адданасць веры не мiнулiся незаўважанымi. У 1991 годзе Папа Ян Павел II прызначыў Казiмiра Свёнтэка першым Мiтрапалiтам нанова створанай Мiнска-Магiлёўскай Мiтраполii i апос- тальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай епархii.

На той момант Казiмiру Свёнтэку было 77 гадоў, але ён актыўна ўзяўся за справу — наведвае парафii, стварае касцёльныя структуры, абараняе вернiкаў, выступае на канферэнцыях. Спаўна зазначыўшы пераслед веры, ксёндз Казiмiр дачакаўся аднаўлення веры ў Беларусi.

У 1994 годзе Папа Ян Павел II надаў Свёнтэку сан кардынала — найвышэйшы ў Царкве. Казiмiр Свёнтэк стаў першым у Беларусi кардыналам пасля 1798 года!

Тры гады таму Папа Бенедыкт XVI прыняў прашэнне пра вызваленне Свёнтэка ад пастырскага кiравання Мiнска-Магiлёўскай архiеперхiяй — усё-такi на той час Кардыналу было ўжо 92 гады. Сёння Казiмiр Свёнтэк працягвае пастырскую дзейнасць у Пiнску, з'яўляецца Апостальскiм Адмiнiстратарам Пiнскай епархii.

Павiншаваць з днём нараджэння Кардынала Казiмiра Свёнтэка мы папрасiлi ягонага наступнiка, шаноўнага Арцыбiскупа Мiтрапалiта Мiнска-Магiлёўскага Тадэвуша Кандрусевiча.

— Найстарэйшы iерарх каталiцкага касцёла Беларусi Кардынал Казiмiр Свёнтэк адзначае ў гэтыя днi сваё 95-годдзе. Гэта чалавек, якi прайшоў агонь, ваду i медныя трубы, як гаворыцца. Напэўна, у гiсторыi гэтага чалавека сабраная гiсторыя многiх-многiх людзей. Але ён заўсёды захоўваў веру, вернасць свайму святарскаму паклiканню. Быў прызначаны бiскупам, арцыбiскупам, потым кардыналам. Быў першым Мiнска-Магiлёўскiм Мiтрапалiтам пасля аднаўлення структураў каталiцкага касцёла ў Беларусi. Ад усяго сэрца хацеў бы павiншаваць Яго Эмiнэнцыю! Пажадаць яму добрага духоўнага і фізічнага здароўя. Пажадаць яму, каб i далей заўсёды ён жыў той надзеяй, якой кiраваўся ў сваiм жыццi. Бо сапраўды шмат разоў ён жыў надзеяй i супраць надзеi, як гаворыць Святое Пiсанне. Хацеў бы пажадаць, каб многа-многа гадоў Кардынал заўсёды заставаўся маладым душой. I той гумар, якi заўсёды адзначаў Кардынала, ён захаваў i надалей. I каб далей служыў Касцёлу, служыў людзям — як i цяпер, нiбыта малады духам святар. Каталiцкi Касцёл у Беларусi молiцца за яго. I асаблiва я жадаю яму далейшых поспехаў. Каб далей мог несцi тую мiсiю, якая божы провід прызначана гэтаму iерарху. I як мы гаворым на лацiнскай мове, Аd multos annos — гэта значыць "многiя гады".

— Ойча Мiтрапалiце, якi галоўны ўнёсак Кардынала Свёнтэка як галавы каталiцкага касцёла Беларусi?

— На ягоную долю прыйшоўся цяжкi час — трэба было адраджаць касцёл. Была вернутая катэдра — сiмвал, галоўная святыня каталiцкага касцёла ў Беларусi. Ён гэта здолеў. Таксама трэба было думаць аб падрыхтоўцы новых святароў — ён заснаваў семiнарыю ў Пiнску. Заснаваў выдавецтва "Про-Хрысто" ў Мiнску, клапоцячыся, каб як мага больш лiтаратуры рэлiгiйнай выдавалася ў нас. Таксама распачаў вельмi вялiкую працу па перакладзе i падрыхтоўцы лiтургiчнай лiтаратуры. Пры iм быў  выдадзены iмшал на беларускай мове. Кардынал вельмi добра прадстаўляў Беларусь за мяжой. Неаднойчы мне з iм давялося бываць на розных канферэнцыях, спатканнях з папам, на злётах бiскупаў. Кардынал Свёнтэк — гэта сiмвал. I яго вельмi-вельмi ўсе шануюць за тое, што ён захаваў вернасць свайму паклiканню, вернасць касцёлу ў цяжкiя часы. Кардынал i цяпер актыўна ўдзельнiчае ў жыццi касцёла, часта прыязджае ў Мiнск, колькi тыдняў таму быў на асвячэннi касцёла ў Вiцебску.

Дарэчы, учора, 20 кастрычнiка, у мiтрапалiта Тадэвуша Кандрусевiча таксама было свята — ён адзначаў 20-годдзе бiскупскага пасвячэння. Бiскупскую сакру, якую ён прыняў 20 кастрычнiка 1989 года ў базiлiцы Святога Пятра ў Рыме, удзяліў Папа Ян Павел II. Нашыя вiншаваннi!

А сёння "Звязда" шчыра вiншуе Кардынала Казiмiра Свёнтэка з 95-годдзем. Зычым нiколi не ведаць стомы, заўжды мець бадзёры дух i светлую свядомасць i далей вучыць маладых сваiм прыкладам. Са святам, Кардынале!

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

←Дороги сделают твердыми. Но не скоро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика